Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адноўлена крымінальная справа супраць віцебскага праваабаронцы


Праваабаронца Леанід Сьвецік атрымаў ліст ад сьледчага абласной управы КДБ пра тое, што крымінальную справу, распачатую супраць яго паводле артыкулу 130.1 “Распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці” і прыпыненую амаль паўгода таму, ізноў аднавілі.


Паводле спадара Сьвеціка, сьледчы не паведаміў яму, што стала падставай для аднаўленьня справы. Але ён не выключае, што прычына — узмацненьне ціску на праваабаронцаў, якое адчуваецца на Беларусі апошнім часам. Прыкладам можа стаць, у прыватнасьці, і адмова ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша вясна”, ва ўстаноўчым сходзе якой браў удзел віцебскі праваабаронца.

Нагадаем, што на працягу 2006—2007 гадоў Леанід Сьвецік кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія ў гэты пэрыяд атрымлівалі лісты з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”. Актывісты патрабавалі, каб КДБ знайшоў тых, хто пагражае ім расправай за палітычныя погляды і праявы беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Але міліцыя і органы дзяржбясьпекі адмаўляліся заводзіць крымінальныя справы, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што РНЕ — незарэгістраванае грамадзкае ўтварэньне.

Крымінальная справа па фактах пагрозаў з боку РНЕ была распачатая толькі 20 траўня мінулага году. І ўжо 23 траўня ў віцебскага праваабаронцы быў праведзены 9-гадзінны ператрус, падчас якога супрацоўнікі КДБ забралі ў спадара Сьвеціка кампутар ды іншую аргтэхніку, друкаваныя выданьні па пытаньнях праваабароны і нават чыстую паперу. Ператрус праводзілі згодна з пастановай, дзе Леанід Сьвецік быў згаданы ў якасьці сьведкі ў справе “лістоў ад РНЕ”, але на допыце ў КДБ яму паведамілі, што ён ужо падазраваны паводле крымінальнага артыкулу.

У верасьні крымінальная справа супраць яго была прыпыненая. На той час сьледчыя КДБ некалькі разоў дапыталі і праваабаронцу, і тых, хто атрымліваў лісты з пагрозамі. У тым ліку рэдактара бюлетэня “Курьер из Витебска” Ўладзімера Базана, былую старшыню абласной арганізацыі АГП Алену Залескую, вядомага апазыцыянэра Барыса Хамайду, які атрымліваў лісты з пагрозамі двойчы, ды іншых мясцовых актывістаў, а таксама віцебскіх журналістаў, якія пісалі пра гэтыя падзеі.

Цяпер, па аднаўленьні крымінальнай справы, новых позваў на допыты Леанід Сьвецік пакуль не атрымаў. Як і раней, ён цьвердзіць, што ніякага дачыненьня да напісаньня й распаўсюду лістоў з пагрозамі ад імя РНЕ ня меў і ня мае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG