Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмены ў падатках “джаляць” пчол і пчаляроў


Гэтымі выхаднымі адбыўся зьезд грамадзкага аб’яднаньня “Беларускія пчаляры”, што ўваходзіць у Саюз беларускіх пчаляроў. Апошні аб’ядноўвае да тысячы сяброў. Пратэст дэлегатаў выклікалі апошнія зьмены ў падатковым заканадаўстве, паводле якіх абкладаюцца даходы ад продажу мёду, калі яны складаюць больш за 17 мільёнаў рублёў.


Па пчалярах б’е не памер падатку – 12,5 % , але прававое бяспраўе, што наступае ўсьлед за ім. Кажа старшыня пчалярскай суполкі ў Талачынскім раёне, сябра апазыцыйнай ПКБ Мікалай Петрушэнка:

Мікалай Петрушэнка
“Толькі днямі стала вядома, што Лукашэнка і дэпутаты “палаткі” абклалі пчаляроў падаткамі. 90% пчаляроў, якія з’ехаліся, не толькі не ведалі пра гэты закон, але не маглі паверыць, што ўлада дапусьціла такое. Ленін у 1919 аб’явіў, што “пасекі вызваляюцца ад падаткаў назаўсёды”. На пчаляроў не рабілі замаху Сталін і Пілсудзкі. Прынятыя зьмены выяўляюцца ў тым, што з 1 сакавіка, як толькі вылеціць пчолка, пчаляр мусіць прадставіць дэклярацыю аб даходах. Гэта б’е па тых пчалярах, хто мае 70 год, па 25-30 вульлёў. Сам па сабе падатак не жахлівы, бо ад яго сыдуць “у цень”. Жахліва тое, што пчаляра прымушаюць зварочваць пасекі да 10-15 вульлёў, каб не перавысіць даходы больш за 17 млн. Суседзі, якія точаць на пчаляра зуб, пачнуць пісаць паперы. І самі пчаляры, бо бачаць адно ў адным канкурэнтаў. Гэта 37 год!”

Старшыня Саюзу беларускіх пчаляроў Міхаіл Халадзінскі напісаў праграмны артыкул у газэце “Чалавек і пчала” пад назвай “Наступ на пчаляроў-аматараў”. Вось што ён сказаў у інтэрвію “Свабодзе”:

“Адносіны паміж пчалой і чалавекам замененыя адносінамі паміж людзьмі. Пчаляры пастаўленыя ва ўмовы, калі могуць разводзіць пчолаў толькі са згоды суседзяў. А суседзі розныя бываюць – адны любяць прыроду, другія прыяжджаюць шашлык прыгатаваць. Акурат тыя, хто жыве на зямлі, пастаўленыя ў горшыя ўмовы. Гэта прывядзе да рэзкага зьмяншэньня колькасьці пчаліных сем’яў, што адаб’ецца на ўраджаі ў садах і на палетках. Пчолы апыляюць. Актыўнае апыленьне рапсу павышае яго ўраджайнасьць на 30%. Гэта важкія даходы. Пратэстуем – рыхтуецца ліст з подпісамі ў Савет Міністраў”.

Сёньня ў краіне на адзін квадратны кілямэтар прыходзіцца паўтары пчаліныя сям’і. У Польшчы – тры, у Вугоршчыне – сем. На зьезьдзе прысутнічала госьця з Баўгарыі Сьвятлана Багданава, супрацоўніца кампаніі “Прымавет-Сафія”, што вырабляе прадукты для дыягностыкі, лячэньня ды стымуляваньня пчаліных сем’яў. У яе спыталі, ці ёсьць падобныя падаткі ў яе краіне. Сьвятлана адкзвае:

“Пры рэгістрацыі кожны, хто займаецца пчалярствам, павінен плаціць пэнсійныя і мэдычныя адлічэньні”.

Памянёны Мікалай Петрушэнка прачытаў на разьвітаньне радкі з уласнага верша:

“Зараз з пчалярамі гаворка такая:
Наедзе ўлада на падворкі, падлічыць вульлі, колькі пчол.
Ды, божа мой, пра што гаворка – заб’юць у пчалярства цьвік і кол..."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG