Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палітычныя арышты — канец дыялёгу і лібэралізацыі”


Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Камароўскі, Алег Воўчак, Аляксандар Казулін
Аляксандар Мілінкевіч, Аляксандар Камароўскі, Алег Воўчак, Аляксандар Казулін
Сёньня ў Менску аргкамітэт грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў “Абаронцы Айчыны” і грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтар правоў чалавека” наладзілі прэс-канфэрэнцыю з нагоды затрыманьня Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.

У прэсавай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел старшыня аргкамітэту “Абаронцаў Айчыны” Аляксандар Камароўскі, праваабаронца Алег Воўчак, а таксама экс-кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін.

Алег Воўчак нагадаў, што перад 20-годзьдзем вываду савецкіх войскаў з Аўганістану ён разам зь Мікалаем Аўтуховічам і Аляксандрам Камароўскім зьвярнуўся да прэзыдэнта і прэм’ер-міністра з адмовай ад юбілейных мэдалёў з-за парушэньня правоў вэтэранаў. Аднак замест гэтага “была наладжана правакацыя 8 лютага”. Алег Воўчак адзначыў, што Мікалая Аўтуховіча затрымалі напярэдадні разгляду пытаньня пра яго ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Спадар Воўчак заявіў, што ёсьць усе падставы зноў называць спадара Аўтуховіча палітвязьнем.

Мы ня ведаем, за кошт якіх доказаў утрымліваюцца пад вартай тры чалавекі.
“Два эпізоды, якія яму прад’яўляюць — падпал дома былога начальніка Ваўкавыскай міліцыі Кацубы і падпал гаража і аўтамабіля падатковага інспэктара Майндзіка — не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Гэтыя спадары адмовіліся ад сваіх паказаньняў. І кажуць, што не настойвалі, каб іх прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Бо па ўсіх гэтых справах ёсьць асуджаныя. Пазовы задаволеныя, і яны ніякіх прэтэнзій ня бачаць. Учора мы зьвязаліся са сьведкам, які нібыта будзе на вочнай стаўцы з Аўтуховічам. Гэты сьведка адмаўляецца і кажа, што чатыры гады таму сустракаўся зь Мікалаем і ня мае ніякіх прэтэнзій ні да Аўтуховіча, ні да Лявонава, ні да Асіпенкі. Таму мы ня ведаем, за кошт якіх доказаў утрымліваюцца пад вартай тры чалавекі?”

Учора затрыманым абвінавачаньне не было прад’яўлена. Аўтуховічу, Лявонаву і Асіпенку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на сем дзён і перавялі іх у сьледчы ізалятар, дзе значна больш складаныя ўмовы. Паводле спадара Воўчака, гэта азначае, што ўлады ня маюць доказаў віны затрыманых.

“Улада мае сем дзён. Яна павінна вызваліць нашага баявога таварыша. Мы заяўляем, што ўсе афіцэры будуць яго поўнасьцю падтрымліваць”.

На прэс-канфэрэнцыю прыйшлі таксама журналісты дзяржаўных тэлеканалаў БТ і СТВ, што выклікала абурэньне ў некаторых прысутных. Вэтэран-аўганец Аляксандар Камароўскі заявіў:

Гэта проста бандыцкі наезд.
“Мы называем палітычнай замовай арышт нашых таварышаў. Гэта проста бандыцкі наезд. І я зьвяртаюся да БТ, бо я ведаю гэтае тэлебачаньне, мы сустракаліся два з паловай гады таму, калі аналягічныя правакацыі былі супраць мяне. Яны сумесна з КДБ перакруцілі ўсю сытуацыю. Ніхто ніколі з нас не паверыць, што Аўтуховіч, які мае тры баявыя ўзнагароды, возьме запалкі і пойдзе падпальваць нейкі хляўчук начальніка міліцыі”.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў сёньняшніх умовах вельмі важна выказваць салідарнасьць.

Калі сёньня ў краіне ёсьць людзі, якія яўна перасьледуюцца па палітычных матывах, то дыялёг пачынаць рана.
“Калі мы бачым, што ёсьць беззаконьне, гвалт, мы мусім быць салідарныя. Я Аўтуховіча ведаю асабіста і лічу, што гэта мужны, сумленны чалавек, мой зямляк. У гэтай справе ёсьць мноства пытаньняў. Я ня буду даваць ацэнкі, бо справа яшчэ ідзе і я ня так многа маю інфармацыі. Але інтуітыўна адчуваю, што яна несправядлівая, незаконная. Яна сапраўды ідзе на застрашваньне пэўнай групы актыўных, патрыятычных, сумленных людзей. Цяпер дыскутуецца пра дыялёг — удзельнічаць у ім ці не. Дыялёг Беларусі надзвычай патрэбны. Але ня можа быць дыялёгу любой цаной. Там, дзе пераступаецца пэўная мяжа, дыялёгу ня можа быць. Я выступаю за дыялёг, які пачынаецца з нулявога варыянту па палітычна матываваных перасьледах. Калі сёньня ў краіне ёсьць людзі, якія яўна перасьледуюцца па палітычных матывах, то дыялёг пачынаць рана. Павінен быць нулявы варыянт. Спыніць усе палітычныя рэпрэсіі, і тады сапраўды нам лёгка будзе размаўляць”.

Былыя палітвязьні зрабілі заяву, у якой патрабуюць вызваленьня Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі. Аляксандар Казулін спадзяецца, што эўрапейскія структуры і амбасады адрэагуюць на сытуацыю.

“Я хацеў бы задаць пытаньне і нашым беларускім уладам, і лідэрам Эўразьвязу — ці не азначаюць гэтыя дзеяньні канец дыялёгу і лібэралізацыі? Ці не азначае гэта новыя палітычныя рэпрэсіі і новыя акты застрашваньня і жорсткасьці адносна грамадзянаў Беларусі?

Гэтыя арышты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў — гэта чарговая сваволя. І калі ня будзе нейкай афіцыйнай рэакцыі з боку беларускіх уладаў, вельмі хуткай, канкрэтнай, прабачэньня, то ўзьнікае пытаньне — як тады далей працягваць дыялёг? Калі ідзе дыялёг, то ён павінен быць сумленны, шчыры і прыстойны“.



8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС разам з байцамі спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” арыштавалі Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенку. У іхніх кватэрах адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскі СІЗА.

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязьні, яны былі асуджаныя адпаведна на тры з паловай гады і на тры гады і пяць месяцаў, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі.



ВІДЭА:


Гаворыць дачка Юрыя Лявонава Юля

Гаворыць жонка Мікалая Аўтуховіча Алена

Гаворыць жонка Ўладзімера Асіпенкі Зоя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG