Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўшчына без прыбытковых прадпрыемстваў


У Пастаўскім рэгіёне прыбытковых дзяржаўных прадпрыемстваў амаль не засталося. Завод “Беліт” сутыкнуўся з праблемай збыту сваіх вырабаў — пыласмокаў ды мікрахвалевых печак, якія не карыстаюцца попытам у пакупнікоў. На ільнокамбінаце кажуць, што толькі добры сёлетні ўраджай уратаваў прадпрыемства ад масавых скарачэньняў, якіх усё адно чакаюць, калі скончыцца сыравіна. Пастаўскі кансэрвавы завод днямі абвешчаны банкрутам.

Тры гады таму былы камандзір авіяпалка Ўладзімер Бароўка адмовіўся стаць дырэктарам на гэтым прадпрыемстве: яшчэ тады яно было непэрспэктыўным. Паводле спадара Бароўкі, уратаваць вытворчасьць магла б істотная мадэрнізацыя, але ва ўмовах крызісу малаверагодна, што на гэта знойдуцца грошы:

“Я прыйшоў, паразмаўляў зь людзьмі, паглядзеў, што даўгоў паўтара мільярда, што ўсе лініі ды станкі — 60-70-х гадоў… Выпускалі яны салянкі, гуркі, памідоры, баршчы ў слоіках. Прадукцыя стала неканкурэнтаздольнай: ну каму зараз патрэбныя тыя слоікі, закатаныя дзядоўскім спосабам! Патрэбнае было пераабсталяваньне, і калі грошай на гэта не знайшлі да крызісу, то будзе проста цуд, калі знойдуць цяпер!”

Уладзімер Бароўка распавёў, што апошнім часам раённыя ўлады спрабавалі ўратаваць кансэрвавы завод, загадаўшы ўсім гандлёвым структурам узяць на рэалізацыю прадукцыю зь перапоўненых складоў. Аднак плёну гэта не прынесла.

Цяпер на прадпрыемстве прызначана антыкрызіснае кіраўніцтва, якое павінна ўрэгуляваць збыт прадукцыі і адносіны з крэдыторамі, агульная запазычанасьць якім складае ўжо больш за чатыры мільярды рублёў.

Патрэбнае было пераабсталяваньне, і калі грошай на гэта не знайшлі да крызісу, то будзе проста цуд, калі знойдуць цяпер.
На кансэрвавым камбінаце спадзяюцца, што дзяржава дасьць прадпрыемству чарговы крэдыт. Прыкладна такія сама спадзяваньні маюць і на Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, які вырабляе мэблю: тут таксама адчулі цяжкасьці з рэалізацыяй прадукцыі.

Галоўны інжынэр прадпрыемства Зьміцер Ярмолаў распавёў, што шмат якія партнэры адмовіліся ад супрацоўніцтва з прадпрыемствам, бо высокі кошт прадукцыі не задавальняе спажыўцоў, асабліва замежных:

“Часовыя цяжкасьці. Але яны паўсюль. У Францыю раней прадукцыю пасылалі. Цяпер яны адмовіліся, бо не задавальняюць кошты. Спрабуем працаваць з Расеяй. Змагаемся! Мяркуем перайсьці на выпуск лямінату — гэта будзе новы кірунак. Думаю, што прадпрыемства выжыве ў любым выпадку”.

На дрэваапрацоўчым камбінаце кажуць, што пакуль скарачэньняў не плянуюць, бо спадзяюцца на дзяржаўную дапамогу.

Паводле Ўладзімера Бароўкі, які на мінулых выбарах быў незалежным кандыдатам у дэпутаты парлямэнту, дзяржаве варта было паклапаціцца пра пераабсталяваньне старых прадпрыемстваў раней. Да прыкладу, не ўкладаць такія вялікія сродкі ў парадкаваньне гораду да афіцыйнага сьвята — Дня беларускага пісьменства, які праходзіў ў Паставах у 2006 годзе. Цяпер цэнтар Паставаў выглядае амаль па-эўрапейску, а прадпрыемствы на ўскраінах гібеюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG