Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі шлях праз Брандэнбурскую браму


Матыас Плятцэк
Матыас Плятцэк

У Менску з трохдзённым візытам знаходзіцца дэлегацыя бізнэсоўцаў з Брандэнбургу на чале з прэм’ер-міністрам гэтай фэдэральнай зямлі Матыясам Плятцэкам.


Як падае агенцтва DPA, візыт адбываецца на запрашэньне міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, які месяц таму наведаў сталіцу Брандэнбургу — Патсдам.

Чакаецца, што сёньня ў першай палове дня ў беларускім МЗС адбудзецца сустрэча Плятцэка з кіраўніком гэтага ведамства. Сёньня ўвечары ў менскім адукацыйным цэнтры імя Ёганэса Раў спадар Плятцэк зробіць даклад на тэму рэгіянальнага супрацоўніцтва ў Эўропе.

Таксама заплянаваныя перамовы з прэм’ерам Сяргеем Сідорскім, сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, наведваньне беларускіх прамысловых кампаніяў, а таксама адной зь менскіх сярэдніх школ, якая мае партнэрскія сувязі з брандэнбурскай.

Кіраўнік нямецкай фэдэральнай зямлі Брандэнбург перакананы:

“Брандэнбург як самая ўсходняя нямецкая зямля адчувае асаблівую адказнасьць за збліжэньне з Усходняй Эўропай. У нас і магчымасьцяў для такога збліжэньня больш. Беларусь павінна быць у Эўропе”.

Камэнтуючы візыт, назіральнікі, якія шчыльна займаюцца нямецка-беларускімі дачыненьнямі, выкарыстоўваюць такую гульню слоў: шлях Беларусі ў Эўропу пройдзе праз Брандэнбурскую браму. Усе ведаюць Брандэнбурскую браму як сымбаль Бэрліну і адначасна сымбаль пераменаў у Эўропе, аб’яднаньня Усходняй і Заходняй Нямеччыны. Існуе, аднак, яшчэ адна Брандэнбурская брама — у памежным з Бэрлінам горадзе Патсдаме, сталіцы самай усходняй нямецкай зямлі Брандэнбург.

Кіраўнік Брандэнбургу, 56-гадовы Матыяс Плятцэк лічыцца сярод нямецкіх палітыкаў адным з самых кампэтэнтных у пытаньнях трансфармацыйных працэсаў. У 2005—2006 г., займаючы пасаду старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, ён, паводле апытаньняў уплывовага сацыялягічнага інстытуту “Forsa”, узышоў на першую пазыцыю ў рэйтынгу нямецкіх палітыкаў, апярэдзіўшы саму Ангелу Мэркель. Тады шмат хто не выключаў, што на выбарах 2009 году Плятцэк стане галоўным прэтэндэнтам на пасаду бундэсканцлера. Аднак у 2006 годзе Плятцэк, спаслаўшыся на стан здароўя, адмовіўся ад старшынства ў СДПГ і неўзабаве вярнуўся на адміністрацыйную працу — на пасаду прэм’ера фэдэральнай зямлі Брандэнбург.

Як колішні прадстаўнік праваабарончага руху ў ГДР, Плятцэк у сваіх інтэрвію нярэдка падкрэсьлівае, што сапраўднае разьвіцьцё можа адбывацца толькі ў адкрытым грамадзтве і ў дзяржаве, якая грунтуецца на праве.

Гэтую пазыцыю палітык агучваў і ў часе сваіх папярэдніх візытаў у Менск —на пачатку 1994-га і ў кастрычніку 2007 г. Абодва гэтыя візыты Плятцэк лічыць вельмі пазнавальнымі.

Упершыню Плятцэк прыехаў у Менск у якасьці зямельнага міністра навакольнага асяродзьдзя. Гэты быў час актывізацыі двухбаковых нямецка-беларускіх стасункаў. У гэты ж пэрыяд пачала адбывацца зьмена палітычных элітаў, а афіцыйны Менск усё часьцей пачаў агучваць ідэю аб’яднаньня Беларусі з Расеяй.

Другі візыт адбыўся ў 2007 годзе, калі кантакты на вышэйшым узроўні паміж Беларусьсю і ЭЗ былі замарожаныя. Але якраз тады на тле беларуска-расейскай “нафтагазавай вайны” ў нямецкіх палітыкаў аднавілася цікавасьць да гэтак званай “апошняй дыктатуры Эўропы”. Менск пачалі наведваць высокія нямецкія чыноўнікі. Спачатку гэта быў Плятцэк, потым, у лістападзе 2007 г., намесьнік міністра замежных спраў ФРГ Гернат Эрлер. У часе гэтых візытаў высокія госьці казалі пра гатоўнасьць Нямеччыны спрыяць нармалізацыі дачыненьняў паміж Менскам і ЭЗ на адпаведных умовах.

Калі адсочваць далейшае разьвіцьцё стасункаў, нялішне ўзгадаць, што напачатку мінулага году ў Бэрлін зь нефармальным візытам заехаў кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў. Ён абмяркоўваў зь нямецкімі палітыкамі шляхі нармалізацыі стасункаў паміж Беларусьсю і Брусэлем. Празь некаторы час бундэсканцлер Ангела Мэркель падтрымала польска-швэдзкі праект “Усходняе партнэрства” і ня выключыла далучэньня да яго Беларусі.

Цяперашні візыт Плятцэка ў Менск адбываецца ў кантэксьце “асьцярожнага збліжэньня” паміж ЭЗ і Беларусьсю. Галоўная тэма візыту — пашырэньне двухбаковых адносін, асабліва ў эканамічнай сфэры. У сувязі з гэтым для нямецкіх прадпрымальнікаў будуць арганізаваныя сустрэчы і перамовы ў беларускіх кампаніях.

Як і іншыя прадстаўнікі нямецкай палітычнай клясы, Матыяс Плятцэк выступае супраць ізаляцыі Беларусі. Ён надае вялікае значэньне дыялёгу, але, як колішні гэдээраўскі дысыдэнт, падкрэсьлівае, што “дзеля дыялёгу ня сьлед адмаўляцца ад іншых важных рэчаў, такіх, як правы чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG