Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка запатрабуюць адстаўкі Лукашэнкі


Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ у Менску адбылася першая прэс-канфэрэнцыя арганізатараў акцыі пратэсту, якая адбудзецца ў Дзень Волі 25 сакавіка.


Заяўку на правядзеньне акцыі пратэсту падпісалі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і ягоныя намесьнікі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Арганізатары заявілі, што дэманстранты будуць патрабаваць адстаўкі кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньня новых свабодных выбараў парлямэнту і прэзыдэнта Беларусі, стварэньня ўраду народнага даверу, які распрацуе праграму пераадоленьня сыстэмнага крызісу ў Беларусі. Вінцук Вячорка заявіў:

Вінцук Вячорка
“Мяняецца імкліва сытуацыя вакол краіны і ў ёй самой. Узьнікаюць новыя і вельмі небясьпечныя выклікі для нашай незалежнасьці. І мы лічым найбольш небясьпечным з такіх выклікаў менавіта наяўнасьць антыдэмакратычнага рэжыму, які не жадае мяняцца, не жадае распачынаць шчыры і адкрыты дыялёг з грамадзтвам. А недавер да рэжыму, да ўлады стаў ня толькі палітычным, але і эканамічным фактарам. Бясспрэчна, мы будзем дамагацца сыходу гэтай цяперашняй улады ў адстаўку. Бо іншага мэханізму тэрміновага выпраўленьня становішча мы ня бачым. Яны нас давядуць да страты незалежнасьці, калі яны застануцца пры ўладзе”.

У заяўцы гаворыцца, што 25 сакавіка а 18-й гадзіне ўдзельнікі акцыі зьбяруцца на пляцоўцы каля Акадэміі навук і пройдуць шэсьцем на Кастрычніцкую плошчу. Заяўнікі папярэджваюць улады — Бангалор не прапаноўваць. Як адрэагуюць арганізатары, калі ўлады не дазволяць вызначаны маршрут? Вінцук Вячорка адзначыў:

“Я нагадваю, што працягваецца паўгадавы пэрыяд выпрабаваньня гатоўнасьці ўлады да дэмакратычных зьменаў. Ён заканчваецца 13 красавіка. 25 сакавіка — у межах гэтага пэрыяду. Што ж, няхай гэтая ўлада засьведчыць перад уласным грамадзтвам і дэмакратычным сьветам, ці яна гатовая дазволіць грамадзянам свабоду слова і мірных сходаў”.

Адзін з заяўнікаў акцыі, Віктар Івашкевіч, дадае:

Віктар Івашкевіч
“Трэба апэратыўна рэагаваць на тую сытуацыю, якая ёсьць у грамадзтве. Асабліва з улікам той дыскусіі, якая распачалася ў дэмакратычным асяродку на прадмет таго, што трэба рабіць дэмакратычным сілам — ратаваць рэжым ад Масквы ці прыбіраць гэты рэжым.

Гэта не сьвяткаваньне. Мы павінны яшчэ дамагчыся таго часу, калі дзень 25 сакавіка мы будзем сьвяткаваць. І таму гэта акцыя пратэсту супраць палітыкі ўладаў. У ранейшыя гады мы хацелі рабіць сьвяты. Але ўлады сваімі паводзінамі, як правіла, рабілі з гэтага акцыю пратэсту. Сёньня, я думаю, ад уладаў залежыць, наколькі гэты пратэст будзе насіць цывілізаваныя формы. Бо мы, арганізатары, ня хочам ніякіх фізычных супрацьстаяньняў. Наша задача — выявіць сваю пазыцыю. А ўлады сваімі паводзінамі маюць магчымасьць выказаць сваю пазыцыю. Ці гэтая пазыцыя будзе ў выглядзе дубінкі АМАПаўца, ці гэтая пазыцыя будзе ў выглядзе стала перамоваў”.

Паводле арганізатараў, БНФ прыняў рашэньне ўзяць на сябе юрыдычны, арганізацыйны цяжар і адказнасьць за правядзеньне акцыі. Яны заклікалі ўвайсьці ў аргкамітэт усіх, хто гатовы далучыцца да падрыхтоўкі Дня Волі.



Відэа БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG