Рэдакцыя папрасіла баранавіцкага карэспандэнта ўдакладніць прычыны цяперашняй дарагоўлі на тамтэйшых рынках.
На ўсіх рынках у Баранавічах сёньня зьявіліся новыя цэньнікі на сьвежыя агуркі і памідоры. Прывазная гародніна падаражэла роўна напалову. І вось як прадаўцы тлумачаць такія зьмены:
“Перад Вялікаднем вельмі моцна падаражэў закуп. Учора на “Ждановічах” быў закуп агурка па 7150. Даражэе, і даражэе даволі адчувальна. Пасьля сьвятаў будзе рэзкае паніжэньне. Яны за кошт сьвятаў пакрываюць гнільлё”, — кажа прадавачка зь мінірынку ў мікрараёне “Тэкстыльны” Натальля.
“Бярэш дарагі гэты тавар. А пасьля сьвятаў усё рэзка падае ў цане. Усё, што не прадаеш, даводзіцца прадаваць нашмат таньней. Сьвята нам ня выгаднае зусім”.
Меркаваньне прадпрымальніцы Натальлі:
“Каму гэта падабаецца? Вы думаеце, што мне гэта падабаецца? Я купляю гэтаксама, як і вы”.
Баранавіцкія пэнсіянэры ведаюць пра падаражэньне, але ж, як той казаў, есьці трэба штодня.
“Перад сьвятам цэны падымаюцца заўсёды. Падабаецца — не падабаецца: трэба — купім ды пайшлі”, — адзываецца сталага веку цётка Ніна.
Яе таварышка Галіна заўважае, што цэны кусаюцца ня толькі ў сьвяты:
“Э-э-э. Яны кожны дзень павышаюць тыя цэны. 30 адсоткаў, а то й 40 нацэнкі на кожным тавары. А пэнсію паўгоду ніхто не дабаўляе”.
Свайго піку цэны дасягнуць на самым пярэдадні Вялікадня. Усе апытаныя прадаўцы складаюць зь сябе за гэта адказнасьць, а шмат хто яшчэ і абураецца на тых, хто сапраўды, як яны кажуць, вінаваты ў гэтым:
“А хто вінаваты? Гэта аптовая база ў Менску — “Ждановічы”. Там Лукашэнка прысутнічае”, — падагульніла прадавачка Насьця з баранавіцкага рынку “Пятачок”.
* * *
Цэны 17 красавіка ў Менску на "Камароўцы" (тысяч рублёў за 1 кг)
Памідоры – 8,5
Агуркі – 8,0
Зеляніна (за пучок) – 1,5 —3,5
Капуста (пэкінка) – 5,0
Бульба сьвежая – 10,0
Морква – 2,2
Ківі (пакунак) – 7,5
Апэльсіны –5,5
Бананы – 4,3
Яблыкі – 2,5