Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прадаюць 17 крамаў


Магілёўскія гандлёвыя аб’яднаньні “АРМА” і “Восход” прадаюць сямнаццаць сваіх крамаў.

Гандляры тлумачаць продаж іхнай стратнасьцю.

“Мы пазбаўляемся перадусім невялікіх крамаў, у якіх пэрспэктываў стаць прыбытковымі няма”, — кажа прадстаўнік адміністрацыі аб'яднаньня “Восход”:

“Па “АРМе” прадаецца недзе сем крамаў, па “Восходу” — дзесяць. Стратныя крамы, нефарматныя. Мы пераводзім усе крамы на стопрацэнтнае самаабслугоўваньне. Навошта туды столькі грошай укладаць, каб множыць страты? Камэрсанты іх купяць і зробяць нешта, што будзе прыбыткова”.

Арэндная плата за гандлёвыя плошчы цяпер у горадзе завялікая, наракае суразмоўца:

“Цяпер арэндная плата ў два з паловай разы ўзьнялася. Гэта нонсэнс. Ува ўсім сьвеце, калі ідзе рэцэсія, ідзе крызіс, зьніжаюць арэндную плату, зьніжаюць банкаўскія крэдыты, каб выжыць было як. А ў нас жа ўсё наадварот”.

Паводле суразмоўцы, продаж крамаў узгоднены з гарвыканкамам. Большую частку крамаў гатовае набыць дзяржаўнае аб’яднаньне “Белсаюзспажыў”.

Бальшыня акцыяў гандлёвых аб’яднаньняў “АРМА” і “Восход” належыць дзяржаве.

“Гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, яны заўжды былі больш інэртнымі. Ім цяжка разьвярнуцца, падладзіцца пад патрабаваньні рынку. Ім цяжэй скласьці канкурэнцыю прыватнікам. А народ цяпер глядзіць, дзе таньней, дзе лепей. Спажывецкая здольнасьць упала. Магчыма, яны банкрутуюць з-за сваёй інэртнасьці”, — мяркуе старшыня аб’яднаньня прадпрымальнікаў Магілёўшчыны Тацяна Казлоўская.

Сёньня з крамы “Крысьціна” — адной з выстаўленых на продаж аб’яднаньнем “АРМА” — гандляры ўжо выносілі абсталяваньне. Хто набыў яе, невядома. Яна месьцілася на цэнтральнай вуліцы абласнога цэнтру — Першамайскай. У ёй гараджане набывалі харчы каля двух дзясяткаў гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG