Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Паляковай прайшоў з парушэньнем закону


Маці Яны Паляковай на пахаваньні дачкі
Маці Яны Паляковай на пахаваньні дачкі

Сёньня Неаніле Паляковай нарэшце выдалі копію прысуду, вынесенага Салігорскім судом яе дачцэ Яне Паляковай, якая скончыла жыцьцё самагубствам 7 сакавіка. Першае ж азнаямленьне з прысудам ужо дае падставы казаць пра грубае парушэньне закону на працэсе над Янай Паляковай, заяўляюць яе былыя калегі.

Толькі сёньня, 11 сакавіка ў Салігорскім судзе Неаніле Паляковай выдалі копію прысуду, вынесенага яе дачцэ Яне Паляковай.

Неаніла Міхайлаўна нагадала, што судзьдзя Аляксандар Бураўцоў прапаноўваў Яне прыйсьці па копію прысуду яшчэ 6 сакавіка, праз 3 дні пасьля суду. У суд Яна Палякова так і не прыйшла, у ноч на 7-га праваабаронца павесілася ў сваёй кватэры. Пасьля пахаваньня дачкі, 10 сакавіка, Неаніла Палякова пайшла ў суд па копію прысуду, але там заявілі, што копія яшчэ не гатовая. Жанчына згадвае пра тое, як сёньня разам з праваабаронцамі з БХК Гары Паганяйлам і Леанідам Мархоткам яна зноў дамагалася выдачы гэтага дакумэнту.

“Палову дня змагаліся, ледзь да бойкі не дайшло. Судзьдзя Бураўцоў ад нас уцёк, сказалі, што ён у працэсе. Мы паскардзіліся намесьніцы старшыні суду, і тая загадала, каб выклікалі яго з працэсу. Урэшце нам выдалі копію прысуду. Зараз яе вывучаюць”.

Былы судзьдзя, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла не выключае, што копію прысуду не выдавалі адразу таму, што пасьля сьмерці Яны Паляковай у прысуд маглі ўносіцца карэкціроўкі. Вось што Гары Паганяйла заявіў “Свабодзе” пасьля азнаямленьня з прысудам, які яму перадала маці Яны Паляковай Неаніла Палякова:

“Такая сытуацыя выявілася. Аказваецца, у апошні дзень працэсу дзяржаўны абвінаваўца выставіў Яне Паляковай больш сур’ёзнае абвінавачаньне. Але ў сувязі з гэтым
Суд быў абавязаны даць Яне час на падрыхтоўку да абароны, ня меней як на 5 дзён спыніць працэс.
cуд быў абавязаны даць Яне час на падрыхтоўку да абароны, ня меней як на 5 дзён спыніць працэс. Магчыма, яна б запрасіла прафэсійнага адваката. Але гэтага суд не зрабіў і вынес прысуд. Гэта грубае парушэньне крымінальна-працэсуальнага закону, і зараз гэты факт — галоўны наш аргумэнт за тое, што прысуд Яне Паляковай быў вынесены незаконна”.

Паводле Гары Паганяйлы, спачатку Яну Палякову абвінавацілі па 1-й частцы 400-га артыкулу пра заведама ілжывы данос. Мінімальная санкцыя ў гэтым выпадку — штраф. Перакваліфікацыя на 2-ю частку таго ж артыкулу павялічвае мінімальнае пакараньне ўжо да абмежаваньня волі на тэрмін да 5 год, паколькі гаворка ўжо ідзе пра ілжывае абвінавачаньне ў цяжкім злачынстве. І перакваліфікацыя абвінавачаньня, і прысуд адбыліся ў адзін дзень, 3 сакавіка. Тады ж ад Яны Паляковай знаёмыя пачулі: “Зэчкай я ня буду”. Яшчэ праз тры дні жанчына павесілася.

Гары Паганяйла паведаміў, што ад імя БХК накіраваў заяву ў пракуратуру Салігорску з просьбай апратэставаць прысуд, вынесены Яне Паляковай судзьдзём Аляксандрам Бураўцовым. Паводле спадара Паганяйлы, да самой крымінальнай справы Яны Паляковай яго ды іншых праваабаронцаў не дапускаюць. У далейшым да апратэставаньня прысуду Яне Паляковай падключыцца адвакат Марына Сямашка. У пятніцу 13 сакавіка яна зьбіраецца падаць касацыйную скаргу на прысуд Яне Паляковай, паведаміў Гары Паганяйла.

Судзьдзя Аляксандар Бураўцоў, які выносіў прысуд Яне Паляковай, ад камэнтару адмаўляецца:

“Без камэнтару, паколькі... Не, я ня буду камэнтаваць”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна зрабіла заяву для мэдый, у якой назвала “цкаваньнем” артыкул у “Советской Белоруссии” пра Яну Палякову, які зьявіўся за дзень да гібелі жанчыны і, магчыма, спрычыніўся да самагубства:

“Падавалася, што дзяржаўныя мэдыі паціху адмаўляюцца ад распаўсюджваньня кампрамату, што ў нас спыняецца дыскрэдытацыя праз мэдыі палітычных апанэнтаў. На жаль, гэтыя спадзяваньні былі разьвеяныя той публікацыяй у “Советской Белоруссии”. Гэта ганьба для ўсёй журналісцкай супольнасьці”, — заявіла старшыня БАЖ Жана Літвіна.

Артыкул пра Яну Палякову 9 сакавіка зьнік з сайту газэты “Советская Белоруссия”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG