Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свастыка на віцебскай сынагозе


Мінулай ноччу на будынку віцебскай сынагогі невядомыя вандалы намалявалі свастыку і пакінулі надпіс “6 мільёнаў — хлусьня”.

Старшыня віцебскай габрэйскай грамады “Дом Ізраілю” Хаім Магаршак пэўны, што малюнак і надпіс гэты зьявіліся на будынку № 4 па вуліцы 1-й Калгаснай невыпадкова. Бо якраз учора адзначаўся Дзень памяці ахвяраў Галакосту — міжнародны Дзень Катастрофы і гераізму эўрапейскага габрэйства, абвешчаны ў памяць 6 мільёнаў габрэяў, зьнішчаных нацыстамі ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны.

Хаім Магаршак
Менавіта спадар Магаршак патэлефанаваў у міліцыю, заўважыўшы на сьцяне сынагогі свастыку і надпіс “6 мільёнаў — хлусьня”:

“Гэтымі днямі была гадавіна Галакосту. А ўвогуле гэта ўжо другі выпадак такі: гадоў пяць таму былі намалявалі свастыку на ўсю сьцяну. Я таксама зьвяртаўся і ў міліцыю, і ў КДБ. Прыслалі ў адказ ліст, што няма магчымасьці знайсьці, хто гэта зрабіў. Ну хто гэта зрабіў? Пэўна, дзеці. Узялі балёнчыкі з фарбай, гэта ж усё хутка робіцца… Але нехта іх накіраваў. На пустым месцы гэтага здарыцца не магло. Нехта імі кіруе!”

Зьяўленьне надпісу і свастыкі абурыла і віцебскіх мінакоў, і чальцоў габрэйскай грамады.

“Яны забыліся, што такое фашызм, як людзей расстрэльвалі, забівалі. Як такое можна было напісаць?! Хуліганы!” — абураецца адна з наведніц габрэйскага дому.

У габрэйскай грамадзе кажуць, што свастыку і надпіс на будынку трэба сёньня ж змыць або замаляваць. Аднак падобныя малюнкі і надпісы нацыстоўскага зьместу можна часта сустрэць і ў іншых месцах гораду, нават у падземным пераходзе каля плошчы Перамогі. Камунальныя службы не зьвяртаюць на гэта ўвагі, і пошукамі аўтараў, падобна, ніхто ўсур’ёз не займаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG