Учора чэскі парлямэнт ўхваліў вотум недаверу ўраду прэм’ер-міністра Мірэка Тапаланка. Сёньня Мірэк Тапаланэк запэўніў дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту ў Страсбуры, што вотум недаверу ня будзе мець "ніякага ўплыву" на чэскае старшынёўства ў Эўразьвязе, на якое прыпаў фармальны пачатак праекту шчыльнейшага супрацоўніцтва Эўразьвязу з шасьцю постсавецкімі краінамі, вядомага пад назвай Усходняга партнэрства.
Мы папрасілі Аляксандра Казуліна падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы з Карэлам Шварцэнбэргам.
Радыё Свабода: Спадар Казулін, калі не сакрэт, пра што вы гутарылі са спадаром Шварцэнбэргам?
Аляксандар Казулін: Для нас вельмі важна і паказальна, што спадар Шварцэнбэрг знайшоў час на сустрэчу ў такі крызысны момант для свайго ўраду. Спадар Шварцэнбэрг добра валодае сытуацыяй у нашай краіне, Беларусі. Наша размова была прысьвечаная падрабязнаму аналізу таго, што адбываецца ў Беларусі. Самае галоўнае, што спадар Шварцэнбэрг стаіць на маральнай пазыцыі, што тычыцца беларускага пытаньня.
Радыё Свабода: Безумоўна, вы гаварылі пра дачыненьні Беларусі з Эўропай і пра запрашэньне Беларусі ва Ўсходняе партнэрства. Што вы на гэты конт сказалі спадару Шварцэнбэргу?
Аляксандар Казулін: Ведаеце, ніхто ня супраць ні дыялёгу, ні Ўсходняга партнэрства. Але на якіх умовах? І што гэта дае нам, грамадзянам Беларусі? Калі ў Беларусі працягваюцца арышты, палітычныя рэпрэсіі і зьдзек з грамадзянаў, калі няма сыстэмных і інстытуцыйных крокаў наперад з боку ўлады, дык зразумела, што Эўразьвяз павінен на гэта неяк рэагаваць.
Радыё Свабода: Якая была ваша пазыцыя? Што ў гэты момант Эўразьвяз павінен рабіць зь Беларусьсю?
Аляксандар Казулін: У гэты момант Эўразьвяз павінен весьці дыялёг з умовамі.
Радыё Свабода: Ці можаце сказаць больш канкрэтна, якія ўмовы маюцца на ўвазе?
Аляксандар Казулін: Ведаеце, цяпер галоўнае пытаньне — што адбудзецца 7 траўня. Ці будзе спадар Лукашэнка прысутнічаць на саміце, прысьвечаным Ўсходняму партнэрству.
Радыё Свабода: Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што лепш, калі Беларусь з прэзыдэнтам Лукашэнкам прасунецца хоць паўкроку ў бок Эўропы пры дапамозе Ўсходняга партнэрства, чым сасьлізьне ў абдымкі Расеі, з Лукашэнкам ці безь яго. Што вы скажаце на такі аргумэнт?
Аляксандар Казулін: Ведаеце, ніхто ня ў змозе ўтрымаць Лукашэнку, калі ён схоча пайсьці ў абдымкі Масквы. Ён цяпер гуляе ў цікавую гульню — ён хоча, каб Эўразьвяз падтрымаў яго ў прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году. Пытаньне, якое мы ставім: каму Эўразьвяз хоча дапамагчы — грамадзянам Беларусі ці асабіста дыктатару Лукашэнку?
Радыё Свабода: А як лічыце вы — каму Эўразьвяз больш дапамагае ў гэты момант?
Аляксандар Казулін: Ведаеце, калі вядзецца дыялёг ні аб чым, дык як можна назваць гэта дыялёгам...
Радыё Свабода: Пачакайце, як гэта — ні аб чым? У рамках Усходняга партнэрства Беларусь можа атрымаць да 20 мільёнаў даляраў на год. Гэта ня надта каб вялікая сума, ды ўсё ж і такая спатрэбіцца. І яна ня пойдзе ў кішэню Лукашэнкі, а на ўсялякія адукацыйныя праграмы, зь якіх могуць скарыстаць сотні, калі ня тысячы маладых беларусаў. Хіба гэта кепска?
Аляксандар Казулін: Ніхто ня супраць гэтага. Але пытаньне ў тым, што стаіць на першым месцы — маральныя каштоўнасьці ці нейкі прагматызм? Вось вы й самі кажаце, што Ўсходняе партнэрства ня мае добрага бюджэту. А што яно мае? Яно заключае ў сабе індульгенцыю Лукашэнку. Ён зможа атрымліваць грошы ад камэрцыйных і бізнэсовых структураў з Эўропы. І гэта ўжо будуць ня тыя грошы, а значна большыя. Як сам Лукашэнка казаў, усе акцыі беларускіх прадпрыемстваў ляжаць у яго ў кабінэце ў сэйфе. Вось гэткі гандаль, які можа пачацца, выклікае непакой.