Загадчыца плянавага аддзелу Алена Дайліда распавядае, што найперш банкі паднялі працэнтную стаўку па крэдытах з 14 да 21%. Прычым нават па тых, якія былі ўзятыя яшчэ да Новага году. Зь яе слоў, выплата па крэдытах за год павялічылася на 600 мільёнаў рублёў.
Адначасова падрасьлі кошты імпартнай сыравіны — на 18—20%, а таксама энэрганосьбітаў.
Дайліда: “Гэта, натуральна, прывяло да падвышэньня выдаткаў, сабекошту, зьнізілася рэнтабэльнасьць, і прыбытку мы атрымаем значна меней”.
Яшчэ адна важная акалічнасьць, якую падкрэсьлівае загадчыца плянавага аддзелу, — празьмерная бюракратыя. Стала складаней праводзіць разьлікі за імпартную сыравіну ў валюце: паводле спадарыні Дайліды, трэба спачатку адаслаць паперкі ў вышэйстаячыя арганізацыі й чакаць дазволу.
Але й на гэтым праблемы не сканчаюцца.
кошты на айчынную сыравіну большыя за імпартныя ...
Дайліда: “А яшчэ ўказ прэзыдэнта, каб мы максымальна куплялі сыравіну айчынных вытворцаў. Але кошты ў іх ня меншыя, а нават большыя, чым імпартныя”.
Прэзыдэнт патрабуе, каб на месцах усе рабіліся міністрамі гандлю, але, са слоў спадарыні Дайліды, гэта ўдаецца ня надта: цэны на прадукцыю зьнізіць не атрымліваецца, дый пакупная здольнасьць паўсюль зьнізілася.
Дайліда: “Мы наагул закрэдытаваныя й уласных сродкаў у нас няма. А яшчэ ў такіх умовах, якія зараз існуюць, для нас — гібель. Як захаваць калектыў, як тлумачыць людзям, што нас закрануў крызіс? Ніхто ня хоча пра гэта думаць, а мы павінны жыць, зарабляць...”
такія умовы, якія зараз існуюць, для нас — гібель...
Загадчыца вытворчасьці прадпрыемства Тамара Ігнатовіч таксама скардзіцца на тое, што цяжка працаваць у сёньняшніх умовах.
Ігнатовіч: “Пакуль у нас 5-дзёнка, але пытаньне 4-дзёнкі ўжо вісіць у паветры. У пэрспэктыве ўжо разьлічваюцца пляны з эканамічным эфэктам, выдаткамі, да гэтага падрыхтоўка ідзе й гэтае пытаньне разглядаецца”.
На лідзкай абутковай фабрыцы працуе каля адной тысячы рабочых. Тут выпускаюць абутак са скураным і тканінным верхам.