Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што хаваецца за ўсьмешкай Натальлі Пяткевіч?


Натальля Пяткевіч
Натальля Пяткевіч

9 студзеня Натальля Пяткевіч стала першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Ёй даручана ўзяць пад свой кантроль усю ідэалягічную працу ў краіне.

Галоўнае патрабаваньне Пяткевіч ад Лукашэнкі — “ніякага фармалізму, ніякай балбатні”. Кіраўнік краіны загадаў асаблівую ўвагу зьвярнуць на працу мэдыяў, бо “тут акрэсьліўся нейкі спад, калі не сказаць — застой, у асобных мэдыях”.

Паводле шэф-рэдактара “Народнай волі” Сьвятланы Калінкінай, спадарыня Пяткевіч ужо была прэс-сакратаром прэзыдэнта і фактычна кіравала ідэалёгіяй і мэдыямі ў дзяржаве.

“У мяне няма вялікіх надзей, што за гэтыя гады Натальля Ўладзіміраўна зьмяніла свой сьветапогляд і насамрэч усьвядоміла ролю свабодных СМІ для дзяржавы. Мяне вельмі насьцярожвае, што адны і тыя ж людзі апошнім часам прызначаюцца на тыя ці іншыя пасады. Вялікіх зьменаў ня будзе. Хто, да прыкладу, рыхтаваў закон аб СМІ, які ўступае ў сілу? Рыхтавала Натальля Пяткевіч. Хто наагул пачынаў кантроль над СМІ і ціск на іх? Хто ўводзіў сыстэму ўзгадненьня журналісцкіх матэрыялаў з адміністрацыяй прэзыдэнта? Хто ўводзіў сыстэму, як можна здымаць Аляксандра Лукашэнку і як нельга? Менавіта Натальля Пяткевіч. Усе, хто працаваў зь ёй як з прэс-сакратаром, кажуць, што больш жорсткага чалавека ў гэтым сэнсе, чым яна, не было. Першае, што яна павінна зрабіць, гэта ўгаварыць Лукашэнку прыпыніць дзеяньне закону аб СМІ”.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін мяркуе, што Натальля Пяткевіч цяпер у фаворы і што яе ўплыў у адміністрацыі вельмі вялікі:

“Яна адна з тых людзей, хто гаворыць з Эўразьвязам. Апошняе слова, аднак, за прэзыдэнтам. Ну, можа, Натальля Пяткевіч вельмі прыгожа выглядае ў перамовах з эўрапейцамі, але тое, што яна можа гаварыць, і той калідор, у якім яна знаходзіцца, ад яе не залежыць”.

Натальля Пяткевіч да прыкладу, сустракалася ў 2007 годзе ў адной зь менскіх кавярняў з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Дэйвідам Крэймэрам, які перадаў празь яе амэрыканскае пасланьне беларускаму кіраўніцтву.

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, у спадарыні Пяткевіч на Захадзе “імідж нібыта больш празаходняй”. Гэта паўплывала на яе прызначэньне.

“Прызначэньне Пяткевіч — з сэрыі дэманстрацыі новых падыходаў і новага іміджу. У складаных умовах, у якіх зараз апынаецца дзяржава і ўлада, зь яе іміджам унутраным у вачах беларускага народа, натуральна, тут аднымі ідэалягічнымі аддзеламі не абыдзесься. Калі ў людзей быў нармальны заробак, ім было чхаць на ідэалёгію. А калі зараз усё ў паніцы, рэзка ўзрос недавер да ўлады, павінны быць нейкія новыя падыходы”.

Колішні начальнік галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі вельмі зьдзіўлены, што Лукашэнка павысіў Натальлю Пяткевіч.

“Паміж двума гэтымі характарамі ня можа быць ніякага паразуменьня. Бо пры той агульнасьці, якую яны маюць, ёсьць шмат такога, што павінна было б выклікаць алергію”.

Адносна лібэралізму Натальлі Пяткевіч спадар Пласкавіцкі сказаў:

“У яе адукацыя для блізіру. Яна не чытае кнігі. Яна шмат чаго ня ведае наагул. Што яна ведае пра лібэралізм? Ну, тое, што часта кажуць па тэлебачаньні і ў газэтах пішуць”.



З 1994 году, калі Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Натальля Пяткевіч займала розныя пасады ў дзяржаўна-прававым упраўленьні Адміністрацыі. Маладую спэцыялістку заўважыў кіраўнік краіны, і Натальля Пяткевіч стала прэсавым сакратаром прэзыдэнта. А праз тры гады яе ўжо прызначылі намесьнікам кіраўніка адміністрацыі. Акрамя таго, яна абрана старшынёй Беларускага лыжнага саюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG