Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: 20 гадоў “пачатку канца” халоднай вайны


Лех Валэнса
Лех Валэнса

20 гадоў таму ў Польшчы пачаў працу “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў уладаў ПНР і апазыцыі, у выніку працы якога адбыліся дэмакратычныя перамены.

З нагоды 20-х угодкаў “круглага стала” Сэйм Польшчы адзінагалосна ўхваліў рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што гэтая падзея сталася пачаткам канца халоднай вайны і паваеннага падзелу Эўропы, паводле якога частка краінаў кантынэнту знаходзілася пад уплывам камуністычнага Савецкага Саюзу.

Сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі:

У выніку, быў створаны першы ў паваеннай гісторыі Польшчы некамуністычны ўрад на чале з Тадэвушам Мазавецкім
“У выніку дасягнутых дамоўленасьцяў, 4 чэрвеня 1989 году ў Польшчы адбыліся выбары. Хаця гэтыя выбары не былі цалкам дэмакратычныя, але яны засьведчылі падтрымку пераважнай большасьцю палякаў пераменаў у краіне. У выніку, быў створаны першы ў паваеннай гісторыі Польшчы некамуністычны ўрад на чале з Тадэвушам Мазавецкім. Гэтыя падзеі сталіся пачаткам дэмакратычных пераменаў у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе, якія зьмянілі аблічча Польшчы і ўсяго кантынэнту”.

Улады ПНР пагадзіліся на “круглы стол” узамен на тое, што “Салідарнасьць” адмовіцца ад заплянаваных на восень 1989 году масавых страйкаў.

Між тым Лех Валэнса – тагачасны кіраўнік дэлегацыі апазыцыі, лідэр “Салідарнасьці”, пазьней першы дэмакратычна абраны прэзыдэнт Польшчы, кажа, што на пачатку ўлады праз перамовы спрабавалі “дабіць апазыцыю”.

Валэнса: “Камуністы добра ведалі, што яны нас практычна разагналі. Людзей перасьледавалі за апазыцыйную дзейнасьць, шмат каго змусілі выехаць за мяжу пасьля ваеннага становішча, практычна выгналі з краіны. Улады адчувалі, што мы слабыя і вырашылі рызыкнуць – можа іх атрымаецца дабіць да канца. Гэта было самае брыдкае, але Бог быў па нашым баку і ў іх нічога не атрымалася”.

Бог быў па нашым баку і ў іх нічога не атрымалася
Паседжаньні “круглага стала”, у якіх у розных падгрупах бралі ўдзел каля 450 чалавек, цягнуліся да 5 красавіка. У выніку было вырашана, сярод іншага, правесьці часткова вольныя выбары – бо частку месцаў у Сэйме гарантавана мелі праўладныя кандыдаты; зарэгістраваць “Салідарнасьць”; увесьці ў краіне пасаду прэзыдэнта і даць апазыцыі доступ да дзяржаўных мэдыяў.

У выніку дамоўленасьцяў “круглага стала” ужо праз два месяцы ў Польшчы пачаўся дэмантаж камуністычнай сыстэмы, урад ачоліў Тадэвуш Мазавецкі.

Некаторыя апазыцыянэры, аднак, дагэтуль лічаць, што ў часе “гандлю з камуністамі” ідэалы “Салідарнасьці былі здраджаныя, што ва ўладаў можна было “выгандляваць значна болей”.

Лех Валэнса адкідае гэткія аргумэнты.

Валэнса: “Без тагачаснага кампрамісу мы не змаглі б пайсьці далей, хаця гэта быў, канешне, не найлепшы кампраміс. Аднак іначай, камуністычная сыстэма магла б трымацца яшчэ гадоў 30, паволі канаючы, а яе панаваньне скончылася б крывёю”

З нагоды 20-годзьдзя “круглага стала” ў Польшчы адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы. Напрыклад, у Сэйме на адмысловыя дэбаты сабраліся былыя ўдзельнікі той гістарычнай падзеі, што ў тыя часы знаходзіліся па розных бакох: Войцех Ярузэльскі і Адам Міхнік, Аляксандр Квасьнеўскі і Тадэвуш Мазавецкі ды іншыя.

Цікава таксама, што ўсе прэзыдэнты Польшчы, абраныя дэмакратычна пасьля 1989 году – Лех Валэнса, Аляксандр Квасьнеўскі і Лех Качыньскі былі ўдзельнікамі “круглага стала”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG