Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі кефір — “пэрсона нон-грата” на Віцебшчыне


Імкнучыся абараніць свае рынкі збыту, некаторыя рэгіёны Беларусі спрабуюць адгарадзіцца ад прадукцыі, вырабленай у суседніх раёнах і абласьцях Беларусі.


Як кажуць вытворцы, перадусім у сьпіс непажаданых трапляюць тыя віды тавараў, якія вырабляюцца мясцовымі прадпрыемствамі.

Сярод вытворцаў, якія найбольш церпяць ад рэгіянальнага пратэкцыянізму -- акцыянэрнае таварыства “Савушкін прадукт” — найбуйнейшы на Берасьцейшчыне вытворца малочнай прадукцыі. Пастаўкі масла, сьмятаны, кефіру, сыроў фактычна заблякаваныя ў шэрагу раёнаў Гомельскай, Віцебскай і Гарадзенскай абласьцей. Такім чынам, як кажа намесьніца генэральнага дырэктара прадпрыемства па сувязях з грамадзкасьцю Алена Бабкіна, тамтэйшыя вытворцы не без дапамогі адміністрацыйнага рэсурсу пазбаўляюцца непажаданай канкурэнцыі:

“Гэта тычыцца ня толькі “Савушкінага прадукту”, гэта тычыцца многіх прадпрыемстваў, якія зьяўляюцца не мясцовымі, а зь іншых абласьцей”.

Карэспандэнт: “То бок гэткая палітыка імпартазамяшчэньня ў мініятуры?”

“Калі нас расцэньваць як замежжа для нейкіх іншых абласьцей, не Берасьцейскай, то так. Такое пэрыядычна ўзьнікае, здаралася раней і мае такі хвалепадобны характар. Хоць сказаць, што на 100% увесь асартымэнт забаранілі пастаўляць нашай прадукцыі, як было 1,5—2 гады таму, — цяпер такога няма. Да непажаданай прадукцыі ставяцца выбарачна. Стараюцца ня браць прадукцыю тых найменьняў, якія выпускаюць мясцовыя вытворцы. Але гэта, вядома, непрыемна для прадпрыемства — па-першае. А па-другое, непрыемна для спажыўца. Людзі, натуральна, скардзяцца — ня толькі ў гандлёвыя арганізацыі, у мясцовыя органы ўлады, пішуць скаргі на прадпрыемства з просьбай аднавіць пастаўкі. Натуральна, для нас яшчэ і эканамічная шкода адчуваецца”.

Як паказвае практыка, абмежаваньні ў пастаўках найперш тычацца харчовага сэктару. Юрый Панчанка, да нядаўняга часу дырэктар аддзелу маркетынгу на бровары “Лідзкае піва”, а цяпер мэнэджэр гарадзенскай фірмы АВС, якая спэцыялізуецца на шырокім асартымэнце кансэрваванай прадукцыі, вытокі гандлёвых войнаў паміж рэгіёнамі бачыць у наступным:

“Трэба дакладна разумець прычыну ўзьнікненьня падобнай сытуацыі. Прем’ер-міністар выклікае губэрнатараў, даводзіць пэўныя лічбы. Каб выканаць гэтыя паказьнікі, трэба загрузіць свае ўнутраныя магутнасьці на той ці іншай тэрыторыі. Мала таго каб загрузіць, дык трэба яшчэ прадукцыю прадаць. Каб пашырыць долю пакупніцкай актыўнасьці, асабліва з улікам таго, што пакупніцкая здольнасьць зараз згортваецца, трэба адсунуць канкурэнтаў. Не зважаючы нават на тое, што яны з той жа РБ, але зь іншай адміністратыўнай тэрыторыі, за якую адказвае іншы губэрнатар. Вось адсюль усё гэта і бярэцца. Там жа таксама кожны кіраўнік хоча даць справаздачу такім чынам, каб ягоныя паказьнікі былі добрыя. Таму ў пэўным сэнсе гэта аб’ектыўны працэс ва ўмовах эканамічнага крызісу, выкліканага фінансавымі цяжкасьцямі. Таму доля лёгікі ў гэтым ёсьць”.

Ня надта чакаюць у рэгіёнах і прадстаўнікоў прамысловай сфэры. Так, усё цяжэй выйграць тэндэр на будаўніцтва і пастаўку абсталяваньня — прыярытэт паводле змаўчаньня аддаецца мясцовым фірмам. Прыкладам, старшыня прафкаму аб’яднаньня “Баранавічыдрэў” Галіна Нікалаева распавядае, што так і не ўдалося заслупаваць месца на Магілёўшчыне — зноў жа, не без уплыву мясцовых чыноўнікаў:
мэр гораду нефармальны загад выдаў — ня браць прадукцыю зь Берасьцейскай вобласьці....

“Мы з замежжам не працуем, таму вымушаныя шукаць замовы ў Беларусі. Але зараз, у сувязі з крызісам, тэндэр выйграць ня так проста. Прыкладам, езьдзілі ў Магілёўскую вобласьць, а там мэр гораду нефармальны загад выдаў — ня браць прадукцыю зь Берасьцейскай вобласьці. Кшталту таго, што ёсьць свае прадпрыемствы і трэба забясьпечваць працай перадусім іх. Таму вось на дзьверы замоваў нібыта набралі, а на вокны — зусім мала. У выніку той участак, дзе вырабляліся вокны, давялося часова расфармаваць”.

Набыткам галоснасьці стаў ліст старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Канстанціна Сумара на імя прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Кіраўнік вобласьці скардзіцца: нягледзячы на папярэджаньні Аляксандра Лукашэнкі пра недапушчальнасьць міжрэгіянальных абмежаваньняў на пастаўкі тавараў у межах Беларусі, падобныя факты па-ранейшаму маюць месца.

Ліст быў перасланы на рэагаваньне ў Міністэрства эканомікі, дзе паабяцалі засяродзіцца на гэтай праблеме. У прыватнасьці, прадстаўнікі міністэрства паабяцалі паўплываць на сытуацыю з абмежаваньнем доступу тавараў з адных рэгіёнаў у іншыя. Аднак ніякіх рэальных захадаў пакуль ня зроблена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG