Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хавіера Саляну чакаюць у Менску


Саляна і Мартынаў падчас сустрэчы ў Люксембурзе
Саляна і Мартынаў падчас сустрэчы ў Люксембурзе

Сёньня позна ўвечары ў Менск мае прыляцець Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна. Гэта будзе першы візыт у Беларусь эўрапейскага чыноўніка такога ўзроўню. Яго арганізоўвае амбасада Чэхіі, краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе.



У сталіцы Беларусі Хавіера Саляну чакаюць позна ўвечары. Калі ён скарыстае звычайны авіярэйс, то прыбудзе з Брусэлю празь Вену толькі а палове адзінаццатай вечара. Патрапіць у Менск раней немагчыма фізычна — у Саляны сёньня насычаны дзень у Брусэлі. Ён сустракаўся з прадстаўнікамі Ўсясьветнага банку і ААН. А 16-й гадзіне менскага часу ён яшчэ толькі пачынаў свой выступ перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту.

Афіцыйныя асобы ў Менску, спасылаючыся на асабістую бясьпеку высокага чыноўніка, адмаўляюцца даваць дакладную інфармацыю. Але міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не выключае, што Хавіер Саляна можа прыляцець і службовым самалётам. Спадар Якаўлеўскі ўпэўнены: Саляну ў аэрапорце будзе сустракаць асабіста міністар замежных спраў Беларусі Мартынаў. А паселяць госьця альбо ў рэзыдэнцыі “Заслаўе-2”, дзе нядаўна разьмяшчаўся Ўладзімер Пуцін, альбо ў гатэлі “Эўропа”.

У Менску ў спадара Саляны заплянаваныя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыйных і грамадзкіх арганізацыяў. На афіцыйным сайце МЗС зьявілася паведамленьне, што асноўнай тэмай сустрэчы ў міністэрстве стане “бягучы стан і пэрспэктывы супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”.

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што Саляна найперш будзе канкрэтызаваць шмат якія дэталі дыялёгу Брусэль — Менск:

Алесь Лагвінец
“Цяпер адбываецца працэс навязваньня кантактаў і працяг дыялёгу. Бачныя спробы канкрэтызаваць дыялёг, які адбываецца паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.

Відавочна, што Беларусь стаіць на парадку дня яшчэ і з тае прычыны, што праз два месяцы будзе прымацца рашэньне пра санкцыі супраць высокіх беларускіх чыноўнікаў. І таму дзеяньні беларускай улады будуць знаходзіцца пад вялікай увагай.

Вельмі добра, што гэтыя кантакты разьвіваюцца. Прысутнасьць такіх высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу ў Менску дазволіць узьняць шматлікія пытаньні і, спадзяюся, атрымаць на іх адказы”.

Некаторыя беларускія палітыкі ўжо маюць досьвед сустрэч са спадаром Салянам. Першы намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што размаўляў зь ім некалькі разоў:

Вінцук Вячорка
“Бясспрэчна, гэта вельмі таленавіты публічны палітык. Ён усьмешлівы, паказальна таварыскі, умее быць уважлівым, задаваць вельмі трапныя пытаньні. І ў гэтым сэнсе я разумею, чаму ён, пабыўшы кіраўніком НАТО, змог стаць замежнапалітычным (а можа, і наагул) абліччам Эўрапейскага Зьвязу.

Бясспрэчна, што чалавек з такімі палітычнымі здольнасьцямі ў стане апраўдаць самыя рэзкія павароты эўрапейскай каштоўнаснай палітыкі”.

Грамадзкі дзеяч Аляксей Кароль сустракаўся з Хавіерам Салянам аднойчы — амаль дзесяць гадоў таму:

Аляксей Кароль
“Уражаньне ад Саляны ў межах сустрэчы вельмі прыемнае. Гэта была ветлівасьць дыплямата. Але з адчуваньнем таго, што ён асабіста ставіцца да беларускай апазыцыі і Беларусі зь вялікай сымпатыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG