Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра перамовы з апазыцыяй, якіх быць ня можа


Падчас паездкі на машынабудаўнічы завод “Лідсельмаш”, што ў Лідзе, Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна выказваўся пра вынікі паседжаньня Грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле кіраўніка краіны, апазыцыя не сказала нічога новага. Таксама ён дадаў, што нікому ня будзе дазволена праштурхоўваць праз раду “брудныя ідэі”. Выказваньні кіраўніка дзяржавы камэнтуюць Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Сьвятлана Калінкіна, й Аляксандар Бухвостаў.

Нагадаю, што на запрашэньне кіраўніцтва прэзыдэнцкай адміністрацыі ўдзел у паседжаньні рады ўзялі такія вядомыя асобы, як Станіслаў Багданкевіч, Алег Гулак, Пётар Марцаў, Алег Трусаў, Вячаслаў Оргіш, Аляксандар Патупа, Уладзімер Нісьцюк, Аляксандар Ярашук і іншыя.

Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі:
“Лукашэнка адэкватна ацаніў, што гэта пустая структура”

Лявон Баршчэўскі
“Само палажэньне аб гэтай кансультатыўнай радзе сьведчыць, што гэтая структура абсалютна бяспраўная і пустая. Там няма такога пункту, да прыкладу, што прапановы, выпрацаваныя гэтай радай, будуць па-за чаргой уносіцца на разгляд парлямэнта альбо на подпіс прэзыдэнта. Гэтага і блізка няма. У зьвязку з гэтым Лукашэнка абсалютна адэкватна ацаніў, што гэта пустая структура і што ён ня будзе яе слухаць, нават калі яна будзе нешта прапаноўваць. Намякнуў таксама, што прапановы будуць “брудныя”. Дык вы ж самі адбіралі туды людзей, якія не павінны былі б даваць брудныя прапановы!

Гэта паказвае разгубленасьць улады. Яна ня ведае, што рабіць, яна кідаецца ва ўсе бакі. Для зьнешняга спажываньня ім патрэбная гэтая рада, каб паказаць на Захадзе, што ў нас ёсьць такая вось рада, хоць у парлямэнце апазыцыі і няма. А тое, што гэтая рада нічога ня можа і прэзыдэнт публічна пацьвердзіў, што ён яе слухаць ня будзе, — дык што, яны думаюць, што на Захадзе такія дурныя людзі і праглынуць гэта ўсё? Гэта абсалютны абсурд і глупства”.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:
“Гэта ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць супрацоўніцтва”


Алесь Бяляцкі
“Выказваньне, я б сказаў, грэблівае. Гэта яшчэ больш ставіць пад сумнеў эфэктыўнасьць таго супрацоўніцтва, якое намячаецца. У гэтым неаднаразова выяўлялася ягонае жаданьне падпарадкаваць сабе розныя структуры. Асабліва яскравыя прыклады зьвязаныя зь Вярхоўным Саветам. Калі ён таксама даваў такую грэблівую ацэнку, што, маўляў, вашая справа — законы прымаць і нікуды ня лезьці. Зараз гэта паўтараецца на ўзроўні гэтай грамадзкай рады, што іхняя справа — даваць парады. А як гэтыя парады будуць успрымацца, наколькі ўсё гэта сур’ёзна… Адным словам, пачуўшы гэтае выказваньне, я яшчэ раз задумаўся, наколькі гэтая структура можа быць патрэбнай і эфэктыўнай”.

Намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна:
“Ён сам так і думае, што ніякіх перамоў з апазыцыяй быць ня можа”

Сьвятлана Калінкіна
“Я ўвогуле ня веру ў эфэктыўнасьць нейкіх структураў без паўнамоцтваў, без рэглямэнту працы, без рэглямэнту прыняцьця рашэньняў. Пры любой адміністрацыі і найперш — пры адміністрацыі прэзыдэнта. Я думаю, што незалежным экспэртам варта паставіць гэтае пытаньне, і калі яно ня будзе вырашанае, то гэта будзе проста клюб Уладзімера Макея, дзе ён будзе сустракацца з кім заўгодна.

Рэакцыя Лукашэнкі таксама зразумелая: усе апошнія гады ён даводзіў, што апазыцыі, канструктыўнай апазыцыі ўвогуле не існуе. Што нічога пазытыўнага ад апазыцыі народу чакаць ня трэба. І зараз ён вымушаны быў зрабіць нейкі крок назад, упусьціць некаторых прадстаўнікоў незалежнага сэктару ў адміністрацыю прэзыдэнта. Але галаву сваю ня зьменіш, а таму ён працягвае сваю былую палітыку. Я ўпэўнена, што ён сам так і думае, што ніякіх перамоў з апазыцыяй быць ня можа, бо яны яму не патрэбныя“.

Адзін зь лідэраў незалежнага прафсаюзнага руху Аляксандар Бухвостаў:
“Ён заўжды нэгатыўна характарызуе ініцыятывы, у якіх удзельнічаюць апазыцыйныя сілы”


Аляксандар Бухвостаў
“Гэта характэрна для Лукашэнкі. Ён заўжды нэгатыўна характарызуе тыя ініцыятывы, круглыя сталы, у якіх удзельнічаюць іншыя апазыцыйныя сілы. Гэтая крытыка ў ягоным стылі. Зь іншага боку, калі гэтая група будзе працаваць як група экспэртаў, то, я спадзяюся, будзе карысьць. Там ёсьць некалькі спэцыялістаў, да меркаваньня якіх трэба прыслухоўвацца. Калі ж гэтая група будзе імкнуцца арганізаваць «круглы стол», то, мяркую, справа да гэтага ня дойдзе. Улады ня маюць у гэтым вострай неабходнасьці. Яны лічаць, што самі ўсё зробяць. Задушаць усіх і будуць трымаць пад кантролем. Хаця, спадзяюся, улада дарэмна на гэта разьлічвае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG