“Паводле 3-га артыкула закону пад амністыю падпадаюць асобы, якія асуджаныя на тэрмін да 6 год зьняволеньня і адбылі ня меней за чвэрць пакараньня. Эмануіл Зэльцэр асуджаны на 3 гады і адбыў за кратамі год і месяц. Заўваг ад турэмнай адміністрацыі ў яго няма, і таму, мяркую, ён цалкам можа разьлічваць на амністыю”, — сказаў “Свабодзе” адвакат Зьміцер Гарачка.
Нагадаем, амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр асуджаны паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і спробе падробкі дакумэнтаў. Пакараньне Зэльцэр адбывае ў магілёўскай калёніі. Сваякі амэрыканца мяркуюць, што ён стаў ахвярай барацьбы за спадчыну заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, на частку якой нібыта прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі. Спадар Беразоўскі абвінавачаньні ў датычнасьці да справы Зэльцэра абвяргае. Урад ЗША неаднаразова заклікаў кіраўніцтва Беларусі на падставах гуманнасьці вызваліць Эмануіла Зэльцэра, які мае шэраг хранічных захворваньняў.