ПІНСК
Ад сёньня ў інтэрнэце распаўсюджваецца аб’ява Пінскага адкрытага акцыянэрнага таварыства “Палесьсе”. Гэтае найбуйнейшае на Берасьцейшчыне прадпрыемства лёгкай прамысловасьці прапаноўвае ў арэнду будынак фабрыкі. Плошча прадпрыемства — як шэсьць футбольных стадыёнаў разам.
Ці зьявіліся ўжо ахвотнікі на такія плошчы? Пытаньне галоўнаму інжынэру фабрыкі аб’ёмнага прадзіва Ўладзімеру Маклакову. Ён тлумачыць:
“За апошнія гады вытворчасьць пайшла ўніз. Тыя аб’ёмы, што былі пры савецкай уладзе і зараз, непараўнальныя.Таму эксплюатаваць два будынкі, калі можна абысьціся адным, эканамічна нявыгадна”.
Чэхі прапаноўвалі вытворчасьць, а расейцы — базар
Цікаўлюся ў суразмоўцы, на якія новыя патрэбы можа прыдацца прапанаваны ў арэнду вытворчы корпус, а таксама склад, прыбудовы і трохузроўневы адміністрацыйны блёк:
Чэхі прыяжджалі, глядзелі... Аднак прыкінулі і адмовіліся...
Write Your Quote Here ...
“Чэхі тут прыяжджалі, глядзелі, ці можна адкрыць тэкстыльную вытворчасьць. Вырабляць тут мэблевую тканіну. Аднак прыкінулі і адмовіліся. Занадта вялікія для іх плошчы. Зрабілі прапанову й расейцы. У іх намеры адчыніць тут супэр- і гіпэрмаркет, ці нават два пад адным дахам”.
Галоўны інжынэр Маклакоў ня ўтойвае, што на будынку магчымага гандлёвага цэнтру ў мінулым годзе зроблены капітальны рамонт даху. Тут плітачная падлога. Ацяпленьне. Вэнтыляцыя. Тэлефонныя камунікацыі.
“Праблема ў тым, што гэта дзяржаўнае прадпрыемства, дзе нічога людзі не зарабляюць”
У лепшыя часы на пінскай фабрыцы аб’ёмнага прадзіва было ажно дзьве тысячы працоўных месцаў. Які ж лёс працаўнікоў? Гаворыць Канстанцін Чувак, які мусіў звольніцца зь пінскай фабрыкі:
“Хто застаўся на прадпрыемстве — у прастоях. То адны выходзяць на працу, то іншыя. Хто ў вымушаных адпачынках, атрымліваюць дзьве траціны заробку, хто на працы — трошкі больш. Праблема ў тым, што гэта дзяржаўнае прадпрыемства, нават калі называецца трошкі інакш. Усё роўна яны кіруюцца адным чалавекам. Яны пад яго лад працуюць, але ў выніку нічога не зарабляюць, як і паўсюдна цяпер у Беларусі”.
БАБРУЙСК
Сярод тых мясцовых прадпрыемстваў, якія церпяць ад спаду вытворчасьці -- скураны завод.
Прадпрыемства мае затавараныя склады і працуе няпоўны тыдзень. Цяжкасьці бабруйскія гарбары зьвязваюць з падзеньнем коштаў на замежную сыравіну, а таксама з патрабаваньнямі ўраду Беларусі набываць скуру толькі на беларускім рынку. Як тут лічаць, гэтыя акалічнасьці прывялі да падаражэньня прадукцыі:
“Мы абмежаваныя ўказам прэзыдэнта”
“У нас было дужа шмат экспартнай прадукцыі. Цяпер жа на Захадзе сыравіна патаньнела прыкметна. Мы дык абмежаваныя ўказам прэзыдэнта. Сыравіну бяром толькі ў Беларусі згодна з дэкляраванымі цэнамі, якія сёньня існуюць і якія зацьверджаныя Міністэрствам эканомікі й Міністэрствам фінансаў. Цяпер мы працуем, як кажуць, толькі на мясцовым рынку”, — патлумачыла сытуацыю на прадпрыемстве прадстаўніца адміністрацыі.
А што на мясцовым рынку, ці набываюць вашу прадукцыю беларускія прадпрыемствы? — пытаюся ў суразмоўкі.
Скураны тавар з Бабруйску не купляе нават магілёўская фабрыка
Наш скураны тавар сёньня ня хочуць набываць нават ні магілёўская абутковая фабрыка, ні наша бабруйская ...
Сытуацыю пагаршае вялікая энэргаёмістасьць вытворчасьці:
“Ацяпленьне й электраэнэргія прывязаныя да даляра. Тарыфы растуць не па днях, а па гадзінах, як расьце даляр. Вось цяпер у сувязі з гэтай сытуацыяй вымушаныя працаваць чатыры дні на тыдзень. Цяпер у нас прыкладна пяцьсот чалавек працуе. Як кажуць, падскарачаем людзей крыху, падскарачаем”.
Магілёўскія абутнікі прызнаюць: прадукцыя бабруйскіх гарбароў дарагая.
“Там няма той якасьці, якая нас цікавіць. Мы працуем расейскім добрым таварам і танным. Ніводзін беларускі пастаўшчык на сёньня ня ў стане канкураваць па кошце, па якім мы бярэм. У нас кожная капейка сёньня на ўліку, каб патаньніць сёньня прадукцыю”, — паведаміў супрацоўнік магілёўскай абутковай фабрыкі “Шагавіта”.
Што да бабруйскай гарбарні, то ў лепшыя часы яе прадукцыю набывалі ў Расеі, Украіне, Малдове ды Літве, а таксама ў краінах Закаўказьзя. Некалі на камбінаце працавалі да тысячы двухсот чалавек. Як удалося высьветліць, сярэдні заробак амаль паўтысячнага калектыву не перавышае шасьцісот тысяч рублёў.
ГОМЕЛЬ
Найбуйнейшае ў Гомелі швейнае акцыянэрнае таварыства “Камінтэрн” працуе зараз толькі чатыры дні на тыдзень.
Распавядае наладчык, які назваўся Зьмітром:
На чатырохдзёнку перайшлі і на пагадзінны заробак...
“На чатырохдзёнку перайшлі. Пакуль да красавіка. На месяц за чатыры альбо пяць дзён нам не заплацяць. У нас пагадзінны заробак. На сто тысяч ці нават на сто зь лішкам будзе меней”.
“Камінтэрн” лічыцца лідэрам у Беларусі па вырабе мужчынскіх і дзіцячых гарнітураў. Акурат у сакавіку прадпрыемства адзначае 90-годзьдзе з часу свайго заснаваньня.
Паўтара дзесяцігодзьдзя таму “Камінтэрн” быў акцыянаваны.
“Чамусьці нашы чыноўнікі з Ангельшчынай пасварыліся”
Адзін са старэйшых рабочых швейнага прадпрыемства згадвае, што найбольш прыбыткова было працаваць тады, калі ішлі заказы на шыцьцё гарнітураў з Англіі:
“Калі для Англіі шылі, былі нармальныя заробкі. Ва ўсіх нармальныя. А потым штосьці з Англіяй нашы па цэнах не разабраліся”.
Апошнім часам “Камінтэрн” у зьнешніх стасунках арыентаваўся пераважна на Расею. Аднак у сувязі з крызісам збываць гарнітуры суседзям становіцца ўсё цяжэй.
На сямігадзінны працоўны дзень перайшло й гомельскае прадпрыемства “Праца”, якое спэцыялізуецца на выпуску рабочага й вайсковага абутку.