Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Генадзь Бураўкін, Міхась Тычына, Міхась Башура


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 10 студзеня




ЛІТПРАЦЭС

МІХАСЬ БАШУРА: “ЦЭНЗУРЫ НАШАЕ ВЫДАВЕЦТВА НЕ АДЧУВАЕ”


Леташні год на айчынным кніжным рынку азначыўся стварэньнем новага недзяржаўнага выдавецтва “Галіяфы”. За восем месяцаў ад часу атрыманьня ліцэнзіі ў ім выйшла адзінаццаць кніг сучасных беларускіх літаратараў. А ў пэрспэктыўных плянах – пошук новых імёнаў і выданьне двухсот кніг – цэлай бібліятэкі айчыннага прыгожага пісьменства. Пра гэта нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак распавёў намесьнік дырэктара новага выдавецтва Міхась Башура.

Валянціна Аксак: “Спадар Міхась, як вы ў цэлым ацэньваеце першы год працы вашага выдавецтва?”

Міхась Башура
Міхась Башура:
“Асабіста я ацэньваю ня вельмі добра, таму што ў загашніку выдавецтва вельмі шмат розных рукапісаў, якія мы маглі б ужо выдаць. Але адзіная праблема – гэта грошы. Староньнія ж людзі кажуць, што “Галіяфы” вельмі добра зарэкамэндавалі сябе на кнігавыдавецкім рынку. Хоць мы зарэгістраваныя год таму, але працуем, па сутнасьці, з красавіка, калі атрымалі ліцэнзію”.

Аксак: “А ці не спрабавалі вы параўнаць колькасьць выдадзеных “Галіяфамі” кніг з колькасьцю кніг, што выйшлі, скажам, у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”?”

Башура: “Такіх падлікаў мы не рабілі, і я, па-шчырасьці, ня бачу ў гэтым ніякага сэнсу. Таму што справа ня ў колькасьці кніжак. У першую чаргу мы арыентуемся на якасьць нашых выданьняў. Мы з’арыентаваныя на беларускамоўную якасную літаратуру. І, па нашым меркаваньні, нашы кніжкі цікавыя і вартыя таго, каб іх чыталі людзі. Стараемся шукаць нешта новае, тое, чаго раней не было ўвогуле ў беларускай літаратуры. Можна лічыць нашай знаходкай Аляксея Талстова. Мы выдалі яго раман “Бег” і цяпер рыхтуем да друку яшчэ адзін ягоны раман “Мінакі”. Спадзяюся, што сёлета ён выйдзе”.

Аксак: “А як чытачы рэагуюць сваёй кішэняй на выданьні “Галіяфаў”? Наколькі яны запатрабаваныя ў кнігарнях?”

Башура: “Кнігі нашы купляюцца, але ня вельмі добра. Ёсьць пэўныя праблемы з рэклямай. Гэта і наша недапрацоўка – на ўсё проста не стае часу. Але калі ўдаецца добра прарэклямаваць кнігу, як, да прыкладу, раман таго ж ж Аляксея Талстова, то пра яго ведалі задоўга да выданьня. І потым, калі мы прывозілі кнігу ў кнігарні, то нам казалі: “Вось нарэшце вы прывезьлі Аляксея Талтова”.

Аксак: “З адзінаццаці выдадзеных летась кніг колькі ўжо распрададзена? Дарэчы, якімі накладамі выходзяць вашы выданьні?”

Башура: “Наклады ад 500 да 1000 асобнікаў. Наколькі распрададзеныя? У выдавецтве кнігі не ляжаць, усе асобнікі разьвезеныя па крамах. Яны прадаюцца, а некаторыя і няблага прадаюцца, але грошы за прададзеныя кніжкі вяртаюцца вельмі марудна. Большасьць кнігарняў у нас – дзяржаўныя, і чамусьці яны дрэнна разьлічваюцца з выдавецтвамі”.

Аксак: “У вас ёсьць магчымасьць прарэклямаваць бліжэйшыя вашы выданьні”.

Башура: “У плянах нашага выдавецтва – каля двухсот кніжак. Гэта глябальныя пляны. У рэклямцы на бліжэйшыя два гады – каля сарака кніжак. Літаральна ў бліжэйшыя тыдні мы чакаем дзьве кніжкі. Адна зь іх – “Рэтраспэктыва” Пётры Васілеўскага. Гэта зборнік мастацтвазнаўчых артыкулаў. Другая кніжка – “Друкапісы” Інэсы Кур’ян. Яе складуць друкапісы часоў суполкі “Бум-Бам-Літ” з прадмовай складальніцы”.

Аксак: “Ці адчувае ваша выдавецтва наяўнасьць цэнзуры ў краіне?”

Башура: “Тыя кніжкі, якія мы выдалі, ніякай цэнзуры не праходзілі. Мы стараемся самі нейкую ўнутраную цэнзуру рабіць. Напрыклад, адсочваем, каб аўтары не ўжывалі ненарматыўную лексыку. Хоць у паўсядзённым жыцьці яна ёсьць, і многія кніжкі выдаюцца зь ёй, мы стараемся гэтага не дапускаць”.

Аксак: “А нейкія ідэалягічныя органы цікавіліся вашай прадукцыяй?”

Башура: “Мы мала яшчэ працуем і, відаць, пакуль што слаба сябе зарэкамэндавалі, каб намі цікавіліся нейкія органы. Дзякуй Богу, пакуль нічога такога не было. А можа, яны намі не цікавяцца, што мы добра ўсё і якасна робім?...”

АЎТАР І ТВОР

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН: “КАЛІ ТЫ ТАЛЕНАВІТЫ – СТАНАВІСЯ ПОБАЧ З КЛЯСЫКАМІ, НЯ ТРЭБА – ЗАМЕСТ ІХ”


Прыканцы мінулага году была створаная грамадзкая назіральная рада пры тэлеканале Белсат, у якую ўвайшоў і паэт Генадзь Бураўкін, колішні старшыня Дзяржаўнага камітэту па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. Чальцы рады будуць даваць прафэсійныя парады кіраўніцтву Белсату, дзяліцца сваім шматгадовым досьведам працы на ТБ. Белсат і літаратура – з гэтай тэмы і пачалася гутарка Міхася Скоблы з Генадзем Бураўкіным.

Міхась Скобла: “Спадар Генадзь, сёньня Белсат паказвае добрыя замежныя фільмы, дубляваныя па-беларуску. Ідуць там цікавыя інфармацыйныя перадачы. Забаўляльная перадача ёсьць – “Калыханка ад Сашы і Сірожы”… А літаратуры – няма, як і на БТ. Ці будзеце вы рэкамэндаваць Белсату ўвесьці нейкую сталую літаратурную рубрыку?”

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін:
“Рана пра гэта гаварыць, я ня так даўно пачаў глядзець Белсат. Я вельмі ўзрадаваўся, калі зьявіўся тэлеканал, які паставіў сабе за мэту вяшчаць па-беларуску для беларусаў. Наколькі я магу меркаваць, пакуль што ідзе станаўленьне каналу. Напрыклад, я не прымаю “Сашы і Сірожы”, гэта ніжэй нейкіх крытэраў, якія ёсьць у любым мастацтве, у тым ліку і ў тэлевізійным. Калі я слухаю вярзеньне гэтых небяздарных людзей, то задаю сабе пытаньні: навошта гэта? пра каго гэта? для каго гэта? Калі яны хочуць паказаць, якія беларусы дурныя, то для гэтага ёсьць іншыя СМІ. Я не сумняваюся, што зь цягам часу на Белсаце зьявіцца і літаратура, але мне хацелася б, каб яна была высокага ўзроўню. Яна не павінна апускацца да ўзроўню публікі, у якой няма густу, у якой не хапае адукацыі”.

Скобла: “Мы гаворым пра літаратуру на тэлебачаньні, і мне ўспомнілася, што адзін ваш твор прагучаў па БТ прыблізна 7300 разоў! Я маю на ўвазе вашую “Калыханку”, якая гучала штовечар ажно дваццаць гадоў. І да гэтай пары яе ведае на памяць кожны мінак на вуліцы. Так што тыражаваньне твораў таксама мае вялікае значэньне. А якія вашыя творы друкаваліся самым вялікім накладам?”

Бураўкін: “У свой час мяне ахвотна друкавала “Правда”, у якой былі проста захмарныя наклады – больш за дзесяць мільёнаў асобнікаў. Я даволі актыўна друкаваў вершы ў “Литературной газете” ў перакладзе Якава Хялемскага, Рыгора Куранёва, Ігара Шклярэўскага. Мяне даволі ахвотна друкаваў папулярны чсаопіс “Юность”, у яго таксама наклад быў за пяць мільёнаў. І я праз усё жыцьцё нясу, як узнагароду, той факт, што маю паэму “Хатынскі сьнег” падпісаў у друк Аляксандар Твардоўскі. Яму, калі сыходзіў з пасады галоўнага рэдактара “Нового мира”, было дадзена права падпісаць у друк апошні нумар. І там сярод іншых матэрыялаў аказалася мая паэма. Але, скажам шчыра, песенная аўдыторыя шматкроць перакрывае ўсе друкаваныя наклады. Бо тыя ж “Калыханка”, “Конь незацугляны”, “Зачарованая мая”, “Завіруха” давалі маім вершам такую вядомасьць, якую аніякі Дом друку ня мог даць”.

Скобла: “Што з літаратурных публікацый уразіла вас у 2008-м? І чаго вам найбольш не хапае ў сёньняшняй нашай літаратуры?”

Бураўкін: “З прачытаных апошнім часам твораў на мяне моцнае ўражаньне зрабіла аповесьць Уладзімера Някляева “Вяртаньне Веры”. Някляеў сёньня – адзін з самых таленавітых і глыбокіх паэтаў, і ягоны адыход у прозу, прызнаюся, мяне ня вельмі радаваў, не заўсёды, на маю думку, ён быў плённым. А вось гэтая аповесьць выдатна спалучыла ў сабе і мадэрновыя павевы, і дастаткова глыбінныя рэчы. Зь леташніх публікацый памятаецца глыбокая і мудрая паэзія Рыгора Барадуліна. Таксама мяне вельмі парадаваў Васіль Зуёнак – у ягоных апошніх вершах паядналася ўзроставая мудрасьць і майстэрства. Шкада, вельмі шкада, што гэтыя відавочныя літаратурныя зьявы праходзяць амаль незаўважанымі шырокім грамадзтвам. Чаго мне найбольш не хапае, дык гэта сур’ёзнай аналітычнай крытыкі. Ня проста рэцэнзаваньня твораў, што робіце вы ў “Доме літаратара”, а – заглыбленага разважаньня пра месца і ролю літаратуры ў сёньняшнім жыцьці. Абавязак крытыкаў таксама – акцэнтаваць увагу грамадзтва на выдатных літаратурных зьявах”.

Скобла: “Ня так даўно госьцем “Дому літаратара” быў якраз згаданы вамі Васіль Зуёнак. Дык ён прызнаўся, што чытаць нешта новае не адчувае патрэбы, яму хапае перачытваньня клясыкі. А вы ці сочыце за сучасным літаратурным працэсам?”

Бураўкін: “Бясспрэчна сачу. Мо не заўсёды пасьлядоўна і ўважліва. Але тое, што друкуецца, прыкладам, у лепшым на сёньня літаратурным часопісе “Дзеяслоў”, не праходзіць міма маёй увагі. Прыкладам, мне падабаецца творчасьць таленавітага Віктара Жыбуля. Мне часта цікавым здаецца тое, што робіць у паэзіі Андрэй Хадановіч. Апошнім часам даволі цікава выступае ў друку Віка Трэнас. Ёсьць шмат таленавітай моладзі. Хацелася б толькі аднаго: каб яны хутчэй праходзілі шлях супрацьпастаўленьня старэйшым. Я не люблю, калі нехта ў літаратуры, паводле дурной савецкай звычкі, імкнецца заняць чыёсьці месца. Ды ня трэба быць замест некага! Калі ты таленавіты і разумны – станавіся побач з Купалам, з Коласам, з Куляшовым, з Панчанкам, з Караткевічам, з Быкавым, з Брылём, з Барадуліным! Станавіся побач! Ня трэба – замест! Але тыя, хто хоча “замест”, адчуваюць, што калі яны стануць “побач”, будзе адразу відна розьніца ў талентах. Таму я і хачу, каб маладыя не былі замест Барадуліна, Гілевіча, Зуёнка, Вярцінскага, а былі побач зь імі”.

ГЕНАДЗЬ БУРАЎКІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

Разьвітваемся зь Нінаю Мацяш
Пад нізкім небам і калючым ветрам.
Маўчыць прастора шэрая наўсьцяж,
І змрок гусьцее над абліччам сьветлым.

Цярплівіца, пакутніца, сястра
У вечны вырай ціха адплывае.
Як прысак неастылага кастра,
Праменіць цеплыня яе жывая.

Але ўжо холад падступае з-за
Жалобнага пяшчанага пагорка.
І на вачах дрыжыць ці то сьляза,
Ці то з падхмар’я стрэсеная зорка.

* * *

Пэўна, так прызвычаілі нас,
Што мы ўсе ў мітусьні парываньняў
На пасьля адкладалі ўвесь час
Словы шчырых сяброўскіх прызнаньняў.

Пачакаем, яшчэ не пара –
Разважалі цьвяроза і стала.
А ўжо восень стаіць ля двара,
І сяброў засталося так мала.

І мы лаем сябе зноў і зноў
Ля халоднай шпітальнай пасьцелі:
Незвычайных шукаючы слоў,
Мы звычайных сказаць не пасьпелі.

* * *

Вы верыце, што памяняўся сьвет
І стаў нарэшце ўтульны і спакойны?
І ваяўнічы багацей-сусед
Ужо зусім ня думае пра войны?

Вы ўпэўнены, што за свае гады
Пасьпелі дасканала разабрацца,
Дзе ісьціна, а дзе падману дым,
Дзе злы хаўрус, а дзе сьвятое брацтва?

Вы згодныя, каб людзі і далей
Прымалі зь непазьбежнасьцю пакорнай
І абяцанак прытарны ялей,
І самавольства д’ябальскія жорны?

Шчасьлівыя.
Прыладзіліся вы
Да нечаканак, стрэсаў і навацый…
А я ўвесь боль бяру да галавы
І ўсё не развучуся сумнявацца.

* * *


А жыцьцё зусім кароткае.
Не заўважыш незнарок,
Што вось там, за павароткаю
Ціша вечная і змрок,
Ні зайздросьнікаў, ні ворагаў,
Ні нянавісьці сьляпой,
Супакой для сэрца хворага
І для думак супакой.

Ну а тут – бясконца цягнецца
Будняў пыльная шаша.
Ад натугі рвуцца цягліцы,
Ад пакут шчыміць душа.
І карціць адно – пажаліцца,
Адпачыць пасьля турбот…

Але хай не набліжаецца
Той апошні паварот…

* * *


Быць хачу шчасьлівым!
Вы мне не пярэчце –
Выпраўлюся з хаты, абміну парэнчы,
За вароты выйду,
У цяньку прысяду,
Памалюся сонцу,
Падзіўлюся саду.
Да старой ігрушы
Моўчкі прыхінуся,
Жаўранка пачую,
Дзятлу адгукнуся,
Удыхну прывольна
Ветру лугавога.

І з душы павольна
Адплыве трывога.
І мой лоб гарачы
Пацалуе лісьце,
І адчую – сілай
Рукі наліліся.
І растане ў небе
Хмарка дажджавая…

Хто сказаў, што ў сьвеце
Шчасьця не бывае?

КРЫТЫКА

КНІГА-ПАДЗЕЯ

Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменьнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады. Укладальнікі: Л. Савік, М. Скобла, К. Цвірка, прадмова А. Сідарэвіча. – Менск: Кнігазбор, 2008. – 696 стар.

Міхась Тычына
Некалі ў фае “Дому літаратара” (Фрунзэ, 5) наведвальніка спыняла мэмарыяльная дошка са сьпісам беларускіх пісьменьнікаў, якія загінулі ў гады Другой усясьветнай вайны. Потым яна перамясьцілася ў бібліятэку. Бібліятэкі, кніжны фонд якой папаўнялі пераважна самі пісьменьнікі, ахвотна перадаючы ў дар свае новыя выданьні, больш не існуе. Сёй-той шкадуе, што Герастрат іх апярэдзіў.

Герастратава слава абмінула і тых, хто нішчыў ня толькі кнігі, рукапісы, архівы, але і саміх аўтараў. У біяграфічных нататках, якія знаёмяць чытача з 66 пісьменьнікамі, загубленымі бальшавікамі ў 1920–1950-я гады, названа толькі адно імя сьледчага-ката. Гэта лейтэнант Быхаўскі, які склаў “обвинительное заключение” па справе “Куделько-Чарота”. Іншыя схаваліся ў цень “крывавага Тарквэмады”, які заняў 3-е месца ў грамадзкім апытаньні “Імя Расеі”, пакінуўшы пад такімі ж “заключениями” неразборлівыя подпісы і спадзеючыся на магічнае “строго секретно” і “хранить вечно”. Сьпісы закатаваных у прадмове Анатоля Сідарэвіча ў шмат разоў даўжэйшыя, чым тыя, якія змагла зьмясьціць адна кніга, своеасаблівая анталёгія беларускай літаратуры, ад якой засталіся асобныя ўражлівыя фрэскі і фрагмэнты.

Нават спэцыялістаў, якія займаюцца ўсё жыцьцё літаратурай і не па чутках ведаюць пра змрочныя 20–50-я, жахае бясконцы пералік імёнаў і прозьвішчаў пісьменьнікаў, якія апынуліся на адной гістарычнай пляцоўцы поруч: вялікія і малыя, таленавітыя і проста здольныя, клясыкі і пачаткоўцы. Усіх іх яднае агульны трагічны лёс, які ўкладваецца ў паўторы адной і той жа стандартнай фармулёўкі: “быў арыштаваны органамі НКУС па сфабрыкаваным абвінавачваньні ў... “шпіёнска-правакатарскай дзейнасьці”... па справе “Саюза вызваленьня Беларусі”... пасаджаны ў турму... высланы... расстраляны...”. Альбо жахлівая выснова – “далейшы лёс невядомы”.

Розьніца хіба толькі ў тым, што адны “загубленыя” ў 67 гадоў (Аляксандар Уласаў), у 63 – Уладзімер Самойла, у 60 – Францішак Аляхновіч, у 58 – Антон Луцкевіч, у 57 – Язэп Лёсік, у 55 – Уладзіслаў Галубок, у 54 – Сымон Рак-Міхайлоўскі, у 50 – Аляксандар Цьвікевіч, а другія ў 21 – Мікола Гваздоў, у 25 – Сяргей Астрэйка, у 26 – Юлі Таўбін, у 27 – Алесь Салагуб, Янка Філістовіч, у 28 – Лукаш Калюга, Валеры Маракоў, Зяма Півавараў, у 29 – Міхась Багун, у 30 – Васіль Каваль, у 32 – Алесь Дудар, у 33 – Янка Туміловіч, у 35 – Уладзімер Хадыка, Паўлюк Шукайла, Сяргей Дарожны, у 36 – Фабіян Шантыр... Пералік прозьвішчаў, які пачаўся ў лютым 1920 году, калі быў абвінавачаны ў контррэвалюцыі і расстраляны бальшавікамі Фабіян Шантыр, бясконцы.

Усіх іх яднала тое, што яны любілі Беларусь. Такую, якую засталі ў міг нараджэньня, і такую, якую хацелі пакінуць пасьля сябе. А мы, чытаючы іх вершы, апавяданьні, п’есы, часткі паэмаў, фрагмэнты раманаў, публіцыстыку, літаратурна-крытычныя артыкулы, філязофскую эсэістыку, лёгка можам уявіць тую Беларусь, якую мы страцілі, і страцілі назаўсёды, бо чалавечая асоба, пісьменьніцкі талент – непаўторныя, унікальныя, неаднавімыя. Аднак чытаючы тых, хто грунтоўна ўзнаўляў пройдзены беларусамі шлях, натхнёна маляваў жаданую пэрспэктыву і не пасьпеў зьдзейсьніць “лірычны праект” будучай Беларусі, ведаючы крэатыўныя магчымасьці беларускага духу і паскораны нацыянальна-культурны рух ва ўсясьветную інтэлектуальную прастору, мы маем рэдкую магчымасьць дакладна ўбачыць тое месца, дзе знаходзіліся б у наш час.

У нас ёсьць на каго раўняцца і з кім супастаўляць сябе: украінцы, палякі, чэхі, баўгары і іншыя эўрапейскія нацыі, якія перажылі “вясну народаў” і рушылі ў эўрапейскую сям’ю, часта згадваюцца ў кнізе. Час, калі ўсіх беларусаў можна было “зьмясьціць на адной канапе”, як іранізаваў адзін польскі журналіст, нагадвае час, які незадоўга да беларусаў перажывалі чэхі, і які згадваў Францішак Палацкі, адзін з чэскіх “будзіцеляў”, аўтар “Гісторыі чэскага народу”. На адной з сустрэчаў чэскіх адраджэнцаў у праскай піўніцы ён сказаў: “Вось калі б у гэтым склепе цяпер абрынулася столь – надышоў бы канец чэскаму народу”. Адраджэньне “беларускага духу” пачалося, як і ў іншых, з малога: з разуменьня свайго непадабенства і пачуцьця адзінства.

Аляксандар Уласаў, рэдактар-выдавец газэты “Наша Ніва”, згадвае той гістарычны момант, калі адзін за адным зьяўляліся беларускія песьняры, “каторыя сваімі вершамі і песьнямі кідалі зярняты любові да бацькаўшчыны, да ўсяго, што сваё, роднае”, калі зьявіліся нацыянальныя арганізацыі і свая інтэлігенцыя. Нашы суседзі былі ў шоку. “Тады, – удакладняе А.Уласаў, – не было яшчэ ні Купалы, ні Коласа!” (Дарагі слухач, вы можаце сабе ўявіць такое?!) Але “энергія была ў нас калясальная, энтузіязм маладосьці. Вера горы перасоўвае!” З крыніцы, ручайка беларускі рух “зрабіўся ракой”. Пакаленьне нашаніўцаў, якое вызваляла “дух народу з рабскае залежнасьці ад чужынцаў”, зьмянілася пакаленьнем “Маладняку”, “Узвышша”, “Полымя”, якое адыграла ня меншую ролю ў беларускім рэнэсансе.

Уладзімер Самойла ў філязофскім эсэ “Гэтым пераможам” стварыў аптымістычную праграму дзеяньня, актуальную і сёньня: “Прыватныя эгаізмы павінны быць ператвораны ў вышэйшыя інтарэсы самазахаваньня і самаразьвіцьця народу як арганічнага цэлага. Духовая актыўнасьць народу павінна быць паднята на вышэйшую па сваёй колькасьці і якасьці ступень. Новая барацьба вымагае і новае сьвядомасьці, новае асабістасьці, новага, больш моцнага і стойкага, жыцьцёвага тыпу. Страшэнная небясьпека абвешчанае беларусам вайны “да поўнага зьніштажэньня” вымагае ўсенароднага гераізму”.

Яшчэ адзін з расстраляных, Язэп Лёсік, ведаў адказ на сваё пытаньне: “Ці запраўды мы ніколі ня будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сянкевіча, Талстога?” “Калі б была добрая змога вырабляць ды гадаваць усё тое, што ў даўнюю даўніну народ наш меў у багатых і пекных зародах, то цяпер быў бы ён, можа, адным з найкультурнейшых народаў у сьвеце, дастойным таварышам у суполцы культурных нацый”.

Вось жа ня так усё склалася! Калі Аляксандар Цьвікевіч яшчэ ў 1925 годзе цьвердзіў: “Мы можам быць зусім спакойнымі за сваю будучыню”, то Францішак Аляхновіч ужо ў 1942-м бачыў у будучым паноптыкуме васковых фігураў аддзел “Савецкая інквізіцыя”. Паміж гэтымі гадамі ляжыць чорная паласа, калі сьвядома і мэтанакіравана вынішчалася нацыянальная эліта. На зьмешчаных у кнізе фотаздымках уражвае кантраст паміж сьветлымі абліччамі натхнёных сваёй гістарычнай місіяй прадстаўнікоў гэтай эліты і змрочнымі абліччамі вязьняў бальшавіцкіх турмаў, якія прайшлі ўсе кругі гулагаўскага пекла. У творах ахвяраў сталінскага таталітарызму мы знаходзім адказы на многія пытаньні.

Сама кніга “Расстраляная літаратура” мусіць стаць гістарычным дакумэнтам на будучым судовым працэсе, на якім будзе вынесены маральны вырак катам беларускай нацыі. Такімі ж дакумэнтамі стануць і асобныя тамы выбраных твораў дзясяткаў пісьменьнікаў, якія плянуецца выдаць у сэрыі “Беларускі кнігазбор”, і якія спадзяецца ўбачыць неўзабаве беларускі чытач.

Міхась ТЫЧЫНА
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG