Тым часам як шматлікія беларускія грамадзяне апошнімі днямі імкнуліся пазбавіцца ад беларускіх грошай і набыць на іх каштоўныя рэчы, у працаўнікоў аршанскага мясакамбінату клопат быў іншы. Замест грошай у апошні заробак ім выдалі па тры скрыні кансэрваў, прычым адміністрацыя прымусіла ўсіх работнікаў напісаць заявы, што яны самі пра гэта просяць.
Адміністрацыя прымусіла ўсіх работнікаў напісаць заявы, што яны самі пра гэта просяць
Спадар Анатоль, які працуе ў кансэрвавым цэху, вымушаны прадаваць кансэрвы суседзям і знаёмым, каб мець жывыя грошы, але зрабіць гэта па тых коштах, якія налічыў мясакамбінат, сёньня немагчыма:
“Замест заробкаў — а яны й так невялікія, 400—500 тысяч — далі тушонку. Грошай жа на прадпрыемстве няма, бо трэба і падаткі, і за электраэнэргію плаціць. Дык самае цікавае, што тушонку далі ўжо па новых коштах — па 9.000 і па 9.200, хаця ў краме яна яшчэ 7.000 каштуе. А прадаецца яна толькі па 3.500, бо яе ня любіць ніхто. Калі я магу яе толькі за 3.500 прадаць, а па 9.200 даводзіцца плаціць, дык гэта проста сьмешна!”
Адно, што дазволена — гэта выбіраць гатунак кансэрваў