У 1920 годзе, у такі ж восеньскі час, як зараз, слуцкія паўстанцы займалі лінію фронту супраць Чырвонай арміі. Даўжыня акопнай абароны — 110 кілямэтраў. Ад Слуцку — да вёскі Грозава і мястэчка Семежава, таксама празь вёску Вызна (цяпер Чырвоная Слабада), што на Салігоршчыне.
У 1990-я тут былі ўшанаваныя месцы пахаваньняў слуцкіх змагароў. І вось сёньня да высокіх крыжоў удзельнікі вандроўкі паклалі жывыя кветкі, запалілі зьнічкі. Пасьля хвіліны маўчаньня прагучалі песьні паўстанцаў і гімн “Магутны Божа”.
Па дазвол на сёньняшнюю вандроўку ў Менаблвыканкам загадзя зьвярнуліся сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Чыноўнікі, аднак, дазволілі акцыю толькі КХП БНФ. У адпаведнасьці з гэтым паміж 15:30 і 16:30 адбыўся мэмарыяльны мітынг у гонар Слуцкага збройнага чыну ля будынку Слуцкага краязнаўчага музэю.
Другая група рушыла на свой страх і рызыку. І вось як камэнтуе некаторыя асаблівасьці гэтай вандроўкі старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч:
“На ўсім маршруце нас пільнавалі міліцыянты. Суправаджалі так званыя “бобікі” і “варанкі”. Даводзілася папярэджваць, што мы не парушаем заканадаўства, прытрымліваемся правілаў экскурсійнага наведваньня гістарычных мясьцінаў сваёй Бацькаўшчыны. Таму спрэчак зь міліцыянтамі і кадэбістамі практычна не было”.
На маршруце вандроўкі яе ўдзельнікі зь цікавасьцю слухалі кандыдата гістарычных навук і аўтара кніжкі “Беларусь мяцежная” Ніну Стужынскую. Яна нагадала, што ў брыгадзе паўстанцаў былі два баявыя палкі — Слуцкі і Грозаўскі. Вайсковыя падразьдзяленьні былі сфармаваныя ўсяго за некалькі дзён. Ахвотнікаў прыйшло больш як пяць тысяч, пераважна маладыя сяляне да 30 гадоў. Камандзіры былі прызначаныя на зьезьдзе Случчыны, які адбыўся 14—15 лістапада ў Слуцку. У большасьці гэта былі афіцэры з арміі Булак-Балаховіча. Старэйшых паводле званьня адрозьнівалі бел-чырвона-белыя нашыўкі і герб “Пагоня”.
Па словах Ніны Стужынскай, Слуцкае паўстаньне стала своеасаблівай кульмінацыяй сялянскай антысавецкай вайны на Беларусі:
“Гэты быў калясальны нацыянальны праект, які меў за мэту здабыць для Беларусі незалежнасьць. У той час Расея і Польшча вялі вайну. Тэрыторыя Беларусі была для іх у якасьці разьменнай манэты. На тле гэтага ўздымалася хваля абуджанай нацыянальнай сьвядомасьці. Узьнікалі аб’яднаньні рупліўцаў беларускай справы: “Вясковая зорка”, “Полымя”, “Бацькаўшчына”. Яшчэ ў 1918 годзе пачаў дзейнічаць Нацыянальны камітэт Случчыны. У лістападзе-сьнежні 1920 году беларусы сьвядома змагаліся супраць непажаданай акупацыі з Усходу”.
Ніна Стужынская паведаміла ўдзельнікам вандроўкі на Случчыну, што ўжо цяпер рыхтуецца даведнік падарожніка па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну. Тапаграфія разьмяшчэньня баявых фармаваньняў паўстанцаў, сьпісы ўдзельнікаў, крыніцы тылавога забесьпячэньня і іншыя вынікі гістарычных пошукаў будуць выдадзеныя да 90-годзьдзя Слуцкага збройнага чыну.