Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдуць чыноўнікі на ІІІ сацыяльны форум?


25 грамадзкіх арганізацый, якія возьмуць удзел у Трэцім сацыяльным форуме, разьлічваюць на дыялёг зь беларускімі ўладамі ў галіне сацыяльнай палітыкі. Форум адбудзецца 14—15 сакавіка ў Магілёве.

На форум запрошаны прадстаўнікі мясцовых органаў улады, міністар працы, чыноўнікі, якія працуюць у галіне сацыяльнай абароны насельніцтва, і прадстаўнікі Эўрапарлямэнту.

Старшыня саюзу “Чарнобыль — Беларусь” Аляксандар Валчанін паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што на Трэцім сацыяльным форуме больш за 100 дэлегатаў разгледзяць шэраг прапановаў дзеля паляпшэньня сытуацыі ў галіне абароны сацыяльных правоў грамадзянаў.

Прадпрымальніцкія структуры падрыхтавалі праект закону аб прадпрымальніцтве. На форуме мяркуецца стварыць антыкрызісны фонд, у якім будуць удзельнічаць прадстаўнікі грамадзкасьці, дзяржаўных структур і замежныя арганізацыі.

Старшыня донарскай арганізацыі “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка паведаміў:

“Антыкрызісны сацыяльны фонд мы плянуем стварыць з дапамогай грамадзкіх аб’яднаньняў, дзяржаўнай улады і міжнародных арганізацый, якія запрошаны на сацыяльны форум.

Гэта будзе нейкая каардынацыйная рада, якая будзе высьвятляць, ці патрэбная фінансавая дапамога той ці іншай арганізацыі. Гэта будзе своеасаблівы банк дадзеных, дзе адна арганізацыя зможа дапамагаць іншай. Фонд будзе дапамагаць некаторым грамадзкім аб’яднаньням удзельнічаць у міжнародных канфэрэнцыях”.

Грамадзкія аб’яднаньні будуць пераносіць сваю працу ў рэгіёны і намагацца каардынаваць яе зь мясцовымі ўладамі. Аляксандар Валчанін зьвярнуў увагу, што менавіта пад ціскам грамадзкіх аб’яднаньняў ліквідатараў зьявіўся закон “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі на Чарнобыльскай АЭС”. Валчанін падкрэсьліў, што ня ўсе прапановы ліквідатараў увайшлі ў закон, але яны будуць дабівацца большай абароны сваіх правоў.

Аляксандар Валчанін апавёў, што беларускія ліквідатары з дапамогай украінскіх калегаў будуць намагацца зрабіць для сябе цэнтар рэабілітацыі ў экалягічна чыстым рэгіёне Беларусі. Яны плянуюць наладзіць грамадзкае абмеркаваньне пытаньня будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.

“Астравец — гэта зямля азёраў. Калі сюды на Камароўскі рынак прывозяць суніцы адтуль, то колькі б проб ні бралі — радыяцыі няма. А паглядзіце, нашы чарніцаў прывезьлі 20 тон — то ёсьць.

Калі пачынаць будаўніцтва, то трэба ўсім сядаць за стол і размаўляць: якая сацыяльная абарона, што гэта за землі, як, чаго... і сацыяльныя, і палітычныя аспэкты павінны быць разгледжаныя”.

На форуме мяркуецца разгледзець некалькі праектаў законаў, у тым ліку аб правядзеньні з удзелам дзяржавы і грамадзкасьці аўдыту разьмеркаваньня грошай у некаторых структурах. На думку арганізатараў форуму, гэта выклікана недаверам грамадзянаў да дзяржаўных структур у пытаньні, як разьмяркоўваюцца грошы на сацыяльныя праекты.

У працы форуму возьмуць удзел прадстаўнікі розных непалітычных аб’яднаньняў — жаночыя арганізацыі, прафсаюзы, грамадзкія суполкі — агулам 25 арганізацый. У Другім сацыяльным форуме ўдзельнічалі толькі пяць арганізацый, а ў Першым — дзьве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG