Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне сувэрэнітэту: і ёсьць, і няма


2 красавіка пачынаецца веснавая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Папярэдні парадак дня ўжо зацьверджаны. У ім 35 пытаньняў, 11 законапраектаў будуць разглядацца ў другім чытаньні, 16 – у першым.

Цікавасьць да гэтай сэсіі найперш падаграваецца адным – ці будуць абмяркоўваць дэпутаты пытаньне аб прызнаньні сувэрэнітэту і незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі? Аляксандар Лукашэнка зь месяц таму публічна сказаў, што апошняе слова тут будзе за ім, але спачатку праблему павінны разгледзець у парлямэнце. У міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў называюць гэта пытаньне “надзвычай далікатным” і кажуць, што яго “трэба дасканала і ўсебакова вывучыць”.

У папярэднім раскладзе дэпутацкай працы пазыцыі пра Каўказ няма. Але гэта не азначае, нібыта яна ня ўзьнікне пазьней, тлумачыць журналіст Юры Пацёмкін. Ён шэсьць гадоў асьвятляе працу Палаты прадстаўнікоў і добра ведае працэдурныя пытаньні:

“Тое, што ў парадку дня няма, яшчэ ні пра што не гаворыць. Бо згодна з рэглямэнтам Палаты прадстаўнікоў нешта можна ўключыць, як толькі яно будзе падрыхтавана. Гэтым займаецца камісія па рэглямэнту.

Я думаю, адпаведныя дакумэнты ўжо падрыхтаваныя і знаходзяцца там. Але пакуль няма адмашкі з адміністрацыі прэзыдэнта, каб вынесьці іх на разгляд сэсіі. Бо такі разгляд можа паставіць крыж на перамовах уладаў з Эўропай. І я думаю, пакуль ня пройдзе саміт “Усходняга партнэрства”, пытаньне пра прызнаньне ня будзе разгледжанае. І ўсе будуць казаць, што яны ня маюць дакумэнтаў і ня ведаюць, дзе яны знаходзяцца”.

16 сакавіка ў Брусэлі Генэральны сакратар Эўразьвязу Хавіер Саляна сказаў журналістам, што лічыць важным, каб Беларусь захавала сваю цяперашнюю пазыцыю адносна непрызнаньня Паўднёвай Асэтыі да Абхазіі: “Як вы ведаеце, Эўразьвяз не прызнаў незалежнасьць гэтых краін і ня мае намеру зьмяняць сваю пазыцыю. Мы спадзяемся, што ўсе, хто з намі супрацоўнічаюць, будуць прытрымлівацца гэтай пазыцыі”.
Пакуль ня пройдзе саміт “Усходняга партнэрства”, пытаньне пра прызнаньне ня будзе разгледжанае.

На гэтай сэсіі будуць абмяркоўваць амністыю, якую хочуць абвясьціць у сувязі з 65 –мі ўгодкамі вызваленьня Беларусі ад фашыстаў, зьмены ў Банкаўскі кодэкс, праект закону аб дзяржаўнай моладзевай палітыцы... Цікавая рэакцыя дэпутатаў, якія ўпершыню ўвайшлі ў Палату прадстаўнікоў. А такіх цяпер – амаль дзьве траціны. На першай для сябе, восеньскай, сэсіі яны на тле дэпутатаў-вэтэранаў, як адзначалі журналісты, выглядалі вельмі сьціпла.

Намесьнік старшыні камісіі ў правах чалавека, нацыянальных стасункаў ды СМІ Анатоль Глаз на пытаньне “Свабоды” пра адаптацыю адказвае так:

“Першае і самае галоўнае – я не лічу, што актыўнічаньне ля мікрафону ў залі гаворыць пра актыўную працу дэпутата. Я лічу, трэба працаваць з праектам закону, які ляжыць у цябе на стале. Сёньня я ўжо кантактаваў з дзьвюма профільнымі камісіямі. Але гэта, зразумела, не выключае і таго, што важнае пытаньне ці папраўку можна зрабіць непасрэдна падчас пленарнага паседжаньня”.

Я лічу, што мерапрыемствы паміж сэсіямі, тры вучобы, паседжаньні камісіяў, размовы паміж сабою – усё гэта дазволіла маладым дэпутатам адысьці ад той няўпэўненасьці ў сябе, якую, магчыма, нехта і адчуваў. Гэта – заканамерны працэс. Разумны чалавек заўжды спачатку прыглядаецца, а ўжо пасьля пачынае нешта рабіць”.

Паўднёвая Асэтыя і Абхазія дагэтуль ня ўносілі афіцыйных прапановаў наконт свайго далучэньня да так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Пра гэта заяўляюць у апараце саюзнай дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG