Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абяцае аднавіць пастаўкі газу праз Украіну


Расея рыхтуецца аднавіць экспарт газу праз Украіну ў Эўропу ў аўторак а 10 гадзіне паводле менскага часу.


Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін паабяцаў, што “Газпром” адновіць спыненыя 7 студзеня пастаўкі газу ў Эўропу газатранспартнай сыстэмай Украіны пасьля таго, калі за транзытам расейскага газу пачне сачыць місія назіральнікаў.

Маскве і Кіеву сёньня ўдалося падпісаць пагадненьне аб аднаўленьні газавага транзыту праз Украіну, і выглядае, што гэтае пагадненьне задавальняе абодва бакі. Паводле Пуціна, які закрануў газавую тэму на сёньняшнім пасяджэньні расейскага ўраду, слова цяпер за Брусэлем:

Уладзімер Пуцін
“Цяпер гэты дакумэнт знаходзіцца на шляху ў Брусэль, дзе яго павінны падпісаць чыноўнікі Эўракамісіі. Пасьля гэтага, на месцы, акрэсьленыя ў гэтым дакумэнце, павінны прыехаць незалежныя назіральнікі, і пасьля таго, як яны апынуцца на месцах кантролю, і мы пераканаемся ў тым, што яны здольныя кантраляваць транзыт нашага газу, “Газпром” падасьць газ у газатранспартную сыстэму Ўкраіны для яго транзыту эўрапейскім спажыўцам”.

Яшчэ ўчора прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў назваў дакумэнт аб аднаўленьні транзыту, падпісаны расейскім і ўкраінскім бакамі пры пасярэдніцтве Эўразьвязу, “нікчэмным” і аб’явіў яго нядзейным.

Масква заявіла, што Кіеў падпісаў папярэдне ўзгоднены дакумэнт з агаворкамі, і што адна з гэтых агаворак тычылася дэклярацыі, якую нібыта Кіеў дамагаўся далучыць да дакумэнту. Паводле расейскіх СМІ, Украіна між іншым хацела, каб у гэтай дэклярацыі было пацьверджаньне, што Кіеў не адбіраў расейскага газу з транзытнай трубы.

У заключэньні транзытнага пагадненьня паміж Масквой і Кіевам актыўную ролю адгулялі палітыкі Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. Сёньня чэскі міністар прамысловасьці Марцін Рыман заявіў журналістам, што найноўшае пагадненьне здымае праблему як расейскіх, так і ўкраінскіх засьцярогаў:

Расея ня мае прычыны, каб не аднавіць паставак газу неадкладна
“У мяне ёсьць інфармацыя, што сёньня раніцай украінскі бок яшчэ раз падпісаў пратакол без дадаткаў. Так што цяпер расейскія ўмовы поўнасьцю задаволеныя, і Расея ня мае прычыны, каб не аднавіць паставак газу неадкладна”.

Чацьвёртая частка газу, які спажываецца краінамі Эўразьвязу, імпартуецца з Расеі. Калі няма перабояў, 80 адсоткаў гэтага газу ідзе з Расеі праз Украіну, яшчэ 20 – праз Беларусь. У сувязі са спыненьнем падачы газу ва ўкраінскую газатранспартную сыстэму, “Газпром” павялічыў транзыт газу праз Беларусь — з 80 000 да 117 000 кубамэтраў у суткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG