Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гарадоў — за свабодную Беларусь


Нэапаль, фота jef.eu. <br />Глядзі <a href="http://www.flickr.com/photos/jefeurope/sets/72157615307921739/map/">фатамапу акцыі</a>
Нэапаль, фота jef.eu. <br />Глядзі <a href="http://www.flickr.com/photos/jefeurope/sets/72157615307921739/map/">фатамапу акцыі</a>

Сёньня ў болей як ста гарадах Эўропы і сьвету адбываюцца акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Мерапрыемства прымеркаванае да гадавіны непрызнаных міжнароднай супольнасьцю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе.

Акцыю праводзіць арганізацыя “Маладыя эўрапейскія фэдэралісты”, якая базуецца ў Брусэлі. Мы зьвязаліся з каардынатарам акцыі, Тоні Джульянам, які знаходзіцца ў Лёндане:

Радыё Свабода: Тоні, ці вы маглі б коратка растлумачыць людзям у Беларусі – хто такія “Маладыя эўрапейскія фэдэралісты” і якія ў іх асноўныя мэты?

Джульяна: “Маладыя эўрапейскія фэдэралісты” — гэта наднацыянальная арганізацыя. Гэта арганізацыя маладых людзей, якія падзяляюць перакананьне, што эўрапейскім краінам лепей быць разам, чым паасобку; якія імкнуцца павысіць ступень інфармаванасьці грамадзтва аб эўрапейскай інтэграцыі і яе выгадах; якія таксама хочуць крытыкаваць Эўразьвяз і заахвочваць яго інстытуты да больш дэмакратычнага, празрыстага і легітымнага дзеяньня. У асноўным, мы зьяўляемся прыхільнікамі рэформаў, якія наблізілі б эўрапейскія інстытуты да людзей у Эўразьвязе. Наша асноўная мэта і мроя — убачыць аб’яднаную, фэдэральную Эўропу. Не Эўропу з адной культурай і адной мовай, а Эўропу шматкультурную і шматмоўную, аб’яднаную ў фэдэральнай структуры. Безумоўна, мы маем на ўвазе Эўропу, якая паважае правы чалавека, рэгіянальныя мовы і рэгіянальную разнароднасьць. Канчатковая мэта “Маладых эўрапейскіх фэдэралістаў” — убачыць аб’яднаных людзей і дэмакратычны Эўразьвяз, які працуе дзеля гэтых людзей.

Радыё Свабода: Абвяшчаючы сваю сёньняшнюю акцыю на вашым вэбсайце, вы напісалі, што людзі ў болей як ста гарадах будуць выступаць супраць несправядлівага рэжыму Лукашэнкі і дамагацца “эўрапейскай замежнай палітыкі” для Эўразьвязу. Давайце спачатку зьвернемся да больш агульнага пытаньня. Можаце растлумачыць, што вы разумееце пад “эўрапейскай замежнай палітыкай”? Вы мяркуеце, што сёньня ў Эўразьвязе няма замежнай палітыкі?

Джульяна: Дакладна так. Няма адзінай эўрапейскай замежнай палітыкі. Мы бачым, як галоўныя эўрапейскія краіны, такія як Францыя, Нямеччына ці Вялікабрытанія, разыходзяцца ў найважнейшых пытаньнях замежнай палітыкі, якія датычаць таго, што адбываецца ці то ў Грузіі, ці то ў Расеі, ці то на Блізкім Усходзе. Мы бачым розныя рэакцыі на гэтыя падзеі. Эўропа павінна гаварыць адным голасам. Няма сэнсу, як цяпер, мець 25 розных варыянтаў замежнай палітыкі на сусьветнай арэне. Калі Эўропа хоча калі-небудзь ураўнаважыць Злучаныя Штаты як адзіную сусьветную звышдзяржаву, калі Эўропа хоча, каб яе голас лічыўся ў сьвеце, яна мусіць аб’яднацца.

Радыё Свабода: Давайце цяпер зьвернемся да Лукашэнкі. Як вы ведаеце, у Брусэлі цяпер разважаюць наконт запрашэньня Беларусі ва Ўсходняе партнэрства і самога Лукашэнкі на саміт Эўразьвязу ў Празе ў траўні. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?

Джульяна: Пракамэнтую так: гэта падлягае поўнаму асуджэньню. Бо ж Эўразьвяз быў наклаў візавыя санкцыі на Лукашэнку і ягоных чыноўнікаў. Мы вельмі расчараваныя, што Эўразьвяз цяпер дае Лукашэнку дазвол на гэты ўдзел. Лукашэнку трэба ясна давесьці, што павага да правоў чалавека і свабода дзеяньня для палітычных партыяў і недзяржаўных арганізацый — гэта неабходныя ўмовы, каб атрымаць эканамічныя выгады. Эканамічныя выгады для Беларусі і супрацоўніцтва зь Беларусьсю павінны прыйсьці толькі тады, калі Лукашэнка згодзіцца на існаваньне палітычнага плюралізму і разнастайнасьці ў сваёй краіне.

Радыё Свабода: Якія іншыя захады, акрамя завязваньня ратоў статуям у ста гарадах стужкамі з надпісам “Час для зьменаў” і “Час для свабоднай Беларусі”, вы заплянавалі?

Джульяна: Мы выйдзем на вуліцы зь мясцовымі палітыкамі і парлямэнтарамі. Мы будзем праводзіць сэмінары і канфэрэнцыі, размаўляць зь людзьмі, ня толькі завязваць раты статуям. Мы будзем на працягу дня размаўляць зь людзьмі на вуліцы пра патрэбу аб’яднанай Эўропы, пра патрэбу адной замежнай палітыкі адносна шматлікіх пытаньняў сусьветнага значэньня, у тым ліку і адносна галоўнага для нас — Беларусі. Чаму галоўнага? Бо Беларусь — гэта найбліжэйшы эўрапейскі сусед і апошняя дыктатура ў Эўропе. І мы павінны нешта з гэтым зрабіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG