Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Гаравы: “Цяперашнія вёскі патрэбныя толькі баршчэўніку…”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Леанід Гаравы.

Ён з самага сьнежнага ды марознага раёну Беларусі — Гарадоцкага. Днямі спадар Леанід адзначыў юбілей — 50-годзьдзе.

Сябра БСДП (Грамада), адзін са стваральнікаў “Руху за Свабоду”. Абіраўся дэпутатам райсавету. 23 гады займаўся пэдагагічнай дзейнасьцю, пакуль ня быў звольнены з пасады дырэктара школы па палітычных матывах.

Ягонае хобі — пошук аўтара легендарнай ананімнай паэмы “Тарас на Парнасе”.
Сёньня размова зь Леанідам Гаравым — пра сытуацыю з кадрамі ў сельскай гаспадарцы.

— У Гарадоцкім раёне на пяць гаспадарак патрабуецца 25 спэцыялістаў — па пяць-шэсьць на кожную. Мнагавата?

— Гэтак, лічы, паўсюль: у Віцебскім і Бешанковіцкім раёнах найперш шукаюць галоўных — аграномаў, інжынэраў, ветурачоў… У нас крыху іншая сытуацыя. А лучыць усіх абяцаны мізэрны заробак — 300-400 тысяч рублёў, а не даляраў, як манілі зусім нядаўна па тэлебачаньні…

— Дык справа выключна ў колькасьці грашовых знакаў, або яшчэ ў нечым больш істотным?

— У вяскоўцаў адабралі самае галоўнае права — на тое, каб узяць нешта для сябе на калгасных фермах ці складах. Бо там цяперака пуста.

— Няма чаго “несьці”?

— Ну так… Між тым “сьцягнутае” раней заўсёды было сур’ёзным дадаткам да заробленага. Такім чынам своеасабліва аднаўлялася справядлівасьць у аплаце працы. А цяпер вёскі імкліва зьбяднелі, не выплачваюцца нават невялікі грошы. На Віцебшчыне кожная гаспадарка ў сярэднім вінная крэдыторам каля сямі мільярдаў рублёў.

— Ясная справа, што яны не разьлічацца… Спэцыялісты тое выдатна разумеюць і таму што — ня хочуць цягнуць лямку?

— Ня толькі: шмат каго не задавальняе ўдзел у прыпісках. Па леташніх выніках на Магілёўшчыне асуджалі за тое хіба ці ня цэлымі гаспадаркамі — па 10-15 спэцыялістаў. А як капнуць у нас — думаеце, будзе па-іншаму?

— Вашыя людзі баяцца, што пасьля гульняў з алоўкамі можна патрапіць за краты?

— Баяцца ці не, аднак жа зьверху прымушаюць ісьці на прыпіскі, а зь іншага боку — зьверху ж і прыкрываюць! Аднак пры любым раскладзе працаваць у гэтых умовах талковым людзям цяжка, таму кідаюць вёску, ратуючы сябе.

— Ці ёсьць у Гарадоцкім раёне гаспадарка, якая, што называецца цалкам “упакаваная”, у тым ліку і кадрамі?

— Раней лідэрам у нас быў калгас “Перамога”. Але зараз гэтая невялікая гаспадарка падала заяўку ажно на сем спэцыялістаў…

— Выснова простая — вёска апынаецца ў тупіку?

— Пятнаццаць год таму ў нас у раёне было 34 суб’екты гаспадараньня. Цяпер — дзесяць. Колішнія вёскі, дзе месьціліся цэнтры гаспадарак, мелі добрыя школы, а цяпер ужо шэсьць буйных населеных пунктаў фактычна зьнішчаныя. Обаль разам са школай зьнікла. Вошна са школай зьнікла. Гасьба зьнікла. Мехавое зьнікла. У Канышах нічога больш няма…

— Атрымліваецца: зьнікаюць вёскі — не стае і спэцыялістаў?

— Так. Бо зварочваецца вытворчасьць і яны мусяць зьяжджаць. Цяпер, адпаведна, гэтыя вёскі патрэбныя толькі баршчэўніку…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG