“Дадзена даручэньне кіраўнікам цэнтрабанкаў абедзьвюх краін прапрацаваць гэтае пытаньне, але канчаткова рашэньне яшчэ не прынятае”, — адзначыў прадстаўнік Крамля.
Пасьля вяртаньня з Масквы Аляксандар Лукашэнка заявіў журналістам: расейскі бок пацьвердзіў, што ў лютым Расея выдзеліць Беларусі другі транш крэдыту для падтрымкі і стабілізацыі беларускага рубля. Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў падкрэсьлівае: кіраўнік Беларусі не дагаворвае істотных рэчаў:
“Лукашэнка быццам ня чуе пра тое, што ўмовай выдачы другога траншу ёсьць падпісаньне Мэмарандуму, які не падпісалі пры выдачы першага траншу”.
Палітоляг Суздальцаў тлумачыць:
“Мэмарандум падрыхтавалі яшчэ да першага траншу. І ён уключае ў сябе шэраг грунтоўных момантаў. У прыватнасьці, роўныя правы расейскага бізнэсу на беларускім рынку, удзел расейскага бізнэсу на роўных правах у прыватызацыі аб'ектаў і вытворчых актываў і г.д. А так атрымліваецца, што беларуская эканоміка была выратаваная ў 90-я гады з дапамогай Расеі. А цяпер яе пасьпяхова прыватызуюць хто заўгодна (туркі, аўстрыйцы і г.д.), акрамя расейцаў”.
Расея таксама прапаноўвае перайсьці ў разьліках зь Беларусьсю (спачатку за энэрганосьбіты) з традыцыйных амэрыканскіх даляраў на расейскія рублі. Дык, можа, ёсьць сэнс прасіць другі транш не ў далярах, а ў рублях? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да віцэ-прэм'ера беларускага ўраду Андрэя Кабякова, калі ён пасьля выступу ў Нацыянальным сходзе 28 лістапада размаўляў з журналістамі:
“Чым бліжэй будзе гэтая дата, тым больш прадметна можна будзе гэта абмяркоўваць. Ёсьць станоўчыя і адмоўныя бакі ў любым з гэтых рашэньняў. Важна галоўнае, а менавіта — што крэдыт павінен быць. Уласна кажучы, з гэтага трэба зыходзіць”.
Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец лічыць: падобныя рэчы ўзьнікаюць з-за таго, што беларуска-расейскія дачыненьні будуюцца не на празрыстай, транспарэнтнай падставе:
“І таму атрымліваецца, што нават калі нейкія пагадненьні падпісваюцца, то іх дэталі не становяцца вядомымі грамадзкасьці. Адсюль і такія асацыяцыі. Відавочна, што Расея хоча атрымліваць канкрэтныя выгады ад сваёй падтрымкі Беларусі, ад крэдытаў, якія яна дае. Яна ставіць усё больш і больш умоваў, канкрэтных умоваў. І бачна, што беларускае кіраўніцтва не заўсёды гатовае выконваць усё, што ад яго чакае Расея. Таму і адбываюцца такія выкіды інфармацыі, а часам нават і скандальныя сытуацыі”.
Дамова пра выдзяленьне Беларусі цягам 2008—2009 гадоў двухмільярднага расейскага крэдыту была падпісаная ў Маскве 13 лістапада. Першы транш тады Беларусь атрымала ўжо 18 лістапада.