Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Д.Бічэль, С.Панізьнік, А.Сідарэвіч


Эфір 11 красавіка.

ЛІТПРАЦЭС

СЯРГЕЙ ПАНІЗЬНІК: “Я НЕ БАЯЎСЯ КДБ, КАЛІ ЗАПІСВАЎ ЛАРЫСУ ГЕНІЮШ”

У менскай кнігарні “Акадэмкніга” адбылася прэзэнтацыя аўдыёкнігі “Галасы”, дзе запісаныя творы траіх беларускіх паэтаў – Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча і Рыгора Барадуліна. Запісы вершаў у аўтарскім выкананьні зробленыя ў 1968 годзе паэтам Сяргеем Панізьнікам. Ягоны багаты гукавы архіў праз сорак гадоў стаў даступны шырокай публіцы пры тэхнічнай падтрымцы блогера www.labadzenka.by. Пасьля прэзэнтацыі аўдыёкнігі зь Сяргеем Панізьнікам пагутарыла Валянціна Аксак.


Валянціна Аксак: “Спадар Сяргей, мне б хацелася пачаць гаворку з пытаньня пра ваш запіс у 1968 годзе ў Зэльве Ларысы Геніюш. Там паэтка жыла пасьля вызваленьня са сталінскіх гулагаў. Вы тады былі афіцэрам савецкага войска. А вы не баяліся наведваць апальную паэтку, за якой быў усталяваны пільны нагляд КДБ?”

Сяргей Панізьнік
: “Мы не зважалі на тое, што нейкія там пільныя вочы глядзяць на нас аднекуль, і таму атрымаўся харошы запіс. Голас Ларысы Геніюш гучыць цяпер з далёкага выраю. Мы тады зь Міколам Прашковічам былі ў доме Геніюшаў у гасьцях і адчувалі гэты нагляд, але я не баяўся. Мне самае галоўнае было – убачыць Ларысу Антонаўну. І пашчасьціла, што яна разгарнула свой сшытачак і па маёй просьбе пачала чытаць на мікрафон. Я меў з сабой магнітафон “Рамантык” – гэта такое аграмаднае прыстасаваньне, але добра атрымалася. Мы ўсе былі ў добрым настроі. Быў тады сын Ларысы Антонаўны, і ўнукі прыехалі. Ларыса Геніюш нібы перадала сваю энэргію мне, і я быў усьцешаны ўсе гэтыя доўгія гады, не зважаючы на тое, што перажыць з-за гэтых сустрэч давялося многае”.

Аксак: “А колькі тады вершаў Ларыса Геніюш прачытала? Колькі захавалася і колькі на дыску з таго запісу?”

Панізьнік: “Восем вершаў. Харошая экспрэсія чытаньня, бо гэта і для яе было сьвята, а для мяне – тым больш. І тады, і сёньня”.

Аксак: “Голас Уладзімера Караткевіча з вашага архіву ўжо аднойчы трапіў на дыск. Дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”, выдаючы том успамінаў пра Караткевіча, зрабіла дадаткам да яго дыск. Скажыце, а вашы запісы Ларысы Геніюш дзе-небудзь да гэтага зьяўляліся?”

Панізьнік: “Не, толькі калісьці са сцэны прагучалі чатыры ці восем радкоў. Запісы Караткевіча хоць і выдала “Мастацкая літаратура”, але ж дыск толькі мільгануў, бо ён жа не прадаваўся”.

Аксак: “Дзякуй Богу, трэці аўтар гэтага дыску – Рыгор Барадулін – сярод нас і мы можам чуць ягоны жывы голас. А скажыце, што яшчэ захоўвае ваш багаты архіў?”

Панізьнік: “Гэты дыск прысьвечаны важным датам аўтараў, якія наперадзе. 75 неўзабаве будзе Рыгору Барадуліну, Караткевічу – 80, Ларысе Антонаўне – 100. А што яшчэ? Калі я служыў у Празе, то наведваў там славутага сьпевака Міхала Забэйду-Суміцкага. Аднойчы я папрасіў яго падарыць мне кружэлку сваіх песьняў і пры гэтым нешта сказаць на магнітафон. І ён распавёў сваю біяграфію. Так што і гэта ёсьць. І многа іншых рэдкіх ужо запісаў галасоў вядомых людзей. Гэта паступова апрацоўваецца. Цяжка з бабінаў перапісваць, якія сорак гадоў чакалі свайго часу. Але дапамога Глеба Лабадзенкі гэта ўсё паскарае. Мы будзем зь ім супрацоўнічаць і штосьці яшчэ пакажам публіцы. Пакуль не скажу, што канкрэтна”.

Аксак: “Прэзэнтацыя дыску “Галасы” ўжо адбылася ў сталічнай кнігарні “Акадэмніга”. А скажыце, калі ласка, дзе яшчэ гэты дыск могуць чытачы і слухачы знайсьці?”

Панізьнік: “Можа, нам удасца зрабіць прэзэнтацыю на маёй вялікай, як я заўсёды кажу, радзіме – на Прыдзьвіншчыне. Я там запісваў некалькі кружэлак аўтэнтычнага фальклёру, пачынаючы з голасу маёй мамы. Я маю свой аўдыёрадавод і сьвятое яго акружэньне – галасы нашых будзіцеляў. Будзем іх даносіць да ўсіх, да каго зможам, і цешыцца гэтымі галасамі з выраю. А ўсім, хто захоча мець дыск “Галасы”, раю зьвярнуцца на электронны адрас www.labadzenka.by”.

АЎТАР І ТВОР

ДАНУТА БІЧЭЛЬ: “СЬВЕТ НАБЛІЗІЎСЯ ДА НАС ПРАЗ КАСЬЦЁЛ”

“На белых аблоках сноў”, “Ойча наш”, “Стакроткі ў вяночак Будслаўскай Божай Маці” – гэтыя ды іншыя кнігі паэткі Дануты Бічэль пабачылі сьвет у каталіцкім выдавецтве “Про-Хрысто”. Часта яе імя можна сустрэць і на старонках часопісу “Наша вера”. Пра сваё супрацоўніцтва з каталіцкімі пэрыёдыкамі паэтка расказала ў гутарцы з Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла: “Спадарыня Данута, выдавацца ў “Про-Хрысто” для вас – справа прынцыповая, ці проста так склалася ў жыцьці?”

Данута Бічэль: “Проста так склалася. А дзе ж мне яшчэ выдавацца? Каталіцкае выдавецтва для таго і стваралася, каб мы пісалі духоўную літаратуру, падымалі наш беларускі касьцёл да Боскіх вышыняў. Я ня ведаю, як гэта ў мяне атрымалася. Можа, узрост такі прыйшоў, можа, я ўсё напісала ў сьвецкай паэзіі, усё перажыла. Як казаў Езус, “вінаград дасьпеў” менавіта ў гэты час, калі зьявілася “Наша вера”, калі я стала касьцельнай бабуляй і калі я думаю толькі пра Боскае. І так яно ідзе адно за адным”.

Скобла: “А з чаго пачалася ваша супраца з “Про-Хрысто”?

Бічэль: “Усё пачалося з кніжачкі “На белых аблоках сноў”, якая выйшла ў 2002 годзе. Тады кардынал Казімер Сьвёнтак даў на выданьне арыгінальнай літаратуры ў выдавецтве “Про Хрысто” пэўныя сродкі. Мне патэлефанавала рэдактарка “Нашай веры” Хрысьціна Лялько і прапанавала выдаць мае вершы. Толькі было надта мала часу, каб падрыхтаваць кнігу, – адзін месяц. І я за гэты месяц са сваіх старых вершаў выбрала дзевяць, а ўсе астатнія напісала”.

Скобла: “Дарэчы, чытачы заўважылі, што ў гэтай кнізе вы перапісалі наноў некаторыя свае даўнія вершы. І што яшчэ кідаецца ў вочы – адмовіліся ад знакаў прыпынку. Чаму вы пайшлі шляхам Гіёма Апалінэра і прыбралі са сваіх твораў кропкі ды коскі?”

Бічэль: “Не адзін Апалінэр, многія паэты Эўропы і Амэрыкі пішуць такім чынам. Проста паэзія – гэта не лягічная літаратура, і знакі прыпынку там не шмат чаго дадаюць. Па-першае, я хацела, каб мае чытачы (а чытачоў мала, бо невялікі наклад) думалі над кожным радочкам, над кожным вобразам. Я складала такую маленечкую кніжачку для выбраных і падумала: а чаму мне не папрактыкавацца ў такім пісаньні? Я вельмі люблю Віславу Шымборску, люблю Чэслава Мілаша, яны – дзе ставяць знакі прыпынку, дзе ня ставяць, для іх гэта асаблівага значэньня ня мае. Я люблю паэтаў-лаціносаў, я іх чытаю ўсё жыцьцё. Мне заўсёды хацелася пісаць так, як яны. Але калі я выдала гэтую кніжку, пачалі крыўдзіцца мае сяброўкі, кажучы: а чаму ты косак не паставіла, цяпер трэба думаць, дзе паўзы рабіць... І я падумала, што зарана выскачыла з гэтым у нашай культуры”.

Скобла: “Якраз не зарана, моладзь цяпер акурат так і піша, так што вы ідзяце адной дарогай з маладымі. Адзін з вашых апошніх твораў – гэта паэтычны расповед пра крыжовы шлях Ісуса Хрыста. Каб напісаць такую рэч, ці карысталіся вы нейкай спэцыяльнай літаратурай?”

Бічэль: “Ніякай спэцыяльнай літаратуры ня трэба, дастаткова Бібліі і касьцёлу. У касьцёле практычна на кожнай імшы гаворыцца пра тыя падзеі, якія адбываліся, калі нарадзіўся Езус, калі Ён памёр і зь мёртвых паўстаў. Таму неабавязкова чытаць тэалягічную літаратуру, каб напісаць “Крыжовы шлях”. Трэба проста хадзіць у касьцёл і слухаць добрага ксяндза, такога, як наш Мікола Ціхановіч, кожнае казаньне якога можна друкаваць як эсэ. Яго казаньні завершаныя і лягічныя. Ён тлумачыць тыя падзеі менавіта з гледжаньня нашага жыцьця, пераносіць іх у наша жыцьцё. Бо кожная падзея з Эвангельля ўнівэрсальная на ўсе часы”.

Скобла: “Колькі гадоў таму ў вас выйшаў незвычайны твор пад назвай “Ойча наш” – там кожны радок малітвы разгорнуты ў асобны верш. Гэта нешта новае, прынамсі, я падобнага не сустракаў”.

Бічэль: “Я б не сказала, што гэта новае. Гэта – кантэмпляцыя, мая малітва, мае разважаньні з Богам. Нядаўна выйшла кніга Ірыны Жарнасек іншага трошкі характару – вэрсэты. Яна размаўляе зь Езусам, яна расказвае людзям, як яна моліцца. Малітва – гэта паглыбленьне чалавека ў сваю душу. Гэта такі стан, калі ты глыбока думаеш пра сябе і пра ўвесь сусьвет і выбіраеш суразмоўцу, зь якім табе добра размаўляецца. Па-першае, ты супакойваесься, вяртаесься да нейкай кропкі, ад якой пачынаеш жыцьцё спачатку. Калі ты зайшоў не туды, зрабіў нейкую памылку і ўпаў у адчай, заўсёды можна вярнуцца ў малітву і з малітвай гэтай сабраць сябе, як кажуць, “па костачках”.

Скобла: “Сустрэцца з варштатам Скарыны вашым кнігам дапамагае ксёндз Ігар Лашук, які мае парафію ў Менску. Ксёндз-мэцэнат літаратуры – зьява не такая ўжо і частая. Хутчэй прыгадваюцца заходнебеларускія ксяндзы-паэты: Янка Быліна, Андрэй Зязюля, Казімер Сваяк, Вінцук Адважны… Як вы лічыце, ці адродзіцца клерыкальная плынь у нашай паэзіі?”

Бічэль: “А яна ўжо адраджаецца. Калі вы чытаеце “Нашу веру”, то бачыце, што цяпер там сьвецкім аўтарам, такім, як я, старонкі адводзяцца недзе ў канцы, а ўсё болей і болей займаюць месца ксяндзы. Проста яны больш глыбокія, больш сур’ёзныя, яны пачынаюць з гісторыі, з вяртаньня да старажытнага, да пачаткаў, да карэньня. Ёсьць сярод ксяндзоў і паэты. У Беларусі іх мала, але яны ўжо ёсьць. Яны пішуць, скажам, песьні. Мы жывем у харошы час, сьвет наблізіўся да нас праз касьцёл. Я вельмі зайздрошчу моладзі. Маладыя так шмат езьдзяць па сьвеце, і гэта вельмі прыгожыя падарожжы, бо яны езьдзяць сваімі супольнасьцямі, сваімі сем’ямі. Нават у Аўстралію езьдзілі зь Беларусі на сустрэчу з папам. Нам, беларускім каталіцкім дзеячам, трэба ствараць духоўную літаратуру, перакладаць патрэбныя тэксты на беларускую мову. Што ж мы будзем чакаць, каб нехта прывёз нам усё гатовае з Польшчы ці адкуль? Мы можам цяпер рабіць усё самі, беручы з прыклад з нашых заходніх суседзяў”.

ДАНУТА БІЧЭЛЬ. КРЫЖОВЫ ШЛЯХ ЗБАЎЦЫ НАШАГА ЕЗУСА ХРЫСТА

Фрагмэнты

Езусу, добраму Цесьлю,
крыж з кіпарысу прынесьлі,
не абчэсаны, не габляваны...
Будзе потам Яго паліваны
і Ягонай Крывёй маляваны.

Кленчыць перад крыжам на калені,
перад таямніцай адкупленьня,
перад шляхам з болю і з маленьня,
са зьняважаньня і... з вызваленьня.

Як прыліў, накацілася ціша
хваляй чыстай цішы ад крыжа.
Але дзіка ўзрываецца тлум –
на зьнявагі ў іх шмат задум.

Не глядзелі б на іх Яго вочы!
Сэрцам новую праўду прарочыць.
Абяцае любоў за здраду.
Топча тлум Яго новую праўду.

Не прымае тлум Божых спраў,
бо закон зьвярыны прыняў...
Езус Хрыстус узьнятай рукою
падае дабрадзейства спакою.

*

Выйшла насустрач Маці Марыя,
Сына чакае – самотная збоку,
сьціснута брылай сардэчнага болю...
Маці трымае толькі малітва.

Збоку ад тлуму сустрэў Яе вочы,
нібы ў крыніцу гаючую ўскочыў.
Нібы нанова змог нарадзіцца,
вочы абмыўшы ў гаючай крыніцы.

Каб апраўдацца, ледзь вымавіць здолеў:
– Вольны я – выбраў Айца Майго волю,
на скрыжаваньнях Старых Запаветаў
узмоцніць Сакраманты Новага Сьвету.

Хлопчык, адзіны Сынок Яе мілы, –
Маці ня можа абмыць зь Яго пылу...
Крыж Яго цяжкі ўсю Яе зраніў.
Дабраславіла на Зьмёртвыхпаўстаньне.

*

Божа наш, Ты прыходзіш у апраўданьне прарокаў!
Слугаў убогіх грэе рана прабітага боку!
У садзе Зьмёртвыхпаўстаньня заўсёды сьветла сьвітае.
Магіла Твая пустая быльнікам не зарастае...

Аднаві, добры Божа, нас у сьвятыя ранкі!
Не вырывай з карэньнем з Твайго жыцьця, як паганкі...
Прышчапі чаранком вінаграду зь нябеснага саду.
Не прысылай страшных сноў, пашлі, Божа, спагаду.

Не кармі нас горам, не паі гаркаты сьлязамі.
Ціхай надзеяй сьвятлей над убогімі намі!
Не разбурай вакол нас свайго збаўленчага плоту.
Загортвай моцна ў малітву, як у пяшчоту.

Асьвяці нашы вочы – распадзецца няволі турма.
Калі Ты будзеш тут, будзем ведаць, што іх тут няма.
Да Цябе прытуляцца, як да мурожнага стога.
Справядлівасьць, спакой і радасьць – ад Духа Сьвятога...

*

Укрыжаваны Сын Божы
дзеля нас на крыж узышоў,
каб мы не блукалі ў зямным падарожжы,
прыслаў нам сьвятых сьвятароў.

Праклаў нам сьцяжынкі да шчасьця,
стварыў шчасьлівымі нас,
каб мы пасьпелі малітвы скласьці,
пакуль ня спыніцца час...

*

У посьце Вялікім найбліжай
спатканьня нябеснага міг.
Прабітыя рукі з драўлянага крыжа
прытуляць усіх, як малых...

Езус з дамоўкі свае
у Вялікі Дзень паўстае.
Божая дамоўка пустая...

А на скрыжалях вятроў
усіх вяртае ў любоў...
Душы дадому вяртае.

КРЫТЫКА

АЛЬБОМНАЯ ПРОЗА ПРА ДАВЫД-ГАРАДОК

Леанід Дранько-Майсюк. Горад Боны і Давыда: Альбомная проза. Дзеяслоў. 2009. №1(38).

Пачну мо здалёк. Летась у адным з нумароў “Звязды” на першай паласе зьявіўся здымак Анатоля Клешчука, а на тым здымку – група хлопчыкаў каля старога чаўна. І ўсе яны, як помніцца, сьветлагаловыя, і ўсе – ад самага меншага да самага большага – Давыды, і ўсе з Давыд-Гарадка. А потым адзін гісторык сказаў: Леанід Дранько-Майсюк сядзіць у архіве, чытае давыд-гарадоцкія царкоўныя кнігі – значыць, нешта напіша. І праўда, неўзабаве ў “Звязьдзе” я прачытаў два тэксты пра Давыд-Гарадок і здагадаўся, што гэта – фрагмэнты большага твору Леаніда Дранько-Майсюка. І вось нядаўна гэты твор зьявіўся ў першай кніжцы часопісу “Дзеяслоў” за 2009 год.

Пісьменьнік іранізуе: свайму твору аб родным гарадку ён даў падзагаловак “Альбомная проза”. Адразу ў памяці ўсплывае тэрмін “альбомная паэзія”. Гэтым тэрмінам, наколькі памятаю, абазначалі вершы, запісаныя ў альбомах сваякоў, сяброў, каханых, творы не заўсёды ўдалыя і часьцей за ўсё сэнтымэнтальныя. У наш час дзяўчаты такіх альбомаў не заводзяць, а іхнія сваякі, сяброўкі і ўхажоры вершыкаў не складаюць і ў альбомы не запісваюць. Наколькі я здагадаўся, пісьменьнік Леанід Дранько-Майсюк, даючы свайму твору падзагаловак “альбомная проза”, намякае чытачам: гэта сэнтымэнтальная проза, народжаная сантымэнтам да родных мясьцінаў, таму прабачце, калі яе ўзровень не дацягвае да “сапраўднае прозы” – з фабуламі, сюжэтамі, героямі і антыгероямі.

Адразу скажу, што эсэ, нарыс ці, калі хочаце, паэму Леаніда Дранько-Майсюка пра Давыд-Гарадок я, можна сказаць, праглынуў. Гэта добрая проза, і таго сэнтымэнталізму, які ў нас асацыюецца са сьлязлівасьцю, у новым творы пісьменьніка няма. Ёсьць – любоў, цёплыя пачуцьці да родных мясьцін і землякоў.

Мне ж, таксама палешуку, які ніколі ў тым Давыд-Гарадку ня быў, але нямала пра яго чуў, было цікава: а што за людзі там жывуць, а якія ў іх завядзёнкі? Са зьдзіўленьнем даведаўся, што гарадчукі, у мове якіх назіраецца гіпэроканьне (адно “коб” чаго вартае!), яшчэ і дзэкаюць і цэкаюць: “дзэ ходзыш?”, “холера на цабэ!” Ну рыхтык як у Малкавічах, Люсіне і Макаве, што ў Ганцавіцкім раёне: “Цотачко, скажыцэ мне, а дзэ дзадзко Мікалай? Вось дзе сапраўды стараславянскія “д” і “т” пераходзяць у беларускія “дз” і “ц”. Ад нашых палешукоў гарадчукі адрозьніваюцца тым, што ў іх свая дэманалёгія. У нас, як і на Случчыне, ёсьць Кадук, Карачун і Мара, а ў Давыд-Гарадку – ня чутыя мною Ціх, Дох і Рэзьля. Замест “каб яе карачун узяў” кажуць “коб Дох яе ўзяў”. Калі ў іншых беларускіх мясьцінах на Шчадрэц водзяць Казу, дык у Гарадку гэтае сьвята называецца Конікі. І яго зь дзіцячым захапленьнем апісвае Леанід-Дарнько-Майсюк. У нас, на поўначы Піншчыны, ня рэкі, а рэчкі, таму й робяць у нас пласкадонкі. У гарадчукоў жа – Гарынь, Прыпяць. Зь цікавасьцю чытаў, як яны робяць свае чаўны, або дубы, і са зьдзіўленьнем даведаўся, што беларускае прозьвішча Дубовік найбольш імаверна азначае майстра, які вырабляе чаўны-дубы.

У Давыд-Гарадка багатая гарадзкая гісторыя, гісторыя археалягічная і летапісная, удакумэнтаваная. Пра Давыд-Гарадок пісалі пісары Жыгімонта Старога і каралевы Боны. І самі фрагмэнты каралеўскіх актаў, працытаваныя Леанідам Дранько-Майсюком, чытаюцца як добрая старабеларуская проза. З Давыд-Гарадком і гарадчукамі правіліся Пінск і пінчукі. І усё ж Пінск стаў вялікім горадам, а не Давыд-Гарадок. “Заштатнасьць, – піша Леанід Дранько-Майсюк, – біч гораду”. Усяго нейкі год Давыд-Гарадок пабыў павятовым цэнтрам, дваццаць год, уключна з вайною, – раённым, і вось ужо амаль пяцьдзесят гадоў ён горад раённага падпарадкаваньня. Са смуткам чытаюцца лічбы аб нараджальнасьці і сьмяротнасьці.

Не, ня толькі заштатнасьць – біч нашых малых гарадоў і мястэчак. Усё-ткі Давыд-Гарадок ня меў сапраўднага самакіраваньня. Трапіўшы ў абшары Радзівілаў, ён стаў прыватнаўладальніцкім, а не каралеўскім горадам. А потым прыйшоў расейскі цэнтралізм, яму на зьмену – цэнтралізм бальшавіцкі. І бальшавіцкая гігантаманія, якая высмоктвала і высмоктвае зь вёсак, мястэчак і гарадкоў матэрыяльныя і людзкія рэсурсы. І нават тое, што самабытныя давыд-гарадоцкія Конікі сталі цяпер нейкай дзікай мешанінай свайго, расейскага і нават амэрыканскага, таксама тлумачыцца адсутнасьцю самакіраваньня. Там, дзе гэтае самакіраваньне мае даўнюю гісторыю, дзе кіруюць свае выбарныя людзі, амаль някранутымі засталіся і мясцовыя культурныя традыцыі.

Чытаючы “альбомную прозу” Леаніда Дранько-Майсюка пра Давыд-Гарадок, я вышукваў інфармацыю з царкоўных мэтрычных кніг. Так, у новым творы пісьменьніка ёсьць гісторыя гарадоцкіх цэркваў, пішацца пра адносіны традыцыйна праваслаўных гарадчукоў з уніятамі, што жылі ў навакольных вёсках, але чаго я не сустрэў у гэтым творы, дык гэта радаводаў. І думаецца мне, што менавіта радаводную кнігу цяпер і піша Леанід Дранько-Майсюк.

Анатоль СІДАРЭВІЧ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG