Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці шчыры Лукашэнка?


У інтэрвію афіцыйным мэдыям Аляксандар Лукашэнка паабяцаў зрабіць шэраг захадаў па дэбюракратызацыі і лібэралізацы ўсяго жыцьця ў краіне. Як успрынялі новую стратэгію кіраўніка Беларусі ў дэмакратычнай апазыцыі?


Новая стратэгія Аляксандра Лукашэнкі пакуль складаецца зь лёзунгаў:

“Трэба даць свабодна разьвівацца эканоміцы. Не павінна быць залішняга адміністрацыйнага ціску на эканоміку. Давайце дадзім людзям свабодна працаваць! Трэба даць магчымасьць людзям свабодна рэгістраваць сваё прадпрыемства, сваю справу. Даць ім спакойна працаваць. Людзей трэба паступова разьнявольваць. Трэба даць чалавеку свабоду”. Таксама А. Лукашэнка заклікаў лібэралізаваць адносіны з апазыцыяй і апазыцыйнымі СМІ. Ён паабяцаў паводзіць сябе цывілізавана і з прадпрымальнікамі, і з апазыцыяй, і ў цэлым з грамадзтвам.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што ня верыць у шчырасьць гэтых заяваў:

Вінцук Вячорка
“Сутнасьць Лукашэнкі не мяняецца. Для яго галоўнае — утрымліваць сваю ўладу, дзеля чаго ён гатовы прадаць усё што заўгодна.
Лукашэнка займаецца продажам, найперш Захаду, новай сваёй рыторыкі
Цяпер ён займаецца продажам, найперш Захаду, новай сваёй рыторыкі. І мы памятаем, што калісьці слова „незалежнасьць“ не пралазіла яму праз глотку. Потым ён навучыўся вымаўляць гэтае слова, укладаючы ў яго, аднак, зусім нешта іншае, чым па-нармальнаму належала б чакаць. Тое самае з гэтымі безупыннымі паўторамі слова „лібэралізацыя“. І калі ў галіне эканомікі ён пад ціскам маладзейшых ваўкоў будзе дазваляць ім пакрысе пераводзіць уладу ва ўласнасьць, дык тое, што тычыцца грамадзка-палітычных правоў і свабодаў, а таксама эканамічных правоў і свабодаў магчымай сярэдняй клясы, — тут усё будзе як раней”.

Анатоль Лябедзька
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што трэба рэагаваць не на словы, а на канкрэтныя дзеяньні. Ён нагадаў, што днямі ў адміністрацыю накіравана антыкрызысная праграма экспэртаў АДС, а таксама праект закону аб зьменах у выбарчае заканадаўства. Спадар Лябедзька заклікаў да рэалізацыі гэтых прапаноў.

“Калі ласка: пацьвярджайце рэальнымі дзеяньнямі. Давайце будзем рэалізоўваць на практыцы гэты законапраект. І тады ўсё стане на месцы. І тады будзе давер да словаў, і тады будзе канструктыўнае супрацоўніцтва, і краіна будзе ісьці наперад. Пакуль мяняецца рыторыка”.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, пакуль няма чаго аналізаваць, бо сказанага Аляксандрам Лукашэнкам вельмі мала для таго, каб адбыліся рэальныя зьмены ў эканоміцы. Трэба дачакацца адмысловых указаў.

Леанід Злотнікаў
Да прыкладу, Лукашэнка заявіў, што трэба “дзяржаўныя прадпрыемствы на гэтым этапе разьняволіць, хаця б да ўзроўню прыватнага. У нас прыватныя прадпрыемствы вольныя”. Спадар Злотнікаў адзначыў:

“Ня дай Бог, каб яны давялі да стану прыватнага прадпрыемства. Калі гэтае прыватнае прадпрыемства павінна мець масу дазволаў, ліцэнзій. Каб стварыць прадпрыемства, прыватнаму ўласьніку трэба хадзіць недзе год. І мець грошы, сувязі, энэргію, цярпеньне. І потым, каб яму працаваць, усім трэба кланяцца. Гэта мукі. І калі дзяржаўнае прадпрыемства правераць кантралёры і знойдуць нешта такое, то неяк скрозь пальцы глядзяць. А прыватнае прадпрыемства не шкадуюць”.

Зьміцер Дашкевіч
Лідэр арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што абвешчаная лібэралізацыя — насамрэч гульня. Бо яна павінна прывесьці да свабодных выбараў, што небясьпечна для Лукашэнкі.

“Таму гэтая лібэралізацыя будзе ісьці толькі пэўны час, больш ці менш пасьпяхова. І ў той момант, калі Лукашэнка зразумее, што ўлада пад ім хістаецца, яна будзе спынена і гайкі будуць закручаныя яшчэ мацней”.

Нагадаем, учора Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі афіцыйных мэдыяў — трох тэлеканалаў, інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА і газэты “Советская Белоруссія”. Кіраўнік краіны абвясьціў пра дэбюракратызацыю і лібэралізацыю ўсяго жыцьця ў краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG