– Беларускія шарагоўцы могуць не разумець нюансы глябальнага фінансава-эканамічнага крызісу, гэтаксама, як і шараговыя амэрыканцы. Але для нашых дзяржаваў пошук выйсьця зь яго – праблема нумар адзін.
Як я разумею, беларуская эканоміка – гэта з большага працяг старой савецкай мадэлі гаспадараньня. Аднак такая мадэль у тым сьвеце, у якім мы жывем сёньня, ня можа працягвацца бясконца. А калі паспрабаваць працягнуць яе, гэта яшчэ больш адаб’ецца на Беларусі – яна яшчэ далей адарвецца ад астатняга прамысловага сьвету.
Беларусь, як і Расея, большасьць іншых краінаў былога СССР, не ўваходзіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Спадзяюся, новая адміністрацыя захоча ўбачыць вашу дзяржаву ў СГА, дапамагчы ёй зрабіць адпаведныя перадумовы.
Разам з Украінай Беларусь зьяўляецца крытычнай транзытнай краінай для расейскіх газу і нафты. Дарэчы, Менск і сам купляе гэтую сыравіну. Мне падаецца, над гэтай праблематыкай трэба працаваць у больш глябальным маштабе. Я маю на ўвазе маштаб усёй Эўропы. Каб усе зацікаўленыя краіны працавалі сумесна дзеля разумнай надзейнасьці як у забесьпячэньні, так і ў цане. Паўтараю: на ўзроўні ўсёй Эўропы. І ў гэтым пытаньні Беларусь, безумоўна, можа адыграць значную ролю. Інакш мы будзем ісьці ад крызісу да крызісу, як зараз.
Наступная праблема – супрацоўніцтва Беларусі зь дзяржавамі так званага “ядзернага характару”, або якія маюць стасункі з тэрарызмам. ЗША былі і будуць супраць падобных стасункаў. Лічыцца, што трэба знайсьці больш глябальна прымальныя мэтады, спосабы падахвочваньня высокатэхналягічнай і ваеннай прамысловасьці Беларусі, каб яна мела большую адказнасьць у сваіх зьдзелках і гандлёвых адносінах. Зноў жа вашыя слухачы ведаюць, што тут маецца на ўвазе.
Што тычыцца непасрэдна гандлю паміж нашымі дзьвюма краінамі, дык тут перавага была і застаецца на карысьць Беларусі. Нягледзячы на розныя эмбарга, пра якія на палітычным узроўні вельмі шмат было сказана.
І ЗША мусяць падахвочваць такі падыход да гандлю там. Дзе Беларусь можа знайсьці месца са сваімі прадуктамі на амэрыканскім рынку.