Паводле афіцыйных зьвестак, чвэрць прадпрыемстваў Магілёўшчыны маюць праблемы са спадам вытворчасьці. Больш за 20 тысяч чалавек знаходзяцца ў вымушаных адпачынках ці працуюць ва ўмовах няпоўнай занятасьці. Праблему магілёўскія ўлады вырашаюць, камандзіруючы працаўнікоў у сельгаскаапэратывы. Сельгаспрадпрыемствам вобласьці трэба амаль 6 тысяч мэханізатараў, у наяўнасьці ж — 5 тысяч (людзі пасыходзілі з-за мізэрных заробкаў). Складаная сытуацыя ў Глускім, Касьцюковіцкім, Крычаўскім, Дрыбінскім раёнах. Тлумачыць кіраўнік сельгаскаапэратыву з Дрыбіна:
“Такія абставіны склаліся. Ну няма на сёньня мэханізатараў, разумееце, кадраў, каб загрузіць тэхніку, якую на дадзеным этапе маем, каб паскорыць усе гэтыя працы. А чаму няма? З адной толькі прычыны: бо заробкі замалыя”.
Незалежны эканаміст Андрэй Юркоў цьвердзіць, што нічога надзвычайнага ў нястачы працоўных кадраў на сяле няма:
“Вёска заўжды знаходзілася на апошнім месцы ў пляне разьмеркаваньня розных сродкаў, маёмасьці, заробкаў, фінансавых рэсурсаў. Як толькі была магчымасьць, кожны здольны чалавек стараўся ўцячы. Сярэдні заробак па вёсцы ніжэйшы за сярэднебеларускі ў 2—2,5 раза”.
У сяўбу новасьпечаныя гарадзкія мэханізатары калі будуць працаваць на знос, то за месяц могуць зарабіць мільён рублёў, у пераліку — 300 даляраў.
***
У сьпіс прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласьці, якія перажываюць эканамічныя цяжкасьці, трапілі два лікёра-гарэлачныя заводы. Начальніца ўпраўленьня Гарадзенскай абласной падатковай інспэкцыі Люцына Алексіевіч выказала занепакоенасьць праблемай са зборам падаткаў ад шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку тых, якія раней стабільна папаўнялі бюджэт, — вытворцаў алькаголю:
“У нас працэнт выкананьня за студзень-люты кансалідаванага бюджэту склаў 89,6%. Праблема ў тым, што на складах прадпрыемстваў сабраліся запасы гатовай прадукцыі, якую ня могуць рэалізаваць, а таксама — што ўзрасла дэбіторская запазычанасьць. Сярод такіх даўжнікоў — Мажэйкаўскі лікёра-гарэлачны завод і гарадзенскі “Неманафф”.
Бухгальтарка лікёра-гарэлачнага заводу “Неманафф” Ірына Бахціярава патлумачыла, што падаткі дзяржаве даводзіцца затрымліваць, бо з заводам своечасова не разьлічваюцца крамы. Як правіла, гэта тычыцца райспажыўсаюзу. А склады заводу затавараныя гарэлкай.
“Як бы зразумела, што піць меней ня сталі, але вось неяк не атрымліваецца своечасова разьлічвацца нашым кліентам. Мы ўсё роўна вымушаны адгружаць прадукцыю нават тым, хто нам вінен, бо ў нас затавараныя склады й няма дзе ставіць скрыні”.
Бухгальтарка кажа, што з такім прыбыткам разьвіваць вытворчасьць даволі складана. Праўда, яна дадае, што заробкі на заводзе выплачваюцца своечасова, і мяркуе, што зачыняць яго ніхто ня будзе.
***
Брагінскі райвыканкам абавязаў 52 мясцовыя арганізацыі набыць у сельгаспрадпрыемстве “Брагінка” цыбулю й выдаць яе ў кошт заробку. Агулам людзі павінны купіць 51 тону 340 кіляграмаў цыбулі. З нагоды “цыбульнай абавязалаўкі” адзін з працаўнікоў брагінскага сельсгаспрадпрыемства кажа:
“Абсурднае рашэньне. Каму патрэбна тая цыбуля?! І як можна людзей прымушаць браць тое, што ім ня трэба? У Брагіне шмат у каго ў вёсцы ёсьць бацькі. І амаль у кожнага ля дома ёсьць гарод, дзе вырошчваюць і цыбулю. У нас жа мала шматпавярховікаў. Пераважае прыватны сэктар, і брагінцы вырошчваюць гародніну кожны сам сабе. Таму людзі выказваюць прэтэнзіі: як можна прымушаць браць гэтую цыбулю?!”
