Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Герой працы” спыніўся


Ад сёньняшняга дня спыніла вытворчасьць акцыянэрнае таварыства “Добруская папяровая фабрыка “Герой працы”. Калектыў прадпрыемства, акрамя дзяжурных службаў, сыходзіць у адпачынак.


Распавядае адна з работніц фабрыкі:

“У водпускі ідзем. У каго які ёсьць водпуск, той ідзе. У мяне была частка адпачынку, дык я доўг забіраю. Увогуле, па-рознаму — як жадае працаўнік і што ў каго ёсьць”.

На фабрыцы цяпер працуе амаль 1200 чалавек. Нявыкарыстаны адпачынак альбо частку яго мае прыкладна траціна калектыву. Астатнія пойдуць у вымушаны адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацінаў заробку — з разьліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў.

Калядна-навагоднія вакацыі “Героя працы” распачатыя не ад добрага жыцьця. Да гэтага спрычыніўся фінансавы крызіс, які істотна паўплываў на збыт папяровай прадукцыі.

Намесьніца генэральнага дырэктара фабрыкі ў пытаньнях эканомікі Тацьцяна Цьвердакова так патлумачыла нашаму радыё сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве:

Спыняемся: няма спажыўцоў
“Спыняемся: няма спажыўцоў. На склад ня можам класьці прадукцыю, бо замарожваюцца абаротныя сродкі і ўсё іншае. Мы на экспарт адгружалі прадукцыю ва Ўкраіну й Расею. Цяпер Украіна адмовілася ад нашай прадукцыі ў сувязі з абвалам курсу грыўны. А Расея — яны ж таксама на калядныя канікулы сыходзяць”.

Як стала вядома, адпачынкі й вакацыі будуць цягнуцца на папяровай фабрыцы да 12 студзеня новага году. Аднак ніхто не бярэцца цяпер прагназаваць, як зьменіцца сытуацыя да таго часу.

Папяровая фабрыка ў Добрушы заснаваная яшчэ ў 1870 годзе. Гэта горадаўтваральнае прадпрыемства, якое дае асноўную частку паступленьняў у мясцовы бюджэт. Сярод прадукцыі — школьныя й агульныя сшыткі, блякноты, папера для пісьма, маляваньня й чарчэньня.

Тут асвоена тэхналёгія вырабу паперы з адкідаў вытворчасьці “тэтра-пак” і лямінаванага кардону.

Сёлета фабрыка пачала выпускаць прадукцыю з тэрмапаперы, у тым ліку паперу для факсаў, стужкі для тэрміналаў і банкаматаў.

Два гады таму 130 рабочых і спэцыялістаў “Героя працы” напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Працаўнікоў не задавальнялі ўзровень заробкаў, умовы працы, забесьпячэньне спэцвопраткай, а таксама абыякавае стаўленьне прафсаюзу да праблемаў рабочых.

Канфлікт удалося залагодзіць шэрагам саступак калектыву й абяцаньнем перайсьці на выпуск прадукцыі не з дарагой расейскай цэлюлёзы, а з айчыннай макулятуры — каб выходзіць на рынкі суседніх краінаў з прывабнымі коштамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG