Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заклікаў правесьці ў суботу саміт краінаў, закранутых газавым крызісам. Мядзьведзеў зрабіў гэтую заяву на сустрэчы з прэм’ер-міністрамі Баўгарыі, Малдовы і Славаччыны – трох краінаў, якія найбольш пацярпелі ад спыненьня паставак газу. Раней прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў Эўрапейскі Зьвяз аказаць большы ціск на Ўкраіну, каб яна аднавіла транзыт расейскага газу ў Эўропу.
Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу папярэдзіў Расею і Ўкраіну, што яны трацяць давер як бізнэс-партнэры і загразіў ім судовымі санкцыямі, калі пастаўкі газу не адновяцца ў бліжэйшы час.
Паводле некаторых расейскіх і міжнародных СМІ, Расея пагадзілася выдаць Украіне абмежаваныя аб’ёмы газу з умовай, што Ўкраіна адправіць столькі ж паліва са сваіх газасховішчаў у Эўропу. Гэтую схему, перш за ўсё, скарыстае Славаччына, а ў наступную чаргу — Малдова.
Адна з мэтаў — дэстабілізаваць унутранае палітычнае жыцьцё ва Ўкраіне ды палітычна актывізаваць тыя рэгіёны, якія асабліва чульлівыя да ўкраінска-расейскіх стасункаў
Растлумачыць, што насамрэч сталася — ніхто не бярэцца. Таму што абодва бакі, расейскі і ўкраінскі, абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні толькі што падпісанага пагадненьня аб аднаўленьні транзыту.
Паводле Кіева, расейцы пусьцілі газ ня ў тую трубу, што трэба. Украінцы цьвердзяць, што калі б падаваць расейскі газ у бок Малдовы, як зрабіў гэта “Газпром”, дык трэба было б спыніць унутраныя пастаўкі газу некалькім абласьцям ва ўсходняй Украіне. Украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў нават, што пускаючы газ у бок Малдовы, а ня Польшчы і Славаччыны, Расея хоча выклікаць сацыяльна-палітычныя ўзрушэньні ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, якія традыцыйна схіляюцца больш у бок Масквы, чым Кіеву:
„Гэтая атака, зробленая на Ўкраіну, мае некалькі мэтаў. Адна з мэтаў — дэстабілізаваць унутранае палітычнае жыцьцё ва Ўкраіне ды палітычна актывізаваць тыя рэгіёны, якія асабліва чульлівыя да ўкраінска-расейскіх стасункаў”.
“Газпром” адкідае гэткія абвінавачаньні.
Істотным пунктам расейска-ўкраінскага непаразуменьня зьяўляецца праблема гэтак званага “тэхналягічнага газу”, які патрэбны, каб падтрымаць адпаведны ціск у газатранспартнай сыстэме, каб яна правільна працавала. Кіеў лічыць, што паколькі няма назначанай цаны на расейскі газ для Украіны і, адпаведна, няма назначаных новых ставак за транзыт, то гэта “Газпром” павінен паставіць адпаведную колькасьць “тэхналягічнага газу” ва ўкраінскую трубу.
А Масква настойвае, што калі Кіеў ня хоча пампаваць “тэхналягічнага газу” са сваіх рэзэрваў, дык мусіць заплаціць за яго “Газпрому”. Гэта датычыць, як сёньня сказаў кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер, сумы 700 мільёнаў даляраў:
“Сёньня мы атрымалі ад “Нафтагазу Ўкраіны” праект пагадненьня аб умовах аднаўленьня транзыту расейскага газу праз украінскую тэрыторыю. Як адзіную ўмову адзнаўленьня транзыту ўкраінскі бок выстаўляе патрабаваньне аб перадачы “Газпромам” ва ўласнасьць “Нафтагазу Ўкраіны” 360 мільёнаў кубамэтраў газу ў студзені, 600 мільёнаў у лютым і 600 мільёнаў у сакавіку — без аплаты, гэта значыць, задарма. Нам прапануюць падараваць “Нафтагазу Ўкраіны” 700 мільёнаў даляраў”.
Мілер дадаў, што з увагі на спыненьне паставак расейскага газу ў Эўропу праз Украіну, Расея недаатрымала 1.1 мільярда даляраў як аплату за экспарт газу ў студзені. А расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што краіна ня можа сабе дазволіць страціць такую суму і будзе спаганяць яе з “даўжнікоў”.
Экспэрты не выключаюць, што расейска-ўкраінскі газавы канфлікт будзе працягвацца і тады, калі расейскі газ урэшце “праб’ецца” праз Украіну і трапіць да эўрапейскіх спажыўцоў.