Паводле кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь мае пэрспэктывы атрымаць крэдытныя рэсурсы ад Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банка. Чаму зноў беларускае кіраўніцтва занялося пазыкамі і якія гэта можа мець наступствы для эканомікі? Пра гэта інтэрвію з экс-старшынём Нацыянальнага банку Беларусі Станіславам Багданкевічам.
Чаму ж Беларусь зноў шукае крэдытаў?
Багданкевіч: Я думаю, што гэта буйная памылка нашага ўраду, што ён усю праблему крызісу беларускай эканомікі зводзіць да атрыманьня зьнешніх пазыкаў. Фінансава-валютныя пытаньні для нас зьяўляюцца другараднымі. Асноўныя выклікі Беларусі – гэта адсталая эканоміка і памылковая мадэль разьвіцьця. І таму трэба мяняць мадэль. Пасьля таго, як мадэль будзе зьменена, зьнешнія пазыкі маглі б дапамагчы нашай эканоміцы.
Трэба пераходзіць да рэальнай дэбюракратызацыі, абмежаваць умяшаньне дзяржавы ў эканамічныя працэсы, прыбраць з эканомікі тую яе частку, якая працуе са стратамі, на склад, на дэбіторы. У нас жа замарожана грошай на складах на 1 студзеня больш за 5 трыльёнаў беларускіх рублёў. А ў дэбіторах наогул дзесяткі трыльёнаў рублёў ляжаць мёртвым грузам і не працуе капітал. Калі б не было гэтага, у нас былі б свае мільярды грошай і не трэба было б кланяцца перад Масквой і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. І з гэтага трэба пачынаць”.
Але з другога боку А.Лукашэнка кажа, што ў Беларусі зьнешні доўг малы – 8-10% ад валавога ўнутранага прадукту і Беларусі яшчэ далёка да “парогу бясьпекі па запазычанасьцях”…
Багданкевіч: Можна ж вельмі хутка заскочыць у даўгавую яму. За 2007 год гэты доўг вырас фактычна ў два разы – з 6 да 12 мільярдаў. За мінулы год ён зноў павялічыўся на мільярды. І канчатковыя дадзеныя ў нас не апублікаваныя. У гэтым годзе мы зноў бяром і ў Вэнэсуэле, і ў МВФ, і ў Расеі, і ў Кітаі, і ў Іране. І галоўнае, куды яны ідуць? На праяданьне. Мы праелі ўжо 3 мільярды за апошнія год-паўтары гэтых зьнешніх пазыкаў. То бок аплацілі перавышэньне імпарту над экспартам тавараў. Выкарысталі не на інвэстыцыі, а проста на падтрыманьне дэфіцыту зьнешнегандлёвага балянсу. На падтрыманьне завышанага курса нацыянальнай валюты. Таму гэтыя зьнешнія крэдыты выкарыстоўваюцца не на разьвіцьцё. Рэзэрвы не павялічыліся. Інвэстыцый не зроблена. Гэта ўсё праедзена”.
Паводле кіраўніка краіны, ва ўмовах крызісу, Беларусь “яшчэ трымаецца”. Пры гэтым Лукашэнка заявіў: “Дай Бог, каб на гэтым узроўні ўсё скончылася і абышлося”. Відаць, ёсьць нейкая няпэўнасьць, ёсьць нейкая пагроза…Ці можа быць новы абвал беларускага рубля?
Багданкевіч: Крызіс у нас пачаўся яшчэ да ўсясьветнага фінансавага крызісу. Гэта валютная дапамога дазваляе нам пакуль не абвальвацца, трымацца на паверхні. Але ж гэта не вырашэньне праблемы. Праблема ў неэфэктыўнасьці эканомікі. У нас заробкі ў 3-4 разы ніжэй, чым у Польшчы пры прыкладна аднолькавых цэнах. І зьнешнімі пазыкамі без рэформаў унутры краіны нічога не вырашыш. Можна толькі адтэрмінаваць абвал на год-два, але не больш за тое.
Для таго, каб не дапусьціць буйнага абвалу абменнага курса трэба прымаць неадкладныя меры па разьвіцьцю ўнутранай эканомікі, каб разьвіць тут высокі ўзровень канкурэнцыі. І адначасова з гэтым перайсьці да таго, каб абменны курс у нас фармаваўся з дапамогай рынку. Калі ўлады толькі дэвальвацыю рубля будуць рабіць – праз некалькі месяцаў гэта прывядзе яшчэ да адной дэвальвацыі”.