"Трэба спыніць бюракратычныя зьдзекі з эканомікі. Не павінна быць засільля бюракратыі ў гэты пэрыяд, калі вакол шугае фінансава-эканамічны крызыс. Не павінна быць залішняга адміністрацыйнага націску на эканоміку, неабходна лібэралізаваць усе гэтыя працэсы і даць магчымасьць людзям спакойна працаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Мы павінны разьняволіць дзяржаўныя прадпрыемствы да ўзроўню прыватных", — падкрэсьліў Лукашэнка, дадаючы, што дзяржава гатовая пайсьці з тых сфэраў, дзе ня можа быць эфэктыўнага дзяржаўнага кіраваньня.
Лукашэнка адзначыў, што ён падпісаў важныя дакумэнты, якія датычаць лібэралізацыі эканомікі, і што ў бліжэйшы час яны будуць апублікаваныя.
Гаворачы пра апошняе паніжэньне заробкаў бюджэтнікам на 15 адсоткаў, прэзыдэнт растлумачыў, што насамрэч адбылося павышэньне на 5 адсоткаў.
„Сёньня, як гэта ні дзіўна гучыць, галоўнае не зарплата, а стабільнасьць рубля, фінансавай сыстэмы, а значыць, і эканомікі” — дадаў Лукашэнка, тлумачачы, што людзі, маючы зашмат беларускіх грошай, пачнуць скупляць даляры, а калі даляраў ня хопіць, нават тых зь меркаванага крэдыту ад МВФ, дык пачнецца „ажыятаж”.
Што да міжнароднай палітыкі, то тут Лукашэнка выказаў меркаваньне, што Беларусь усім ходам свайго разьвіцьця заслужыла на вядучую ролю ў сыстэме міжнародных адносін.