Акцыя падтрымкі насупраць суду
Гаворыць праваабаронца Кацярына Садоўская
Гаворыць Аляксандар Казулін
16:34 Судзьдзя зачытвае прысуд — год абемжаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленчую ўстанову.
12:50 Старшы памочнік Пракурора Цэнтральнага раёну спадар Ціхавец папрасіў пакараць Аляксандр Баразенку абмежаваньнем волі на паўтары гады без накіраваньня у спэцкамэндатуру. Нагадаем, што большасьць фігурантаў справы 14-ці ўжо пакараныя менавіта такім абмежаваньнем волі.
Адвакат Павал Сапелка папрасіў суд справу супраць Баразенкі спыніць з-за адсутнасьцю складу злачынства. Сам Аляксандар Баразенка ў сваім апошнім слове заявіў, што ягоны ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў -- гэта быў асэнсаваны выбар. Гэта было гарантавана Канстытуцыяй, пра крымінальную справу супраць сабе ён даведаўся з Інтэрнэту. Аляксандар добраахвотна прыйшоў да сьледчых, і толькі таму пачаўся працэс над ім. Баразенка заявіў, што не лічыць сябе вінаватым і папрасіў яго апраўдаць.
12:15 Паседжаньне аднавілася. Пракурор папрасіў паўтары гады абмежаваньня волі для Аляксандра Баразенкі.
11:50 Каля 15 чалавек, паплечнікаў Аляксандра Баразенкі праводзяць пікет з другога боку праезжай часткі, па вуліцы Кірава, куды выходзяць вокны суду. Яны трымаюць расьцяжку “Свабоду Баразенку” і бел-чырвона-белы сьцяг. Актывісты няспынна крычаць лёзунгі -- “Свабоду палітвязьням”, “Жыве Беларусь”, “Уладу –народу, моладзі – свабоду”. “Рэжым адстой, Алесь –мы з табой”
11:40 На працэсе аб’яўлены кароткі перапынак.
Пасьля таго як сваякі Аляксандра Баразенкі схадзілі да старшыні суду і запатрабавалі выдаліць з судовай залі невядомых людзей, якіх прыводзяць на суд -- старшыня суду аддаў распараджэньне ўсім пакінуць судовую залю. У выніку паседжаньне пачалося са спазьненьнем, але з актывістаў БРСМ засталося каля 10 чалавек, якія сядзелі на задніх шэрагах. Астатняе месца былі занятыя журналістамі, дыпляматамі, праваабаронцамі, палітыкамі, сярод якіх Аляксандар Казулін і Аляксандр Мілінкевіч. У судовай залі было вельмі добра відаць пікет моладзевых актывістаў і чуваць іхняе скандаваньне. Аляксандар Баразенка трымаўся бадзёра. Сьведчаньні міліцыянтаў часам выклікалі сьмех у судовай залі. Прадстаўнікі прадпрыемстваў маршрутных таксі адмовіліся ад ранейшых паказаньняў і казалі на судзе, што ніякіх стратаў не панесьлі.
11:30 Пачалі агляд пісьмовых матэрыялаў справы. Пасьля гэтага будуць судовыя спрэчкі
11:10 Моладзь, салідарная з Аляксандрам Баразенкам, пачала пікет каля будынка суду. Яны разгарнулі расьцяжку "Свабоду Баразенкі" і скандуюць "Уладу - народу, моладзі - свабоду!"
10:40 У судзе пачалі праглядаць відэа падзей 10 студзеня 2008.
10:20 Суд пагадзіўся дапытаць у якасьці сьведкі аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Ігара Ледніка.
9:50 Пачалося судовае паседжаньне. У судовай залі знаходзяцца сваякі Аляксандра, а таксама палітыкі Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Зараз ідзе допыт сьведак.
9:40 У адказ на скаргу сваякоў Аляксандра Баразенкі, судзьдзя Натальля Вайцэхоўская папрасіла ўсіх прысутных у судовай залі, у тым ліку і невядомых людзей спартыўнага выгляду, пакінуць яе. Паседжаньне яшчэ не пачалося.
9:20 У судовую залю, яшчэ да таго як людзей прапусьцілі ў будынак суду, каб прысутнічаць на паседжаньні ў справе Баразенкі, спэцназаўцы прывялі каля двух дзясяткаў людзей спартыўнага выгляду.
Сваякі Аляксандра Баразенкі падалі скаргу старшыні суду на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія адмыслова зноў запоўнілі ўсе вольныя месцы ў судовай залі, каб на судовым паседжаньні не змаглі прысутнічаць прадстаўнікі замежных амбасадаў і АБСЭ, журналісты і паплечнікі Аляксандра Баразенкі.
***
Сёньня а 9:30 працяг паседжаньня суду над Аляксандрам Баразенкам, апошнім фігурантам у “справе 14-ці”.
Аляксандра Баразенку абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта пацягнулі за сабой масавыя беспарадкі падчас студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў. Ад 27 кастрычніка яго трымаюць пад вартай.
Учора ў суд Цэнтральнага раёну Менску прыйшлі дзясяткі прыхільнікаў дэмакратычнага руху, прадстаўнікі амбасадаў і АБСЭ. Залю судовага паседжаньня запоўнілі студэнтамі БАТУ. Павдле допісу ў камэнтарах нашага сайту мужчына, які прывёў студэнтаў, не дазваляў ім пакідаць судовую залю, абражаў маці Аляксандра Баразенкі і журналістаў сакратар Мінскага ГК КПБ, галоўны спэцыяліст БРСМ Цэнтральнага раёну Ўладзімер Цюхай.
Першы дзень суду над Баразенкам
Акупаваны суд
Суд над Аляксандрам Баразенкам. Дзень першы .ФОТАГАЛЕРЭЯ