Пра гэта “Свабодзе” паведаміў грамадзкі актывіст Мікалай Чарнавус.
Больш як 400 гандляроў з усіх рынкаў Баранавічаў былі выкліканыя ў гарвыканкам на вучобу-нараду з удзелам прадстаўнікоў гарвыканкама, падатковай інспэкцыі, санітарнай службы і мытні. У 15 гадзін 30 мінут чыноўнікі спынілі афіцыйную сустрэчу. Гаворыць Мікалай Чарнавус:
“Калі мы пачалі задаваць пытаньні, то нас выгналі з залі. Начальнік упраўленьня эканомікі Раіса Валасовіч выклікала міліцыю. Выгналі нас усіх. Стаім цяпер на вуліцы. Усе 400 чалавек. Падпісваем цяпер рэзалюцыю да Лукашэнкі”.
У рэзалюцыі стыхійнага мітынгу баранавіцкія прадпрымальнікі патрабуюць працягнуць і надалей працу з выплатай за ўвезены ў краіну тавар фіксаванага падатку на дадатковую вартасьць. Калі гэта ня будзе зроблена да 28 сьнежня — апошняга дня разьлікаў па падатках — прадпрымальнікі заяўляюць, што з Новага году распачнуць бестэрміновы страйк.