Першы намесьнік старшыні райвыканкаму Валянцін Хмелянок паведаміў, што цыбуля ў сельгаспрадпрыемстве надзвычай добрая й танная. Ён і сабе яе набыў, а выдадзенае распараджэньне, паводле ягоных словаў, носіць рэкамэндацыйны характар.
У афіцыйным распараджэньні Брагінскага райвыканкаму № 50-р сказана: “У сувязі з адсутнасьцю рынкаў збыту на цыбулю і з мэтай яе рэалізацыі абавязваю кіраўнікоў усіх формаў уласнасьці набыць у камунальным сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Брагінка” цыбулю для патрэбаў сваіх працаўнікоў у кошт заробку з разьліку 10 кіляграмаў на працаўніка”.
***
На Пастаўскім кансэрвавым заводзе, які ў студзені быў абвешчаны банкрутам, засталася адзіная вытворчая лінія — па вырабе пладовага віна.
Пасьля таго як на збанкрутаваны кансэрвавы завод прызначылі антыкрызіснае кіраўніцтва, на прадпрыемстве адбыліся скарачэньні працаўнікоў, а таксама пераарыентацыя вытворчасьці. Пра гэта распавяла старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Тацяна Стаброўская:
“Скарачэньні ў нас адбываюцца. Лінію па выпуску кансэрваў будзем зачыняць, застанецца толькі вінная лінія. За кошт яе толькі й жывём! Думаю, што да сэзону неяк дацягнем. Так неяк з году ў год усё цягнулася, цягнулася, і цяпер вельмі цяжкая сытуацыя на прадпрыемстве”.
На заводзе, які запазычыўся крэдыторам больш як 4 мільярды рублёў, не спадзяюцца за кошт рэалізацыі таннага віна разьлічыцца з даўгамі. Але мяркуюць, што нейкім чынам удасца хаця б выплочваць заробкі апошнім 75 працаўнікам, якіх пакуль ня звольнілі.
Між тым гэтыя пляны могуць ня спраўдзіцца: аблвыканкам падтрымаў прапанову міліцыі забараніць продаж алькаголю пасьля 22-й гадзіны ў гарадох і пасьля 20-й гадзіны — у вёсках. Абмежаваньне гандлю можа яшчэ больш пагоршыць фінансавы стан прадпрыемства.
***
Прадпрыемствы Магілёва за два месяцы выканалі крыху болей за 86% прагназаванага аб’ёму вытворчасьці, а меліся — 115. Паводле старшыні гарвыканкаму Віктара Шорыкава, кожны недаатрыманы працэнт азначае страты бюджэту ў 300 мільёнаў рублёў:
“Чаго ўтойваць: з-за таго, што сёньня ідзе падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці, у нас вялікія праблемы з напаўненьнем бюджэту. Мы сёньня гаворым пра выплату заробкаў у сацыяльнай сфэры, якую на чатырох- ці трохдзённы працоўны тыдзень не перавядзеш. Гэта адназначна. Я кажу пра ахову здароўя, адукацыю”, — прызнае кіраўнік гарадзкой выканаўчай улады.
Работнікаў мэдычных устаноў абласнога цэнтру ўжо папярэдзілі пра зьмяншэньне памераў заробкаў і прэміяльных выплат. Адзін з магілёўскіх мэдыкаў расказаў, што за люты атрымаў прэмію ў памеры 30 тысяч рублёў.
“Нас усіх сабралі й сказалі: “Заробкі будуць зьменшаныя ў любым выпадку. Прэміяў цяпер не чакайце”. Пачаўся ціск. Пачалі запісваць мала-мальскія парушэньні. І на грунце гэтага пачалі зьмяншаць прэміі. Заробкі настолькі малыя, што гэтая прэмія ў памеры ста тысяч, калі яна такой была, яна складала ледзьве не траціну, чвэрць ад заробку”.
У асяродзьдзі настаўнікаў кажуць, што іх таксама чакае лёс мэдыкаў. Прэміі пэдагогам ужо паменелі. Акрамя таго, скасоўваюць даплаты за пазашкольную працу.
***
У Баранавічах найбольшыя на Берасьцейшчыне запасы гатовай прадукцыі. Прамысловых тавараў на складах — больш як 130% да сярэднямесячнага вырабу. Затаварваецца, сярод іншых, таварыства “Баранавічыдрэў”. Як паведаміла старшыня прафсаюзнага камітэту Галіна Нікалаева, на складах застаюцца вокны, вырабленыя яшчэ ў студзені:
“На вокны зараз вельмі мала заказаў. Таму людзей папераводзілі на іншыя ўчасткі. Увогуле, сапраўды, у нас цяжкое становішча — няма працы. Людзі застаюцца бяз справы па некалькі дзён”.
Асноўны канкурэнт “Баранавічыдрэву”, прыватная фірма “Баранавіцкія вокны”, забясьпечвае рэгіён таньнейшымі вокнамі з плястыку. У гэтай сытуацыі лепш за іншых зарыентаваўся былы дырэктар Генадзь Карабанаў — пакінуў крызіснае прадпрыемства і ўзначаліў пасьпяховае. Цяпер заробкі на “Баранавічыдрэве” — найменшыя ў горадзе.
У сакавіку Савет міністраў выдаў пастанову, паводле якой запоўненасьць на складах павінна быць меншай амаль у два разы. Але ці рэальна гэта выканаць у Баранавічах? Вось што адказвае інжынэр заводу станкабудаўнічых прыладаў Іван Бушчык:
“Сэрыйная вытворчасьць закладзена даўно. Плян даводзяць — мы робім. Рабілі, рабілі, а сёньня продажы ня йдуць. Пляны павялічваюцца. Іх трэба выконваць. А куды падзець прадукцыю, калі нічога не прадаецца?”
***
Віцебшчына не адзін год займае першае месца ў краіне па колькасьці самагубстваў. За першыя два месяцы гэтага году на Віцебшчыне зафіксавана 73 самагубствы, што на 16% болей, чым за аналягічны пэрыяд летась. Трывожная тэндэнцыя росту суіцыдаў стала асабліва відавочнай напрыканцы мінулага году: колькасьць тых, хто з уласнай волі пайшоў з жыцьця, пачала істотна павялічвацца ў Аршанскім, Сеньненскім, Шумілінскім і Чашніцкім раёнах, а ў Гарадоцкім раёне яна ўзрасла адразу на 200%.
Паводле галоўурача Bіцебскага псыханэўралягічнага дыспансэру Алены Мартынавай, пераважная колькасьць самагубцаў — працаздольныя мужчыны. Нярэдка гэта людзі, якія альбо ўжо страцілі працу, альбо адчулі небясьпеку таго, што неўзабаве ня змогуць фінансава забясьпечыць сям’ю. Дзеля таго каб абмеркаваць сродкі дапамогі тым, хто апынуўся ў складанай сытуацыі, псыхатэрапэўты правялі ў Віцебску сэмінар “Крызісная інтэрвэнцыя і суіцыдальныя паводзіны”:
Псыхолягі кажуць, што людзі проста губляюцца ў сытуацыі, калі звальненьне або затрымка заробку закранае іх асабіста, а праз тэлевізар ды ў дзяржаўнай прэсе тым часам цьвердзяць, што ніякага крызісу ў Беларусі няма.
Свае шляхі выхаду з крызісу афіцыйным структурам прапануюць ня толькі псыхолягі, але і незалежныя экспэрты. На гэтым тыдні сваю антыкрызісную праграму агучылі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Аднак прапанаваныя да рэалізацыі захады ўладам падаюцца занадта рэвалюцыйнымі, таму плён высілкаў эканамістаў і фінансістаў можа пайсьці ў пясок. Дый, як лічыць эканаміст Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык, на сёньняшні дзень і дзяржаўная, і альтэрнатыўная праграмы выхаду з крызісу далёкія ад дасканаласьці:
“Ведаеце, праграмы і адна, і другая ўсё ж змагаюцца з праблемнымі месцамі той эканомікі, якая была да крызісу. То бок — каб, напрыклад, мы бралі беларускую эканоміку без сусьветнага крызісу, то лібэралізацыя — і адна, і другая, — яны б спрыялі яе разьвіцьцю, узбагачэньню людзей, зьмякчэньню праблемных момантаў і г.д. А тое, што прапануецца зараз, гэта, на жаль, не дапаможа ў сучаснай сытуацыі. Зараз проста нічога не дапаможа. Зараз у нас адзін лёс — нейкім чынам дасягнуць такой найменшай кропкі гэтага крызісу, каб пасьля ўжо нейкім чынам выходзіць. Але ж трэба вельмі ўважліва рабіць аналіз праблемаў, якія існуюць у эканоміцы”.