Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экашык па-швэдзку


4 лютага ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адчынілася выстава “Экашык”. У яе экспазыцыі прадстаўлены мадэлі адзеньня швэдзкіх дызайнэраў, якія прапагандуюць экалягічна чыстую вопратку. Разам з сотнямі іншых наведнікаў выставы экашык па-швэдзку прыкідвала да сябе наша карэспандэнтка.

Гэта быў паказ не зусім звычайнай моды. Дакладней – зусім незвычайнай. Бо ў аснову працы група швэдзкіх дызайнэраў паклала прынцып беражлівага стаўленьня да прыроды, да ўсяго таго, з чаго вырабляецца сучасная вопратка.

Вось як акрэсьліў мэты гэтай выставы надзвычайны і паўнамоцны пасол Каралеўства Швэцыя ў Беларусі Стэфан Эрыксан:

“Я думаю, што галоўнае – гэта тое, што выстава імкнецца падштурхнуць людзей трохі задумацца над тым, што мы апранаем і што ўсё-такі ёсьць розьніца ў тым, што мы ня толькі ямо, а й апранаем. Задумацца, што можна выбраць экалягічную вопратку і што гэта добра для нашай плянэты”.

“Гэта мода, у якой чалавек бярэ на сябе адказнасьць"

На выставе прадстаўлены мадэлі, зробленыя з ужо ўжываных рэчаў. Гэткім чынам аўтары паказваюць, як можна берагчы прыродныя рэсурсы, што трацяцца на вытворчасьць новых тканін. У экспазыцыі, апрача арыгінальных дызайнэрскіх працаў, зьмешчана шмат інфармацыі пра тое, якую хімічную шкоду робяць прыродзе тэхналягічныя працэсы стварэньня вопраткі.

Куратар выставы дызайнэр Карын Грэнц зазначыла, што “Экашык” – гэта ня проста мода:

“Гэта мода, у якой чалавек бярэ на сябе адказнасьць і цікавіцца, якім чынам адзеньне вырабляецца, каб не нанесьці шкоды ні сабе, ні іншым”.

“Я думаю, што вы атрымаеце натхненьне"

А дызайнэр Югана Гофрынг выказала надзею, што рух за экалягічную моду знойдзе сваіх пасьлядоўнікаў пасьля гэтай выставы і ў Беларусі:

“Я думаю, што вы атрымаеце натхненьне і што ваша ідэя, калі да яе далучацца іншыя, будзе важнай і прынясе свае вынікі”.

Арганізаваў выставу Швэдзкі інстытут у Беларусі. Паводле словаў прадстаўніцы інстытуту Юдыт Блэк, “Экашык” – гэта толькі частка вялікага міжнароднага праекту, які быў распачаты летась. Ён уключае таксама й практычныя сэмінары для зацікаўленых. Сёньня такі сэмінар быў праведзены ў Інстытуце сучасных ведаў, вынікам чаго стала дэманстрацыя экалягічных мадэляў, зробленых студэнтамі гэтай ВНУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG