Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму А.Лукашэнка паляцеў у расейскія кабінэты?


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка накіроўваецца сёньня з рабочым візытам у Маскву, каб сустрэцца з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. У прэзыдэнцкай прэсслужбе паведамілі, што пакуль няма інфармацыі пра іншыя афіцыйныя сустрэчы.


Днямі А.Лукашэнка загадаў сваім чыноўнікам “перастаць поўзаць па расейскіх кабінэтах і на каленях перад імі стаяць”. А падчас учорашняй сустрэчы з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці заявіў: “калі нехта скажа, што ў Беларусі зьявіліся нейкія тэндэнцыі ў бок ад Расеі, плюньце таму ў вочы”. Нагадаем, гэта ўжо чацьвёрты візыт у Расею ад пачатку гэтага году. З чым жа ён зьвязаны і якіх можна чакаць вынікаў? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Аляксандрам Класкоўскім.

Кар.: Чаму ж А.Лукашэнка зноў ляціць у расейскія кабінэты?

Класкоўскі: Гэта такая звычайная тактыка ківача, якая па сутнасьці зьяўляецца квінтэсэнцыяй беларускай замежнай палітыкі. Беларускае кіраўніцтва па чарзе робіць нейкія прыемныя заявы то для Масквы, то для Брусэлю, і такім чынам хоча атрымліваць нейкія бонусы, выгоды. Вось некалькі дзён таму беларускі кіраўнік зрабіў рэзкія выпады ў бок Расеі, і, натуральна, каб збалянсаваць гэтую рэзкую крытыку, сёньня ўжо загучалі заявы адваротнага кшталту. Я думаю, беларускі кіраўнік ужо намацаў пункцік у Расеі, так бы мовіць, вялікадзяржаўны: што дастаткова гэтай рыторыкі, гэтага бальзаму на душу — і нібыта забываюцца на ранейшыя крыўды, і зноў можна атрымаць нейкія бонусы”.

Кар.: Аднак тое, што ў гэтай напружанай сытуацыі візыт адбудзецца дзеля сустрэчы з Маскоўскім патрыярхам, як пакуль падаюць афіцыйныя крыніцы, — ці не азначае, што Лукашэнка, як і раней, спрабуе выкарыстаць кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы дзеля дасягненьня нейкіх сваіх палітычных мэтаў? І якіх бонусаў чакае цяпер Лукашэнка?

Класкоўскі: Як вядома, у Расеі і патрыярх — гэта таксама своеасаблівая палітыка. РПЦ заўжды блізкая да ўлады. І таксама гэта такая зручная пляцоўка, каб порцыю гэтага бальзаму выліць яшчэ на душу расейцам. Запэўніць, што нікуды не падзелася гэтае вечнае братэрства і што гэта толькі ворагі падкідаюць плёткі пра тое, што Беларусь нібыта кудысьці сыходзіць. Натуральна, цяпер беларускага кіраўніка клапоціць цэлы комплекс цяжкіх фінансава-эканамічных праблемаў. Праблема экспарту, збыту беларускай прадукцыі вельмі вострая. І гэтая рыторыка ня проста дзеля прыгожага слоўца, а з надзеяй на тое, што Масква зноў саступіць і ў пэўным сэнсе ўратуе Беларусь, якая зараз проста гарыць, бо экспарт падае, няма валюты, даводзіцца хапаць усё новыя крэдыты. І гэты вір засмоктвае беларускую эканоміку і стварае небясьпеку для ўлады”.

Кар.: Ці можна чакаць, што цяпер Расея альбо Беларусь пойдуць на нейкія саступкі?

Класкоўскі: Я думаю, што падчас гэтага візыту наўрад ці будуць такія нейкія прарыўныя рашэньні, якія будуць выглядаць сэнсацыйнымі. Бо стварыўся пэўны такі балянс, і зараз абсяг для манэўраў, як ні парадаксальна, пабольшыўся. І мы бачым гэта, напрыклад, у пытаньні пра Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, дый у іншых пытаньнях. Бо беларускі кіраўнік пераканаўся, што можна спрытна гуляць на гэтых фобіях і Масквы, і Брусэлю.

Імпэрскі страх Масквы, што адпадзе гэтая наша нібыта спрадвечная тэрыторыя, наша зона ўплыву, сінявокая рэспубліка ўцячэ на Захад, НАТО пад Смаленскам. Гэтыя фобіі штораз узбуджаюцца, як толькі робіцца рэвэранс у бок Захаду. І на гэтым можна спрытна гуляць. Гэтаксама і Брусэль. Адна з прычынаў, чаму так рэзка зьмянілі лінію ў беларускім пытаньні, — гэта тое, што пасьля каўкаскай вайны стала зразумела, што калі Расея канчаткова ўцягне Беларусь у зону свайго ўплыву, а можа, і далучыць да сябе, то важны геапалітычны пляцдарм будзе страчаны назаўсёды. І таму абодва бакі паводзяць сябе, як слабахарактарныя бацькі, якія завіхаюцца каля капрызнага дзіцяці. І калі гэтае дзіця кажа, што цябе я не люблю, то наперабой пачынаюць яму соваць пернікі. І вось гэтым вельмі спрытна карыстаецца беларускае кіраўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG