Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс не заўважылі 2% беларусаў


Толькі два працэнты беларусаў лічаць, што ўсясьветны фінансава-эканамічны крызіс не закрануў Беларусь. Гэтыя дадзеныя прывяла сёньня супрацоўніца сацыялягічнай лябараторыі “Novak” Надзея Яфімава. /img/icon-photogallary.gif


Прэзэнтацыю сытуацыі ў краіне вачыма сацыёлягаў яна зрабіла на форуме, дзе аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прадстаўлялі сваю антыкрызісную плятформу.

Больш за 100 чалавек сабраліся на абмеркаваньне антыкрызіснай плятформы Аб’яднаных дэмакратычны’ сілаў. Яе прадставілі прафэсар Станіслаў Багданкевіч і эканаміст Яраслаў Раманчук. У дыскусіі ўдзельнічалі Леанід Заіка, Мікалай Пятрушэнка, Аляксандар Валчанін, Віктар Гарбачоў, Валеры Ухналёў, Сяргей Нікалюк ды іншыя.

Гэты дакумэнт Станіслаў Багданкевіч зьбіраецца 1 красавіка прадставіць на паседжаньні грамадзка-кансультатыўнай рады, якую ачольвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. Сёньня ўдзельнікі дыскусіі казалі пра вялікую значнасьць гэтага дакумэнта. А Станіслаў Багданкевіч выказаў упэўненасьць, што ўлады ва ўмовах крызісу не праігнаруюць гэты дакумэнт.

Спадарыня Яфімава адзначыла: лябараторыя пачала сваё дасьледаваньне ў лістападзе мінулага году. І таму сёньня ўжо можна казаць пра пэўную дынаміку зьмены грамадзкай думкі. Калі ў лістападзе 9% беларусаў лічылі, што крызіс абмінуў краіну, то ў лютым колькасьць аптымістаў скарацілася да 2%.

Што прымушае людзей казаць пра крызіс? Сацыёляг Яфімава тлумачыць:

“У Беларусі людзі сутыкнуліся з двума асноўнымі наступствамі крызісу: ростам цэн на прадукты і паслугі — 87,7% адзначылі менавіта гэта. І другі момант — зьмяншэньне даходаў у сем’ях: 40%. Таксама людзі кажуць, што вымушаныя адмаўляць сабе ў некаторых таварах і паслугах. Яны сутыкнуліся са зьмяншэньнем заробкаў і пэнсіяў. 7% сутыкнуліся са звальненьнямі з працы, 12% — са скарачэньнем працоўнага дня і адпраўкай у неаплачаны адпачынак”.

Прадстаўніца лябараторыі “Novak” паведаміла пра вынікі параўнальнага аналізу стаўленьня да крызісу ў Беларусі, Украіне і Расеі:

“Калі казаць, чым адрозьніваецца грамадзкая думка альбо крызісная сьвядомасьць жыхароў гэтых трох краін, то найбольш нэгатыўныя ацэнкі, найбольш трывожныя чаканьні — ва Ўкраіне. У Расеі назіраецца пэўная адаптацыя да крызісу і спробы выпрацаваць асабістую стратэгію ў сытуацыі крызісу. Для Беларусі характэрная нявызначанасьць. На шмат якія пытаньні ў анкеце беларусы адказвалі: “Ня ведаю”, “Цяжка сказаць”.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька так тлумачыць неабходнасьць правядзеньня антыкрызіснага форуму:

Анатоль Лябедзька
“Па вялікім рахунку, зьмены ў Беларусі пачынаюцца і будуць адбывацца зь Менску, а не з Брусэлю, Вашынгтона ці Масквы. І менавіта разуменьне гэтага прывяло нас да неабходнасьці выдзеліць тэму крызісу, антыкрызісных дзеяньняў і захадаў як прыярытэтную на сёньняшнім этапе. Мы зыходзім з таго, што ў Беларусь не прыедзе брыгада будаўнікоў сьветлай будучыні ні зь Літвы, ні з Чэхіі, ні зь якой-небудзь іншай краіны. Гэта наша зона адказнасьці. І сёньня наша задача — даць адказы на тыя пытаньні, якія найбольш хвалююць людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG