Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: пятніца — выходны


Ад сёньняшняга дня акцыянэрнае таварыства “Гомельдрэў” пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень. А ў Магілёве нават часовае беспрацоўе на прадпрыемствах ужо прывяло да нестабільнасьці страхавых кампаній.


ГОМЕЛЬ

Акцыянэрнае таварыства “Гомельдрэў” — найбуйнейшы ў Беларусі вытворца корпуснай, офіснай, мяккай мэблі ды багету.

Загад генэральнага дырэктара Генадзя Каротчанкі пра пераход прадпрыемства ад сакавіка на скарочаны працоўны тыдзень людзі ўспрынялі як непазьбежнасьць.

Гаворыць рабочы “Гомельдрэву” спадар Мікалай:

“Падыйшлі й сказалі: ад сакавіка на чатыры месяцы — сакавік, красавік, травень і чэрвень — пераходзім на чатырохдзёнку. Пятніца — выходны. Пішыце заявы наконт прадастаўленьня на гэты дзень неаплачанага адпачынку”.

Намесьніца генэральнага дырэктара ў пытаньнях эканомікі Вольга Халупава адмовілася пракамэнтаваць новы распарадак працы людзей на прадпрыемстве:

“Гэта камэрцыйная таямніца. Сытуацыі ўсякія бываюць. Гэта ж не пастаянная сытуацыя. Мы бачым з гэтага выйсьце. Усё будзе нармальна. Будзем жыць і будзем, як кажуць, працаваць”.

“Былі жабракамі й імі застанемся”

Перавод прадпрыемства на няпоўны працоўны тыдзень адчувальна ўдарыць па заробках мэбляроў. Апавядае спадар Міхаіл, які робіць тут амаль паўтара дзясятка гадоў:

“Для мяне чатырохдзёнка — гэта мінус тысяч сто пяцьдзясят заробку. Было “бруднымі” прыкладна 600 тысяч рублёў, будзе 400—450 тысяч. Нам ужо крызіс ня страшны, мы ў ім даўно. Былі жабракамі й жабракамі яшчэ большымі застанемся”.

Праблемнай на “Гомельдрэве” стала і вытворчасьць зборнашчытавых дамкоў, арыентаваных найперш на ўпарадкаваньне беларускіх аграгарадкоў. Чэская лінія, па сутнасьці, прастойвае.

“З крызісу можна выбрацца ў тым выпадку, калі будзе дадзена эканамічная свабода. Пакуль у нас будуць існаваць міністэрствы, канцэрны ў іхняй цяперашняй якасьці, якія і надалей будуць кантраляваць кожны крок, прадпрыемствы ў нас ніколі не паднімуцца”, — заявіў Радыё Свабода адзін са спэцыялістаў ААТ “Гомельдрэў”.

МАГІЛЁЎ

Наступствы эканамічнага крызісу пачалі адчуваць беларускія страхавыя кампаніі. Супрацоўнікі гэтых кампаній зьвязваюць свае цяжкасьці з агульнымі праблемамі ў эканоміцы.

Найбольш цярпяць ад крызісу арганізацыі, якія спэцыялізуюцца на назапашвальных відах страхаваньня. Сярод такіх — дзяржаўнае страхавое прадпрыемства “Стратавіта”. Гаворыць яе прадстаўнік:

“Людзі неахвотна страхуюцца, бо ў іх няма грошай”

“Праца па нашых відах патрабуе грашовага абароту на прадпрыемствах. Тут узносы павінны паступаць штомесяц. Адсюль — наяўнасьць грашовых сродкаў у прадпрыемстваў павінна быць пастаяннай. А паколькі цяпер становішча прадпрыемстваў нестабільнае, то стала цяжэй працаваць”.

Паводле суразмоўцы, у людзей няма лішніх сродкаў, і яны неахвотна страхуюцца:

“Ідуць масавыя скарачэньні, упалі заробкі, таму цяпер складаны час як для страхавікоў, гэтак і для страхаваных”.

Арганізацыі, якія спэцыялізуюцца на рызыкоўных відах страхаваньня, таксама маюць праблемы. Аднак іх ратуе абавязковы характар некаторых страховак — напрыклад, на аўтамабілі:

“Праблемы ўзьнікаюць толькі з арганізацыямі, але й яны вышукваюць сродкі. Гэта ж абавязковае страхаваньне. Аднак цяжкавата стала. Хочаш ня хочаш, калі машына ёсьць і трэба езьдзіць, то трэба шукаць і плаціць. Інакш штрафы давядзецца плаціць яшчэ большыя. Дзяржаўтаінспэкцыя спыняе — і пяць базавых велічыняў штраф, а гэта даражэй, чым поліс гэты страхавы”, — тлумачыць супрацоўнік страхавой арганізацыі “Таск”.

Што да страхаваньня людзей, якія часова выяжджаюць за мяжу, то тут сытуацыя пакуль няпэўная:

“Гэта пакажа чэрвень месяц. Пакуль рана казаць. Думаю, што сытуацыя зьменіцца ня ў лепшы бок. Мы ўзаемазьвязаныя з турыстычнымі агенцтвамі. Калі ў турыстычных агенцтваў пачынаюцца праблемы з кліентамі, натуральна, яны і ў нас усьлед за імі. Людзі перастаюць выяжджаць — значыць, перастаюць у нас набываць страхавыя полісы. Лета пакажа”, — мяркуе супрацоўнік страхавой арганізацыі “Альвэна”.

У агенцтвах прызнаюць, што пасажырапаток у Расею зьменшыўся ўдвая, паменеў ён і ва ўкраінскім кірунку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG