Сёньня дэлегацыя мела перамовы зь беларускім прэм'ерам С.Сідорскім, сустрэчы ў МЗС, Мінэнэргетыкі, а таксама зь беларускімі дзелавымі коламі.
СЛУХАЦЬ:
Візыт дэлегацыі з Брандэнбургу адбываецца на запрашэньне міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, які наведваў Бэрлін і Патсдам 11 лютага. Перад ад'ездам у Менск кіраўнік дэлегацыі, прэм’ер-міністар фэдэральнай зямлі Брандэнбург Матыяс Плятцэк падрабязна абмяркоўваў дачыненьні зь Беларусьсю зь міністрам замежных спраў ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.
У Менску спадар Плятцэк абмяркоўваў адносіны зь Беларусьсю як у міждзяржаўным рэжыме, гэтак і ў рамках зьнешняй палітыкі Эўразьвязу:
“Я вельмі рады, што Беларусі прапанавалі паўдзельнічаць у праграме “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу. Мяркую, што права ацэнкі гэтай прапановы належыць Сяргею Мартынаву”.
Матыяс Плятцэк перакананы, што Брандэнбург як самая ўсходняя нямецкая зямля адчувае асаблівую адказнасьць за збліжэньне з Усходняй Эўропай, у тым ліку зь Беларусьсю.
Міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў выказаў афіцыйную пазыцыю Менску наконт гэтай ініцыятывы:
“Хачу сказаць, што Беларусь у прынцыпе пазытыўна ставіцца да прапановы “Ўсходняга партнэрства”. Для нас прынцыпова важна тое, што “Ўсходняе партнэрства” ўжо арыентаванае на раўнапраўны ўдзел усіх дзяржаў у гэтым працэсе... А тэма, якую сёньня мы ўжо абмеркавалі, — гэта тэма сэртыфікацыі беларускіх сельскагаспадарчых прадуктаў для экспарту ў Эўрапейскі Зьвяз, — тое, чым мы зараз займаемся з Эўрапейскай камісіяй”.
Апрача сельскай гаспадаркі, афіцыйны Менск разьлічвае на інвэстыцыі і супрацоўніцтва з ФРГ у іншых галінах эканомікі — энэргетыцы, інфармацыйных тэхналёгіях, лягістыцы і транзыце. Спадар Плятцэк заклікаў таксама да актывізацыі школьнага і моладзевага абмену. У прыватнасьці, ён запрасіў 30 беларускіх студэнтаў на практыку ў Брандэнбург.
Што да энэргетычных праектаў, то іх Матыяс Плятцэк абмяркоўваў у Мінэнэрга Беларусі. У Брандэнбургу каля 30 працэнтаў энэргіі здабываецца з аднаўляльных крыніц, і гэтым досьведам немцы гатовыя падзяліцца зь Беларусьсю, заявіў спадар Плятцэк:
можа, і не абавязкова будаваць атамную станцыю ...
“Мы набліжаемся да рэалізацыі супольных інвэстыцыйных праектаў у галіне ветраной энэргетыкі. У Брандэнбургу ёсьць фірмы, якія зацікаўленыя ў гэтым. У ходзе гутаркі зь міністрам энэргетыкі Беларусі мы дамовіліся, што будзе створаная працоўная група ў гэтых пытаньнях. Як чалавек, які ўжо дзесяцігодзьдзі займаецца праблемамі энэргетыкі, я лічу, што вельмі важна, каб ветраная энэргія заняла вышэйшае месца. Геаграфічнае становішча зямлі Брандэнбург вельмі падобнае да беларускага, таму, можа, і не абавязкова будаваць атамную станцыю”.
Сёньня ўвечары ў менскім адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў спадар Плятцэк зробіць даклад на тэму рэгіянальнага супрацоўніцтва ў Эўропе.
У ягонай праграме таксама сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, наведваньне беларускіх прамысловых кампаніяў, адной зь менскіх сярэдніх школ.