Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід лукашэнізацыі


Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ апазыцыйныя палітыкі выказаліся адносна далучэньня Беларусі да праграмы Ўсходняга партнэрства.

У прэсавай канфэрэнцыі бралі ўдзел Лявон Баршчэўскі, Аляксандар Казулін, Міхаіл Марыніч, Андрэй Саньнікаў і Станіслаў Шушкевіч. Яны зьвярнулі ўвагу на інфармацыю ў мэдыях пра тое, што нібыта ўзгоднена альбо прынята канчатковае рашэньне пра далучэньне Беларусі да праграмы Ўсходняга партнэрства.

Лявон Баршчэўскі
Паводле Лявона Баршчэўскага, дзеля далучэньня да гэтай праграмы беларускія ўлады павінны выканаць шэраг умоваў. А фон і час для такіх ініцыятываў абраны не аптымальны.

“Спачатку павінны быць свабодныя выбары, а для гэтага створана нармальная атмасфэра ў краіне. А потым могуць рабіцца і такія, і больш шырокія крокі з боку Эўропы ў інтэграцыі. Мы бачым на якім фоне адбываецца прыняцьце гэтага рашэньня. Гэта і зьяўленьне новых палітычных зьняволеных, гэта і брутальныя дзеяньні міліцыі ў часе мірных акцый”.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч пытаецца, чаму эўрапейскія чыноўнікі забываюцца цяпер пра чатыры ўмовы, якія былі агучаны ў Стамбуле ў 1999 годзе, і пра 12 ўмоваў, якія паўсталі ў 2006 годзе? Паводле спадара Шушкевіча, ніводная з гэтых умоваў афіцыйным Менскам не выканана.

“Чаму цяпер раптам Саляна кажа, што ніякіх умоваў няма? Я думаю, што адказ вельмі просты. Павінны адбыцца выбары восеньню ў Эўрапарлямэнт. І новы Эўрапарлямэнт зробіць пэўны ператрус у выканаўчай уладзе ЭЗ. І што да кіраўніцтва ЭЗ, і да Лукашэнкі, то ў іх аднолькавыя мэты — кожны хоча застацца пры ўладзе. Яны хочуць паказаць, што ў іх ёсьць вялікія дасягненьні ў міжнародных справах, зь Беларусьсю. І цяпер яны дапамагаюць Лукашэнку пераканаць, што ў Беларусі адбыліся пэўныя зьмены. Я думаю, што не можа быць палітыка амаральнай”.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў заўважыў, што мэта аб’яднаных дэмсілаў — гэта Эўропа і Беларусь павінна быць у Эўропе. Ён пракамэнтаваў цяперашнія захады эўрапейскіх палітыкаў:

“Нам прапануюць заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі, на рэпрэсіі, на ўзмацненьне рэжыму і прыняць рэжым Лукашэнкі ва Ўсходняе партнэрства. І даць Лукашэнку магчымасьць на роўных прадстаўляць сваю краіну з кіраўнікамі дэмакратычных краінаў. Мы ў свой час папярэджвалі сваіх сяброў з Расеі аб магчымасьці лукашэнізацыі Расеі і мы бачым, што гэта адбылося. Зараз ёсьць небясьпека лукашэнізацыі Эўропы. Мы павінны ўсьведамляць вельмі добра пагрозу, што нясуць гэтыя гульні з апошнім дыктатарскім рэжымам у Эўропе”.

Міхаіл Марыніч
Паводле Міхаіла Марыніча, пакуль у справе дэмакратызацыі беларускага грамадзтва нулявы вынік.

“Эўропа ў асобе Саляны знаходзіцца ў аблудзе ў пытаньнях беларускага палітычнага жыцьця. Відавочна адно, Эўропа робіць вялікую памылку загульваючы зь беларускай уладай. Веру, што гэта палітычная заблуда, а не расчотлівая стратэгія Эўропы”.

Аляксандар Казулін
Былы палітвязень Аляксандар Казулін вітае актыўнасьць эўрапейскіх структур датычна Беларусі. Аднак візыты эўрапейцаў адбыліся на фоне вяртаньня палітычных рэпрэсій:

“Канечне, мы ўсе чакаем нейкай канкрэтыкі аб наступствах візыту Саляны. І тое, што адбывалася за зачыненымі дзьвярыма, рэалізуецца на практыцы. І найперш гэта будзе тычыцца не вузкапрагматычных эўрапейскіх інтарэсаў адносна Беларусі, а фундамэнтальных каштоўнасьцяў, правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі. Мы хацелі б бачыць у гэтым працэсе канкрэтныя вынікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG