Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя не далі адправіць сябе на вакацыі


Работнікі прадзільнага цэху Магілёўскага заводу штучнага валакна пагрозай страйку не далі адправіць сябе ў вымушаны адпачынак. Кіраўнік прадпрыемства мусіў зьмяніць свае першапачатковыя намеры. Прычынай спыненьня цэху сталася незапатрабаванасьць ягонай прадукцыі. Тым часам чыноўнікі гарвыканкаму вінавацяць магілёўскіх прамыслоўцаў, што тыя не навучыліся вырабляць патрэбную на замежных рынках прадукцыю.

Афіцыйныя крыніцы на пачатку лютага паведамлялі, што завод штучнага валакна сёлета ў параўнаньні са студзенем 2008 году вырабіў прадукцыі на сорак сем працэнтаў менш. Гэта адзін з найгоршых паказьнікаў сярод буйных прадпрыемстваў Магілёва:

“Дзьве вытворчасьці працуюць — шоўк, прадзільны цэх і цырата. На шоўку адзін прадзільны цэх хацелі закрыць. Прадзільнікі ўзбунтаваліся, ледзь да страйку справа не дайшла. Дванаццатага чысла іх прымаў дырэктар. Закрыцьцё прыпынілі”, — паведаміў “Свабодзе” работнік заводу Ўладзімер.

Плёнку 2004 году вырабу дастаюць са складу назад у цэх. Сякуць.
Чаму кіраўніцтва вырашыла спыніць цэх?

“Цэх працуе без заказаў. Працуе на склад. Проста гоняць плёнку, і ўсё. Плёнку 2004 году вырабу дастаюць са складу назад у цэх. Сякуць. Робяць рэгранулят. Плёнку прадаюць, а рэгранулят зноў ідзе на выраб плёнкі”, — кажа спадар Уладзімер.

У адміністрацыі прадпрыемства выпадак з работнікамі прадзільнага цэху не камэнтуюць. Ня кажуць тут і пра эканамічны стан прадпрыемства.

Тым часам на ўчорашнім паседжаньні магілёўскага гарвыканкаму, на якім чыноўнікі падводзілі вынікі працы мясцовых прадпрыемстваў у студзені, сярод найгоршых зноў названы завод штучнага валакна. Акрамя яго, афіцыйныя крыніцы называюць “Хімвалакно”, “Тэхнапрыбор”, мэталюргічны завод, “Магатэкс”. Пра эканамічны стан гэтых прадпрыемстваў “Свабода” ўжо неаднойчы паведамляла. Іх кіраўніцтва тлумачыла цяжкасьці неспрыяльнай сытуацыяй на замежных рынках.

Намесьнік старшыні магілёўскага гарвыканкаму Алег Ліцянкоў лічыць інакш:

“Мы павінны вырабляць толькі тое, што будзе прадавацца. Тое, што запатрабавана і на ўсходзе, і на захадзе. На жаль, мы гэтаму яшчэ не навучыліся”.

Асноўнымі праблемамі прадпрыемстваў Магілёўшчыны застаецца затаваранасьць прадукцыяй складоў, а таксама зьмяншэньне аб’ёмаў вытворчасьці да 84 працэнтаў у параўнаньні са студзенем 2008 г.

Што да заводу штучнага валакна, то ён вырабляе віскозныя ніткі й вялікі асартымэнт палімэрнай плёнкі. Прадукцыю экспартуе ў дзясяткі краінаў сьвету. На прадпрыемстве працуе больш за тысячу чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG