Падрабязнасьці адносна будучых перамоваў трымаюцца ў сакрэце, ў тым ліку не называюцца імёны перамоўцаў. Ад Марка Зэльцэра, брата Эмануіла Зэльцэра, які жыве ў Нью-Ёрку, вядома, што гэта беларускі бок запрасіў для перамоваў прадстаўніка Дзярждэпартамэнту і адтуль у Менск накіраваўся адзін з кіраўнікоў юрыдычнага аддзелу Дзярждэпартамэнту, чые прозьвішча Марк Зэльцэр ня ведае. Перамовы мусяць адбыцца сёньня, сказаў “Свабодзе” Марк Зэльцэр.
Адвакат Эмануіла Зэльцэра Зьміцер Гарачка пацьвердзіў, што перамовы пройдуць у чацьвер, 22-га студзеня. Ці возьме ў іх нейкі ўдзел спадар Гарачка, ён да гэтага часу ня ведаў, але не выключае, што гэта можа вырашыцца ў апошні момант.
“Амэрыканскі бок не супраць, беларускі бок гэтак пакуль пытаньне не ставіць. А ўлічваючы, што запрасіў на перамовы беларускі бок, ад яго гэта будзе залежыць”.
Зьміцер Гарачка адмовіўся камэнтаваць тэму магчымага вызваленьня Эмануіла Зэльцэра ў хуткім часе. Адвакат толькі нагадаў сваю пазыцыю, якая не зьмянілася за час пасьля асуджэньня Эмануіла Зэльцэра : ён лічыць амэрыканца невінаватым і працягвае настойваць на ягоным неадкладным вызваленьні.
Між тым Марк Зэльцэр успрыняў навіну пра перамовы беларускага і амэрыканскага боку як прыкмету таго, што ягонага брата неўзабаве выпусьцяць на волю.
“Спадзяюся, што ў канцы тыдня гэта закончыцца. Ужо 10 месяцаў цягнецца гэты жах”.
Марк Зэльцэр кажа, што вызваленьне ягонага брата можа зрабіць добрую справу дзеля паляпшэньня адносін паміж Беларусьсю і ЗША, тым больш зараз -- ва ўмовах прыходу да ўлады новай адміністрацыі”. Другі фактар, які трэба ўлічваць – стан здароўя Эмануіла Зэльцэра, мяркуе ягоны брат.
“Апошнія высновы лекара зусім жудасныя. Ён піша, што ў брата такі стан, калі ў любы момант можа быць інфаркт са сьмяротным вынікам”.
у брата такі стан, калі ў любы момант можа быць інфаркт са сьмяротным вынікам
Пакуль у МЗС Беларусі адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі адносна справы Зэльцэра.
Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр знаходзіцца пад арыштам з сярэдзіны сакавіка мінулага году. Амэрыканца асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы супроць Беларусі. Амэрыканскія ўлады неаднаразова заклікалі вызваліць Эмануіла Зэльцэра.