Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шок ёсьць. Дзе тэрапія?


Марк Бэрнштэйн
Марк Бэрнштэйн
pessimist2006

Палітыка беларускіх уладаў ва ўмовах крызісу нагадвае старое забытае выказваньне “шокавая тэрапія”.

Калі ў рынкавых краінах зьніжаюць стаўку рэфінансаваньня да нуля і напампоўваюць эканоміку пустымі грашыма, спадзеючыся стварыць ілюзію попыту, то ў нас усё іначай.

У беларускай эканомікі няма праблемы ўнутранага попыту, дакладней, пакуль няма.

У нас — праблема экспарту. А расейцам мы ня можам надрукаваць рублёў, каб яны куплялі беларускую прадукцыю.

Таму ў нас стаўка рэфінансаваньня ва ўмовах крызісу расьце, каб хоць як зьвязаць дэпазыты ва ўмовах беспрэцэдэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля.

Такога шоку беларусы не адчувалі ўжо 13 гадоў. З тых часоў, як Багданкевіч правёў у канцы 1994 году жорсткую банкаўскую рэформу і цягам паўгода спыніў гіпэрінфляцыю.

Якія блогі я рэкамэндую:

http://arbat.livejournal.com/

http://sapojnik.livejournal.com/

http://cathay-stray.livejournal.com

http://gavagay.livejournal.com/

http://taki-net.livejournal.com/

Дысклэймэр: мая рэкамэндацыя не азначае, што я згодны з усім, што пішуць у гэтых блогах. Але чытаць іх вельмі цікава.

Многія спадзяваліся, што ў панядзелак 5 студзеня Лукашэнка выйдзе на працу і “верне ўсё ўзад”. Расчараваньне няздольнасьцю абараніць народ ва ўмовах крызісу можа стаць вялікай праблемай для прэзыдэнта, які за гэтыя гады пераканаў усіх, што ён адзін за ўсё адказвае і эканоміка падпарадкоўваецца ягоным указам.

На гэтым фоне некаторая лібэралізацыя бізнэс-асяродзьдзя не выглядае рэвалюцыйнай. Больш за тое, пад шумок з працягам рашэньня аб увозе тавараў з фіксаваным ПДВ фактычна ліквідаваны адзіны падатак у гандлі. Што такое выручка ў памеры 20 базавых велічыняў, звыш якой плаціць трэба ўжо дадаткова? Сьлёзы...

Больш радыкальным тэрапэўтычным сродкам бачыцца замарожваньне праверак, спрашчэньне рэгістрацыі і чуткі, нібы плянуецца адмена ліцэнзаваньня раздробнага гандлю. Аднак на агульным фоне прадпрыемстваў, якія спыняюцца адно за адным, і лявінападобнага скарачэньня зьнешніх замоваў гэтага яўна недастаткова.

Беларусь страціла час, за які можна было б правесьці хоць мінімальную эканамічную лібэралізацыю і сустрэць крызіс у больш мабільным стане, калі прыватная ініцыятыва магла б часткова абсарбаваць тых, хто страчвае працу на дзяржпрадпрыемствах.

Шок у нас будзе маштабны. А тэрапія хутчэй нагадвае пляцэба. Ці паверыць хто-небудзь у такія лекі, калі цэны ўжо рванулі ўгару?




Кароткая біяграфія:

Мяне завуць Марк, я прыватны прадпрымальнік. Я нарадзіўся і вырас у Менску, вучыўся ў політэхнічным інстытуце. У бізнэсе ад 1989 году.

Інтарэсы: маркетынг, палітыка, эканоміка, кампутары. Я шмат чытаю і заўсёды пішу тое, што думаю. Я — перакананы лібэрал, і свабода ў рамках прыватнай уласнасьці для мяне зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю.

Блог для мяне — гэта спосаб кантактаваньня. Мой блог — мая прыватная тэрыторыя, на якой я рады бачыць людзей з інтэлектам, але бяз пыхі і снабізму. Я вітаю любыя асэнсаваныя камэнтары па тэме, у тым ліку тыя, якія пярэчаць маёй думцы.

Бо для таго, каб азнаёміцца са сваім уласным меркаваньнем, заводзіць блог неабавязкова. У маім блогу можна і нават трэба спрачацца са мною і зь іншымі наведнікамі. У маім блогу можна нават вылаяцца, калі гэта нясе ў сабе нейкі сэнс у рамках дыскусіі.

Я люблю блогі, бо яны здымаюць усе бар'еры паміж аўтарам і чытачом. Блог можа стварыць кожны, але ня кожнага цікава чытаць. Блогер не абавязаны кіравацца чыёйсьці палітыкай і выконваць чыесьці інтарэсы. Блогер вольны ў сваім самавыяўленьні. Са зьяўленьнем блогаў цэнзура страціла сэнс.

Недахопы блогаў — гэта працяг іх станоўчых якасьцяў. Вельмі цяжка знайсьці ў гэтым моры інфармацыі тых, хто сапраўды цікава піша, прычым робіць гэта не раз-пораз, а стала. І чытаць усё немагчыма, бо ў сутках усяго 24 гадзіны, на жаль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG