Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэмуары цікавяць больш за мастацкія творы


“На высьпе ўспамінаў” Валянціна Тараса, “Крыніцы і каламуць” Алеся Петрашкевіча, “Ген жыцьця” Васіля Шаранговіча, “Недосказанное. Імена” Барыса Клейна — вось далёка не поўны сьпіс мэмуарных твораў, якія пабачылі сьвет у беларускіх выдавецтвах апошнім часам. Чым выклікана цікавасьць менавіта да мэмуарнай літаратуры?

“Крыніцы і каламуць” — гэта ілюстраваныя мэмуары драматурга, празаіка, публіцыста і навукоўца, кандыдата гістарычных навук, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алеся Петрашкевіча. Аўтар вызначае свой твор як аповед-успамін. Больш чым на 400-старонках прадстаўлены ягоны жыцьцяпіс.

Арсен Ліс
Галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі Арсен Ліс адным з першых прачытаў гэту кнігу. Ён кажа, што ўспаміны вызначаюцца крытычнасьцю, добразычлівасьцю, іроніяй, а падчас і сарказмам аўтара як да самога сябе, так і да тых, зь кім яму давялося мець дачыненьні:

“У яго рэалістычны погляд на пражытае. І крытычны, бо ў нашым жыцьці было шмат такога, чаго не ўспрымае сэрца мэмуарыста, натуральна. Тым больш, што гэта роздум яго на схіле гадоў.

У яго свая, неардынарная памяць вайны. Ён бачыў і паказаў, як гэта ўсё выглядала на яго малой радзіме, на Талачыншчыне. І пасьляваенны час у вёсцы паказаны, мне здаецца, таксама вельмі праўдзіва. І па сваёй службовай лесьвіцы (а ён працаваў і ў камсамоле, і ў ЦК КПБ) ён крытычна глянуў на многія рэчы, якія існавалі ў сыстэме ў той час“.

Народны мастак Беларусі, былы рэктар тагачаснага інстытуту Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту прафэсар Васіль Шаранговіч да свайго 70-годьдзя падрыхтаваў ня толькі пэрсанальную выставу. З друкарскага варштату да юбілею выйшла аўтабіяграфічная аповесьць “Ген жыцьця”. 363 старонкі выкрываюць яшчэ адзін талент юбіляра — літаратурны. Вось як Васіль Шаранговіч тлумачыць з’яўленьне сваёй мэмуарнай кнігі:

Васіль Шаранговіч
“Мне Янка Сіпакоў, калі я расказваў эпізоды са свайго жыцьця, даўно гаварыў: “Чаму Вы, Васіль Пятровіч, гэтага не пішыце?”А я адказваў: “Не запала, каб яшчэ і пісаў. І так я замнога чаго раблю”. Але такая ідэя — успомніць і дзядоў, і бацькоў, вітала даўнавата. Ды і эпізоды з майго жыцьця нестандартныя былі. І жыцьцё само нестандартнае атрымалася.

І як гэта кажуць, пляніда такая прыйшла. Захацелася пісаць — хоць трэсьні. І нават калі я зламаў прадплечча, і доўга рука была ў гіпсе, дык нават і гэта не спыніла. Я навучыўся левай рукой пісаць. Я кніжку пісаў і правай, і левай рукой“.

Літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі называе цягу да мэмуарнай літаратуры эўрапейскай тэндэнцыяй апошняга часу:

Лявон Баршчэўскі
“Усе адзначаюць, хто дасьледуе, што яна чытаецца больш. Дастаткова згадаць, што амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін нядаўна казаў, што ён цяпер чытае ў асноўным мэмуары. На мастацкую літаратуру захапленьне неяк прайшло.

І гэта агульная тэндэнцыя таму, што людзі імкнуцца спазнаваць жыцьцёвы досьвед іншых людзей. Хутка ўсё мяняецца ў жыцьці. Нават мы, колькі за 20 гадоў зьменаў перажылі. І людзі ў досьведе іншых шукаюць, што можна запазычыць, дзе не зрабіць памылку. І нейкае падсьвядомае адчуваньне гэтага ёсьць: а ці так я раблю ў жыцьці? Людзі імкнуцца супастаўляць. І я думаю, гэта добры працэс. Хаця, канечне, шкада звычайнай мастацкай літаратуры, попыт на якую падае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG