Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты на прэзыдэнта: Рымашэўскі і двое невядомых


Аляксей Шэін, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец

Сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі заявілі, што маюць намер у хуткім часе ператварыць сваю партыю ва ўплывовую палітычную сілу ў краіне. Кандыдаты ад БХД зьбіраюцца ўдзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Аляксей Шэін
Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін выказаў меркаваньне, што ніякай лібэралізацыі ў рэлігійнай сфэры ў Беларусі няма. Пра гэта сьведчаць выпадкі дэпартацыі каталіцкіх сьвятароў, судовае рашэньне ў справе вернікаў “Новага жыцьця”, закрыцьцё габрэйскіх адукацыйных цэнтраў. Сябры аргкамітэту падкрэсьлілі, што Беларусь — лідэр сярод эўрапейскіх краінаў па колькасьці абортаў, самагубстваў і па алькагалізацыі насельніцтва.

Яны лічаць, што ў лік галоўных мэтаў іхнай партыі ўвойдзе барацьба з такімі зьявамі. Арганізатары ўпэўненыя, што хрысьціянскія каштоўнасьці і сапраўдны беларускі патрыятызм — прывабны падмурак для папаўненьня партыі людзьмі з дэмакратычнага асяродку.

У сьпісе заснавальнікаў БХД няма ніводнага сябра іншай партыі. Але лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч і лідэр “Ініцыятывы” Андрэй Кім увайшлі ў аргкамітэт БХД.

Віталь Рымашэўскі
БХД будзе вылучаць трох кандыдатаў на прэзыдэнта. Імя аднаго вядома. Гэта Віталь Рымашэўскі. Прозьвішчы яшчэ двух кандыдатаў стануць вядомыя на зьезьдзе партыі.

Павал Севярынец паведаміў:

“Гаворка ідзе ня столькі пра заснаваньне Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, колькі пра яе аднаўленьне. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя пасьпяхова дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў 20-30-х гадах.

Гэтаксама мы ня ставім сваёй мэтай заняць беларускую хрысьціянскую нішу і папросту ўзбагаціць палітычны спэктар Беларусі. Мы лічым, што Беларуская хрысьціянская дэмакратыя — гэта тысячагадовая традыцыя беларускай дзяржаўнасьці. Мы імкнемся пабудаваць вядучую палітычную сілу ў Беларусі“.

Павал Севярынец
Актывісты БХД застаюцца ў так званым “чорным” сьпісе дэмакратычных актывістаў, якіх часта затрымліваюць на мяжы на асабісты дагляд. Павал Севярынец лічыць гэта заканамерным.

“Палітыка дзяржавы зараз заключаецца ў тым, каб атрымаць як мага больш, не даючы нічога ўзамен. Рэчы, якія сёньняшні рэжым лічыць вельмі небясьпечнымі для сябе, — гэта палітычны рух, грунтаваны на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і на верніках як сацыяльнай групе. То бок да хрысьціянскай дэмакратыі, увогуле да ўдзелу хрысьціян у палітыцы рэжым ставіцца вельмі-вельмі насьцярожана.

Таму перад рэгістрацыяй БХД — такія прэвэнтыўныя захады, такія сыгналы, як рашэньне ў справе царквы “Новае жыцьцё”, высылка ксяндзоў, як рашэньне не мяняць закон аб свабодзе сумленьня, хаця яго зьмены патрабуюць эўрапейскія перамоўшчыкі“.

Устаноўчы сход прызначаны на 28 лютага. Сустаршыні аргкамітэту запэўнілі, што калі ўлады не дадуць ім магчымасьці арандаваць вялікую залю, то яны правядуць сход на плошчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG