Пасьля таго як лядовыя палацы ў Беларусі зьявіліся ва ўсіх абласных цэнтрах, іх пачалі ўзводзіць у буйных (і нават ня самых буйных) раённых гарадах. Апошні прыклад — адкрыцьцё такога аб’екта перад Новым годам у невялікім райцэнтры Бяроза Берасьцейскай вобласьці. Афіцыйная прапаганда, праўда, стала называць гэтыя навабуды не палацамі, а — лядовымі арэнамі. Напэўна, каб супакоіць грамадзкую думку. Хоць сутнасьць справы ад гэтага не зьмянілася: кожная такая будоўля абыходзіцца бюджэту ў мільёны даляраў.
Спорт і палітыка — тэма многіх лістоў у нашай рэдакцыйнай пошце.
Назіраючы за маштабным спартыўным будаўніцтвам, якое вымагае немалых дзяржаўных выдаткаў, наш слухач Віктар Баранаў з Рагачова піша:
“Прэзыдэнт Лукашэнка часта паўтарае з экрана тэлевізара: займайцеся спортам — і будзеце здаровыя; шукайце здароўе не ў паліклініцы, а на хакейнай пляцоўцы. Яно, вядома, добра, але калі схопіць радыкуліт альбо апэндыцыт, дык пабяжыш не ў лядовы палац, а ў бальніцу.
Зноў жа — што такое цяперашні спорт высокіх дасягненьняў? Работа на знос, разнастайныя хімічныя прэпараты ў якасьці допінгу, пастаянныя траўмы, а ў выніку — пэрспэктыва хваробаў ды інваліднасьці.
Для большасьці людзей сярэдняга і сталага веку найлепшы спорт — пасільныя фізычныя нагрузкі. Улетку — папрацаваць з рыдлёўкай альбо касой на прысядзібным участку, схадзіць у лес па грыбы ды ягады. Зімой — прайсьціся пехатой пару кілямэтраў па рыпучым сьнезе. І ня трэба гвалціць сябе вялікімі нагрузкамі. Тым больш што гэтых нагрузак у многіх хапае і на працы — на калгасным полі альбо ў заводзкім цэху”.
І лядовыя палацы, і стадыёны, і лёгкаатлетычныя манэжы — відавочна, справа неблагая, спадар Баранаў. Але пры ўмове, што раней дзяржава навяла парадак з паліклінікамі, шпіталямі, дзіцячымі садкамі і дамамі састарэлых. Бо менавіта за іх найперш павінна адказваць улада перад сваімі грамадзянамі, а не за лядовыя палацы і не за гарналыжныя цэнтры. А калі ў раёне дзеля ашчаджэньня бюджэтных грошай масава зачыняюць амбуляторыі ды ФАПы ў аддаленых вёсках, але пры гэтым у райцэнтры будуюць лядовы палац за тры мільёны даляраў — то да такой улады ўзьнікае шмат пытаньняў. Калі на ўсё не хапае грошай, то, можа, у такім выпадку варта правесьці мясцовы рэфэрэндум і спытаць у людзей, на што яны хочуць патраціць свае грошы: на новы корпус раённай бальніцы ці на новы лядовы палац? А ва ўмовах эканамічнага крызісу, у які ўсё больш паглыбляецца Беларусь, гэтая праблема робіцца тым больш актуальнай.
Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну ў сваім новым лісьце распавядае, сярод іншага, пра тое, як адстойвае ўласныя грамадзянскія правы. Слухач піша:
“Мне шкада гэтых людзей (а іх дзясяткі і сотні), якія стаяць, сядзяць, млеюць у велізарных чэргах, каб трапіць да прыём да дробнага чыноўніка. Вось таму нядаўна чарговы раз зьвярнуўся ў Дзяржаўны камітэт па маёмасьці — наконт працы БТІ (Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі) горада Воршы. Нельга ж далей цярпець такое.
Увогуле, у мяне такое здараецца часта: зайду ва ўстанову — і справа заканчваецца скандалам. Людзі гэта бачаць. Спачатку зьдзіўляюцца, а потым задумваюцца: чаму гэта ён адстойвае свае правы, а мы — не?
У БТІ ў чарзе душыліся некалькі дзясяткаў чалавек. Я зьвярнуўся да ўсіх з заклікам: не маўчыце, не сядзіце склаўшы рукі. Ёсьць кніга скаргаў — запатрабуйце. Напішыце калектыўны зварот з подпісамі і накіруйце ў Аршанскі райвыканкам да намесьніка старшыні па ідэалёгіі. Трэба ж нешта рабіць”.
Некалькі гадоў таму афіцыйныя сацыялягічныя службы выявілі, што чэргі на прыём да рознага кшталту чыноўнікаў — адзін з найбольшых раздражняльнікаў грамадзкай думкі ў сёньняшняй Беларусі. Усьлед за гэтым прэзыдэнт Лукашэнка ініцыяваў кампанію за паўсюднае стварэньне так званай “сыстэмы аднаго вакна”. У ідэале меркавалася, што грамадзянін, дзякуючы ёй, будзе пазбаўлены неабходнасьці хадзіць па розных кабінэтах у пошуках патрэбных даведак: замест яго гэта будуць рабіць самі чыноўнікі. У Менску сям-там чэргі, сапраўды, зьніклі, зручнейшы стаў рэжым працы некаторых устаноў. Але ўсё ж часьцей можна сутыкнуцца з карцінай, якую апісаў у сваім лісьце Мікалай. Асабліва гэта тычыцца рэгіёнаў Беларусі.
Наш даўні сябар Павал Ялец з пасёлку Антопаль Драгічынскага раёну — адзін з тых соцень грамадзкіх актывістаў, каго міліцыя затрымлівала падчас палітычных кампаніяў, а потым суды кідалі на 15 сутак за краты, абвінаваціўшы ў антыграмадзкіх учынках. Згадваючы пра тыя падзеі, слухач піша:
“Прапаную стварыць камісію, якая б займалася рэабілітацыяй незаконна рэпрэсаваных — як паводле крымінальных, так і паводле адміністратыўных артыкулаў. Думаю, пацярпелых ад самавольства рэжыму набяруцца сотні тысячаў. А ахвярам рэпрэсіяў неабходна выплаціць кампэнсацыі — за кошт таго крэдыту, які Міжнародны валютны фонд пагадзіўся даць Беларусі.
Таксама трэба настаяць, каб тэрміны адбыцьця палітычных пакараньняў былі залічаныя ў працоўны стаж.
Ну і, натуральна, трэба неадкладна спыніць усе крымінальныя і адміністратыўныя справы супраць такіх, як я — вярнуць нас у сем’і.
Можаце ўявіць, як гэта — чалавеку за 50, знаходзячыся ва ўцёках, захварэць на запаленьне лёгкіх. Але, дзякуй Богу, неяк выжыў. І буду жыць назло ўсім!”.
Ня надта шмат шанцаў на тое, што гэта можа адбыцца ў блізкай будучыні. Прынамсі, на грашовую кампэнсацыю за кошт нядаўна атрыманага беларускімі ўладамі крэдыту МВФ вам, спадар Ялец, разьлічваць наўрад ці выпадае. І ўсё ж да праблемы рэабілітацыі бязьвінна пацярпелых ахвяраў беларускае грамадзтва рана ці позна павінна будзе вярнуцца. Яно проста вымушана гэта зрабіць, каб і далей не наступаць на тыя ж граблі. Бо зьяўленьне палітвязьняў на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ў многім абумоўлена менавіта тым, што ў Беларусі так і не адбыўся суд над бальшавіцкімі злачынцамі, якія бязьвінна судзілі, ссылалі, расстрэльвалі людзей у 30-я і пазьнейшыя гады камуністычнага рэжыму.
У наступных лістах, якія мы атрымалі ў першыя тыдні новага году — водгукі нашых слухачоў на перадачы Свабоды: заўвагі, пажаданьні, папрокі, прэтэнзіі, падзякі.
Вось што піша Мікалай Чарвякоў зь вёскі Запольле Бялыніцкага раёну:
“Вашы перадачы слухаю, калі ёсьць цікавасьць да жыцьця, калі крыху паляпшаецца здароўе. Мне ўжо 74 гады, і ўзрост, на жаль, часта нагадвае пра сябе. Але калі ўключаю прыймач і знаходжу хвалю “Свабоды”, не магу адарвацца: для мяне цікавыя ўсе вашы праграмы”.
Аўтар наступнага кароткага ліста — Анастасія Весялуха зь вёскі Міжэвічы Слонімскага раёну. Цытата з допісу:
“Прыемна ўсьведамляць, што існуе “Свабода”. Хацелася б, каб на вашых хвалях гучала больш культурніцкіх, асабліва літаратурных моладзевых праграм. У нас шмат таленавітай моладзі. Трэба даваць нам, маладым, больш магчымасьцяў дзеля самарэалізацыі і дзеля стварэньня новай, іншай рэчаіснасьці. Гучыць гэта, можа, занадта патасна, але па сутнасьці — справядліва”.
А на заканчэньне — ліст ад Станіслава Туніка зь вёскі Шупейкі Сьветлагорскага раёну. Слухач піша:
“Вашы перадачы даюць магчымасьць пачуць іншы пункт гледжаньня на падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце і ў Беларусі. Думаю, у нашых умовах гэта надзвычай важна. Мяркую, вам трэба больш уважліва падбіраць тэмы для дыскусіяў. Яны павінны тычыцца самых надзённых праблемаў простага чалавека. Бо што найперш цікавіць людзей? Цэны на харчаваньне, адзеньне, камунальныя паслугі. Колькі што каштуе ў суседніх краінах? У параўнаньні спазнаецца ісьціна.
Яшчэ адна заўвага. Я прыкмеціў, што ў перадачы “Званкі на Свабоду” часта гучаць адны і тыя ж галасы. Ствараецца ўражаньне, што гэта вашы агенты. Я ня супраць вашых пастаянных слухачоў, але лічу, што рабіць гэтую перадачу трэба больш разнастайна”.
Цалкам з вамі пагаджаемся, спадар Тунік. А дзеля таго, каб зрабіць і гэтую, і іншыя праграмы, якія ствараюцца паводле званкоў і лістоў на “Свабоду”, больш разнастайнымі, запрашаем вас ды іншых слухачоў да больш актыўнага ўдзелу ў іх. Абяцаем, што не пакінем без увагі ніводзін з расповедаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста, тэлефанаваньня, СМС на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by